Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: Ці здолее Трамп зьмяніць Беларусь?


Дональд Трамп, Пётра Рудкоўскі, каляж
Дональд Трамп, Пётра Рудкоўскі, каляж

Якія вынікі перамоваў ЗША і РФ у Савудаўскай Арабіі? Якія перавагі і хібы абмену аслабленьня санкцыяў на вызваленьня палітвязьняў? Якія пэрспэктывы мірнага пляну прэзыдэнта ЗША для Ўкраіны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі.

— Сёньня ў Савудаўскай Арабіі прайшлі перамовы дэлегацыяў ЗША і Расеі. Як бы вы ахарактарызавалі іх вынікі?

— Гэта толькі, так бы мовіць, пачатак пачатку. Але гэта рэальны крок. Абодва быкі былі прадстаўленыя на высокім узроўні — асобамі, вельмі блізкімі адпаведна да Ўладзіміра Пуціна і Дональда Трампа. Я б адзначыў прысутнасьць у амэрыканскай дэлегацыі адмысловага пасланьніка прэзыдэнта Стыва Ўіткафа, які мае рэпутацыю дасьведчанага і жорсткага перамоўшчыка.

Добра было б, каб у гэтых перамовах удзельнічалі прадстаўнікі Ўкраіны, Эўразьвязу, Кітая, Індыі. Але дзеля эфэктыўнасьці першага кроку іх там не было. Калі б там прысутнічалі многія іншыя прадстаўнікі, перамовы маглі б зацягнуцца на тыдні і месяцы. Мяркую, што на наступных этапах да перамоваў далучацца прынамсі прадстаўнікі Ўкраіны. Але пачатак пачатку вырашылі правесьці ў такім складзе.

— На мінулым тыдні газэта NYT апублікавала сэнсацыйнае паведамленьне, што нядаўняе вызваленьне трох зьняволеных зь беларускай турмы — пралёг вялікай зьдзелкі: вызваленьня шэрагу палітвязьняў, у тым ліку і знакавых асобаў, у абмен на аслабленьне санкцыйнага ціску. Мэта, паводле выданьня — аслабіць залежнасьць Менску ад Масквы. Ці дасягальная гэтая мэта такімі сродкамі?

— Утаймаваць дыктатара можна двума спосабамі. Можна пачаць вайну з адпаведнай краінай, зрынуць сілай дыктатара і вызваліць краіну, як гэта было зроблена зь Іракам і Садамам Гусэйнам. Ня буду нават казаць, наколькі гэта рэалістычна адносна Беларусі, але такі мэтад у любым выпадку мае свае хібы. Іншы мэтад — мэтад «морквы», «перніка». Гэта аслабленьне ці зьняцьцё санкцыяў, рэпутацыйныя бонусы, вывядзеньне аўтакрата зь міжнароднай ізаляцыі. Людзі (і аўтакраты ў тым ліку) рэагуюць на стымулы. Я пісаў яшчэ некалькі гадоў таму, што санкцыйны ціск ня можа быць самамэтай, гэта інструмэнт, сродак дасягненьня мэтаў. Абмен зьмякчэньня санкцыяў на вызваленьне палітвязьняў ня толькі маральны, але і прагматычна рацыянальны. Нішто так не зьнеахвочвае грамадзтва, як пачуцьцё наканаванасьці, адчуваньне, што людзі плацяць за кратамі сваім здароўем і жыцьцём, але ніхто ня можа нічога зрабіць: гады ідуць, а палітвязьні працягваюць сядзець.

— У сваім ФБ вы напісалі, што мірны плян Трампа для Ўкраіны... найгоршы, аднак усе іншыя яшчэ горшыя. Чаму вы так лічыце?

— Таму што рэалістычная альтэрнатыва мірнаму пляну — гэта зацягваньне вайны на неакрэсьлены час. Баяздольнасьць Украіны зьніжаецца, сытуацыя на фронце зайшла ў тупік. І ня выключаная перамога Расеі. Для аптымістычнага варыянту, перамогі альбо ўмоўнай, адноснай перамогі Ўкраіны заходняя дапамога ёй павінная была б узрасьці, павялічыцца ў разы. Падставаў спадзявацца на гэта няма ніякіх.

— А калі Ўкраіна адмовіцца прыняць формулу міру, пра якую дамовяцца Вашынгтон і Масква?

— Тады каманда Трампа скажа : «Мы ўмываем рукі. І пакідаем за сабой права дамовіцца з Масквой так, як лічым патрэбным». Украіна можа спадзявацца на ЭЗ і Вялікую Брытанію. Але яны за 10 гадоў ня здолелі падвысіць свае вайсковыя выдаткі да ўзроўню 2% ад ВУП. Ня думаю, што Эўропа можа дапамагчы Ўкраіне так, каб тая перамагла, нават умоўна і часткова.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG