Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муж Бондаравай расказаў блогеру Андрэю Павуку, за што яе пасадзілі на 13 сутак


Вольга Бондарава
Вольга Бондарава

Даносчыца Вольга Бондарава, якая пакараная 13 суткамі арышту, знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Пра гэта яе муж Аляксандар паведаміў блогеру Андрэю Павуку, калі той патэлефанаваў яму пад выглядам аднадумца Вольгі.

Андрэй Павук выклаў відэа сваёй размовы ў Youtube.

Муж Бондаравай сказаў, што паводле адваката, яе пакаралі па «экстрэмісцкім» артыкуле:

«Нешта перапосьціла ці што. Хутчэй за ўсё гэта было сплянавана. Трэба было пасадзіць яе адмыслова, яны лавілі яе, кантралявалі», — кажа Аляксандр.

На яго думку, Вольгу Бондараву падставілі.

«А што зробіш, калі ўсё зафіксавана — распаўсюджваньне экстрэмісцкіх каналаў», — дадаў ён.

Пісаць скаргі, з ягоных слоў, бессэнсоўна, бо «ўсіх шчэмяць».

Тэлеграм-канал актывісткі перастаў абнаўляцца 26 сакавіка, а цяпер прыйшло пацьверджаньне арышту.

У судзе Маскоўскага раёну Менску, куды журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў як звычайны грамадзянін, пацьвердзілі, што Вольга Бондарава ўжо пад арыштам.

«Судовае паседжаньне было 26-га дня, прызначана пакараньне 13 содняў адміністрацыйнага арышту», — паведаміла сакратарка канцылярыі ў справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях суду.

Яна адмовілася сказаць, за якое менавіта парушэньне судзілі прарасейскую актывістку, спаслаўшыся на судовую тайну.

Пра арышт Бондаравай паведаміў канал «Православное сопротивление Великой, Малой и Белой Руси», аднадумцы актывісткі. Праз 11 хвілін допіс выдалілі, але яго пасьпелі заўважыць іншыя карыстальнікі.

Чым вядомая Вольга Бондарава

  • Летам 2023 году прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Горадзенскі гарвыканкам прыбраць са сьпісу знакавых для гораду людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэме беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасьля і Тадэвуша Касьцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расеі». Абедзьве згадкі зьніклі з сайту ЦБС праз пару дзён.
  • 11 ліпеня 2023 году з тэрыторыі горадзенскага чыгуначнага вакзалу прыбралі памятны знак паўстанцам 1863 году, які быў там 30 гадоў. Яго замянілі на памятную табліцу савецкім партызанам. Тады Бондарава таксама хвалілася, што спрычынілася да зьнікненьня знака. Пазьней стала вядома, што памятны знак дэмантавалі супрацоўнікі Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, а горадзенскія чыноўнікі сьцьвярджалі, што нічога пра гэта ня ведаюць.
  • Шэраг дзеячоў апазыцыі і затрыманых за камэнтары беларусаў адзначалі, што іх арыштоўвалі, затрымлівалі або яны вымушаныя былі пакінуць Беларусь менавіта пасьля даносаў Бондаравай.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG