Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Другое прышэсьце» Юрыя Караева. Аналіз Валера Карбалевіча


Юры Караеў на пасадзе міністра ўнутраных справаў Беларусі падчас паседжаньня Палаты прадстаўнікоў, Менск, 5 траўня 2020 году
Юры Караеў на пасадзе міністра ўнутраных справаў Беларусі падчас паседжаньня Палаты прадстаўнікоў, Менск, 5 траўня 2020 году

Кампанія па прызначэньні на кіроўныя пасады сілавікоў спынілася ў 2024 годзе. Цяперашняе прызначэньне кіраўніком Гарадзенскай вобласьці экс-міністра МУС Юрыя Караева ідзе насуперак гэтай тэндэнцыі. Наўрад ці кадравае рашэньне зьяўляецца зломам трэнду, аднак у пэўным сэнсе яго можна лічыць знакавым.

Сьцісла:

  • Адстаўка Юрыя Караева з пасады міністра МУС у 2020 годзе была апалай, сьведчаньнем сур’ёзных рознагалосьсяў у тагачасным ваенна-палітычным кіраўніцтве Беларусі.
  • Юрый Караеў цягам пяці гадоў рэгулярна нешта камэнтаваў на дзяржаўных тэлеканалах, дэманстраваў адданасьць і ляяльнасьць. У выніку выплыў, быў рэабілітаваны.
  • Гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён даволі часта адпраўляе чыноўніка ў адстаўку і сочыць, глядзіць на ягоныя паводзіны. Калі чалавек не выказвае незадаволеньня дзесьці ў кулюарах, цярпліва чакае, то можа разьлічваць на вяртаньне ў кіроўную абойму.
  • Выканаўчасьць і дысцыплінаванасьць, жорсткасьць, а яшчэ палітычная ляяльнасьць — гэта галоўныя якасьці, якія запатрабаваныя сёньня ў беларускім дзяржапараце.

Пасьля прызначэньня ў новым урадзе зьявіліся дзьве вакансіі кіраўнікоў рэгіёнаў. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімер Каранік стаў віцэ-прэм’ерам, а кіраўнік Менскай вобласьці Аляксандр Турчын заняў пасаду прэм’ер-мінстра.

Цяпер вакансіі запоўненыя. Міністар энэргетыкі Аляксей Кушнарэнка прызначаны старшынёй Менскага аблвыканкаму. Гэта не павышэньне і не паніжэньне, а, хутчэй, перамяшчэньне па гарызанталі.

А вось пра фігуру Юрыя Караева, які прызначаны кіраўніком Гарадзенскай вобласьці, хацелася б пагаварыць больш дэталёва.

Кампанія па прызначэньні на кіроўныя пасады сілавікоў спынілася ў 2024 годзе. Да кіраваньня асноўнымі дзяржаўнымі інстытуцыямі пачалі прыходзіць, так бы мовіць, цывільныя асобы. Гэта тычыцца новага кіраўніцтва адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі (Дзьмітрый Круты, Натальля Пяткевіч), МЗС (Максім Рыжанкоў), чальцоў ураду.

Гэтае кадравае рашэньне ў пэўным сэнсе можна лічыць знакавым

Цяперашняе прызначэньне генэрал-лейтэнанта міліцыі, былога камандуючага ўнутранымі войскамі, экс-мінстра МУС Юрыя Караева ідзе насуперак гэтай тэндэнцыі. Наўрад ці гэтае кадравае рашэньне зьяўляецца зломам трэнду, аднак у пэўным сэнсе яго можна лічыць знакавым.

Нагадаю, што Юрый Караеў быў міністрам унутраных спраў у самыя гарачыя дні масавых пратэстаў у Беларусі. Ён кіраваў разгонам дэманстрацый, арыштамі і зьбіцьцём людзей, быў галоўнай апорай Лукашэнкі, асноўным караючым мячом рэжыму, палымяна абражаў пратэстуючы народ.

Зь іншага боку, на 4-ы дзень пратэстаў, пад ціскам фактаў у мэдыях і сацыяльных сетках Караеў быў вымушаны прызнаць, што супрацоўнікі МУС маглі наносіць траўмы выпадковым людзям, і заявіў:

«За гэтых людзей, тых, каму дасталася, за гэта, як зараз кажуць, гвалт, я як камандзір, як начальнік павінен узяць гэтую адказнасьць на сябе. І папрасіць прабачэньня чыста па-чалавечы перад гэтымі людзьмі».

А потым Караеў неяк зьнік з інфармацыйнага экрану. 28 кастрычніка 2020 году нарэшце ён зьявіўся на публіцы, выступіў з вельмі жорсткімі заявамі на адрас пратэстоўцаў. Відавочна, сыходзіць у адстаўку ён не зьбіраўся.

А ўжо 29 кастрычніка міністар унутраных спраў Юрый Караеў і сакратар Рады бясьпекі Валерый Вакульчык былі зьнятыя са сваіх пасадаў. Першага адпраўляюць памочнікам прэзыдэнта па Гарадзенскай вобласьці, другога — на такую ж пасаду ў Берасьцейскай вобласьці.

Тады шмат хто ў незалежных мэдыях камэнтаваў гэтыя кадравыя пературбацыі так, што, маўляў, Лукашэнка ўмацоўвае сілавікамі кіраўніцтва рэгіёнаў, бо не давярае старшыням аблвыканкамаў.

Насамрэч гэта была апала. Генэралаў адправілі ў ссылку. Была інфармацыя, што Вакульчык пацярпеў з-за таго, што выступіў супраць жорсткіх мэтадаў задушэньня пратэсту, прапаноўваў шукаць кампраміс. Таму яго спачатку зьнялі з пасады старшыні КДБ, а потым — сакратара Рады бясьпекі.

Чым правініўся перад Лукашэнкам Караеў, невядома. Але відавочна, што ягоная адстаўка — ёсьць сьведчаньне сур’ёзных рознагалосьсяў у тагачасным ваенна-палітычным кіраўніцтве Беларусі, моцнага браджэньне ў сілавых структурах. Бо ў такі крытычны момант ператрус у праваахоўных органах не робяць, ключавых фігур сілавога блёку не мяняюць.

Лукашэнка не мог проста выкінуць з абоймы кіраўнікоў сілавых органаў

Тым ня менш, што важна заўважыць: апала двух кіраўнікоў была ганаровая, іх новыя пасады — такі своеасаблівы «залаты парашут». Прычым адначасова з адстаўкай Караеву было прысвоена званьне генэрал-лейтэнанта міліцыі. Прызначэньне адстаўнікоў інспэктарамі ў рэгіёны азначала, што Лукашэнка не мог тады проста выкінуць з абоймы кіраўнікоў сілавых органаў, бо гэта нэгатыўна паўплывала б на настрой іншых генэралаў і афіцэраў. А ў момант крызісу Лукашэнка моцна залежаў ад сілавікоў. Таму ён праяўляў асьцярожнасьць. У выніку давялося сьцяліць саломку — генэралам знайшлі пасады фармальна высокія, а фактычна пустыя.

Валеры Вакульчык дасюль зьяўляецца памочнікам прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці, амаль не сьвеціцца на інфармацыйным экране і, здаецца, ужо ні на што не прэтэндуе.

А вось Юрый Караеў выкарабкаўся. Ён рэгулярна нешта камэнтаваў на дзяржаўных тэлеканалах, дэманстраваў адданасьць і ляяльнасьць. У выніку выплыў, здарылася ягонае «другое прышэсьце».

Дарэчы, гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён даволі часта практыкуе такую мэтоду: адпраўляе чыноўніка ў адстаўку, ссылку і сочыць, глядзіць на паводзіны. Калі чалавек паводзіць сябе ціха, не выказвае незадаволеньня дзесьці ў кулюарах, цярпліва чакае, то можа разьлічваць на вяртаньне ў кіроўную абойму.

Прыкладаў шмат. Міхаіл Мясьніковіч у свой час быў адпраўлены ў ссылку кіраваць Акадэміяй навук. А праз дзевяць гадоў прызначаны на пасаду прэм’ер-міністра. Пятро Пракоповіч пасьля скандальна няўдалага кіраваньня Нацбанкам праз нейкі час стаў віцэ-прэм’ерам. Натальля Пяткевіч два разы трапляла ў апалу, нават пажыла нейкі час за межамі Беларусі, а потым Лукашэнка яе вярнуў на ранейшую пасаду намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі.

Прызначаючы Караева кіраўніком Гарадзенскай вобласьці, Лукашэнка адзначыў:

«Я ведаю вас як чалавека выканаўчага і дысцыплінаванага. Калі трэба, значыць, трэба, гэта павінна быць зроблена… Парадак і дысцыпліну вы трымаеце там, вы ведаеце, што без дысцыпліны і парадку, без тэхналягічнай дысцыпліны мы наўрад ці нешта ў Гарадзенскай вобласьці зможам зрабіць».

Выканаўчасьць і дысцыплінаванасьць, жорсткасьць, а яшчэ палітычная ляяльнасьць — гэта галоўныя якасьці, якія запатрабаваныя сёньня ў беларускім дзяржапараце. Юрый Караеў ім цалкам адпавядае. Кампэтэнтнасьць і ініцыятыўнасьць, творчы падыход да працы не вітаюцца, бо не ўпісваюцца ў беларускую мадэль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG