Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атмасфэра суцэльнай безвыходнасьці». Мікалай Казлоў пра сваё зьняволеньне і жыцьцё ў Беларусі па вызваленьні


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Былы палітвязень і міліцыянт, старшыня АГП Мікалай Казлоў зьехаў у Бэльгію, адкуль даў онлайн-інтэрвію журналістам.

Мікалай Казлоў адбыў у 2020 годзе тры месяцы арышту за разгалошваньне дадзеных сьледзтва ў справе Каардынацыйнай рады. Але ў 2021 годзе палітыка зноў затрымалі і асудзілі на 2,5 году паводле 342 артыкулу аб удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Цяпер вядома, што палову з другога тэрміну палітвязень правёў у ШІЗА і ПКТ, у тым ліку з галадоўкамі ў адзіночнай камэры.

Гэта было ў калёніі № 15 пад Магілёвам. Паводле Казлова, тое, што ён былы міліцыянт, паўплывала на стаўленьне да яго былых калегаў — адразу пасьля карантыну яго накіравалі ў ШЫЗА, потым заўсёды сачылі і ціснулі, амаль год не дапускалі да яго адваката.

А вось звычайныя «зэкі» да экс-міліцыянта Казлова ставіліся нармальна, безь перадузятасьці.

«Некаторыя „стукалі“, бывала, але гэта звычайная рэч», — згадаў былы палітвязень Казлоў.

Для адпраўкі ў ШЫЗА хапала рашэньня «тройкі»

Пра цяжкія ўмовы ў ШЫЗА Мікалаю Казлову яму даводзілася гаварыць у тым ліку з тагачасным начальнікам калёніі. Былы палітвязень згадаў як першы раз быў пакараны ізалятарам адразу пасьля карантыну.

«Дванаццаць афіцэраў сабраліся ў начальніка калёніі і пачалі мяне выхоўваць. Казалі пра здрадніка і сьцяг, згадвалі паліцаяў і фашыстаў — уся гэтая агітацыя. Тады я іх пытаюся: а як быць з расейскім сьцягам ды прапаную ім разабрацца, колькі расейскіх войскаў змагаліся пад трыкалёрам за фашыстаў. І дыскусія спынілася. Таму потым мяне перасталі паказальна выхоўваць. Зьбяруцца ўтрох начальнік Лазарэнка з намесьнікамі Федарэнкам ды Ігнаценкам і хуценька даюць ШЫЗА».

Паводле Мікалая Казлова ўмовы ў ШЫЗА і ПКТ былі вельмі цяжкія, а скаргі на холад ня дзейнічалі. Былы вязень не зьдзіўлены, што ў ШЫЗА ПК-15 праз год задушыўся палітвязень.

«Ніхто ад добрага жыцьця ня робіць суіцыд. У калёніі, калі захочуць, могуць зрабіць умовы сапраўды невыноснымі. Засіліцца ў ШЫЗА цяжка, бо там кругласуткавае назіраньне праз камэры, але, відаць, магчыма.

Большасьць дзён у ПКТ я сядзеў у адзіночцы, але бывала, што некага падсаджвалі. Аднойчы да мяне падсадзілі хлопца з псыхічным захворваньнем, рэальна ў чалавека быў нейкі такі дыягназ. Дык ён спрабаваў засіліцца на цапах, якімі нары прычапляюцца да сьцяны, і неяк у яго ледзь не атрымалася, я пасьпеў выцягнуць яго з таго цэпу. А калі суіцыд атрымаўся, дык віна адназначна і на кантралёрах», — лічыць Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў за час зьняволеньня страціў 30 кіляграмаў вагі

«Схуднеў на 30 кг. Падсілкавацца немагчыма, да крамы не даходзіў. Як чарга [ісьці] ў краму, дык кідаюць у ШЫЗА. У іх ёсьць шмат такіх „падлянак“, якія дазваляюць зрабіць для вязьня нечалавечыя ўмовы», — упэўнена сьцьвярджае Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў неўзабаве па вызваленьні
Мікалай Казлоў неўзабаве па вызваленьні

Першыя паўгоду ў ПК-15 былы палітвязень працаваў на ачыстцы дратоў, але атрымліваў за працу капейкі. Былы міліцыянт прыйшоў да высновы, што турэмная сыстэма Беларусі цалкам карумпаваная.

«Гэта абсалютна карумпаваная структура, у якой вязьні як нявольнікі. Там, здаецца, раскрадаецца ўсё. Пакуты палітычных — гэта адна справа, а другая — нічым не прыкрытыя рабаваньні. Прыкладам, вязьні расьпісваюцца ў атрыманьні новай вопраткі, а потым нічога не атрымліваюць. Дык гэта што?»

«Дык чаму гэта трэба дараваць?»

«Людзі ў міліцыі розныя. Пра былых калегаў ведаю лічбу, што 30% нас у душы падтрымлівалі», — сказаў пра настроі міліцыянтаў у 2020 годзе Мікалай Казлоў. Што да цяперашніх настрояў былых калегаў, ён адзначыў іншыя рысы.

«У мяне склалася ўражаньне нейкага змроку. Здаецца, міліцыянты вельмі расчараваныя. ГУБАЗіК і КДБ, верагодна, інакш сябе адчуваюць, але шараговыя міліцыянты ў роспачы», — мяркуе Мікалай Казлоў.

На ягоную думку, міліцыянты ды іншыя сілавікі, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях, у будучыні мусяць панесьці адказнасьць паводле закону.

«Усе мусяць прайсьці праз тое, праз што мы прайшлі: арышт, сьледзтва, суд, прысуд, вязьніца. Вось супраць мяне дакладна рабілі злачынствы, стваралі катавальныя ўмовы. Дык чаму гэта трэба дараваць? Не. Хай адкажуць паводле закону», — мяркуе былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў.

Мікалай Казлоў (у чорнай куртцы) на мітынгу ў падтрымку Украіны, Антвэрпэн, 19.10.2025
Мікалай Казлоў (у чорнай куртцы) на мітынгу ў падтрымку Украіны, Антвэрпэн, 19.10.2025

«Незадоўга да сьмерці маці дасылала мне тэлеграму, а яе мне нават не перадалі»

Пакуль Мікалай Казлоў быў у вязьніцы, у яго памерла маці. На пахаваньні ён ня быў, і нават тое, як даведаўся пра сьмерць самага блізкага чалавека, дагэтуль выклікае боль.

«Зрабіць я нічога ня мог, бо даведаўся, калі маці ўжо пахавалі. Потым у адміністрацыі сказалі, што маглі б і адпусьціць, калі б раней ведаў. Але незадоўга да сьмерці маці дасылала мне тэлеграму, а яе мне нават не перадалі. Не магу гэтага дараваць».

Як зразумеў, што трэба зьяжджаць

Пасьля вызваленьня ўлетку 2024 году яшчэ год Мікалай Казлоў жыў у Беларусі. І ўсё ж вырашыў зьехаць, бо адчуў небясьпеку. Казлоў кажа, што досьвед былога супрацоўніка крымінальнага вышуку дапамог яму выявіць сачэньне.

«Па вызваленьні спрабаваў застацца ў Беларусі, але хутка пачаў адчуваць, што пагражае трэцяя пасадка. Зразумеў, што 24 гадзіны я „пад каўпаком“. Нават адмовіўся ад мабільнага тэлефону. Яшчэ трымаўся, але калі вакол мяне некалькі людзей затрымалі, то вырашыў больш не рызыкаваць. Эвакуаваўся ў Бэльгію, а як — апавесьці пакуль не магу», — прызнаўся Мікалай Казлоў.

Макарона ды бульба ў Беларусі яшчэ ёсьць, «але агульны настрой вельмі дрэнны»

Пра жыцьцё ў цяперашняй Беларусі ў былога палітвязьня ўспаміны ня лепшыя за ўспаміны пра калёнію.

«Там усё выглядае вельмі сумна, паўсюдна бачна, што людзі баяцца. Гаворка і пра чыноўнікаў ды службоўцаў, і пра простых людзей. Паўсюль, дзе бываў, спрабаваў зь людзьмі размаўляць — і скажу шчыра, што раней, да 2020 году, такога настрою не заўважаў. Нават не магу падабраць слова, як гэта назваць: страх, безнадзейнасьць ці атмасфэра суцэльнай безвыходнасьці.

Вось з прадпрымальнікам размаўляю, дык можа бясконца скардзіцца. Размаўляю з працаўніком заводу — тое самае. Калгасьнік проста закочвае вочы і кажа, што калі сыдуць пэнсіянэры, калгас зусім ляжа.

Не, макарона ды бульба там яшчэ ёсьць, хаця і з бульбай ужо бываюць праблемы, але агульны настрой вельмі дрэнны», — адзначыў Мікалай Казлоў пра жыцьцё ў Беларусі.

Пры гэтым, паводле назіраньняў Мікалая Казлова, некаторыя беларусы ня страцілі, а прыхавалі пратэставыя настроі 2020 году.

«Ёсьць такія, хто на Новы год глядзіць віншаваньні ад Сьвятланы Ціханоўскай — на свае вочы гэта назіраў там, дзе жыў пасьля вызваленьня. Цяпер паўсюль інтэрнэт, уключаюць і глядзяць. Але ёсьць і часьціна расчараваньня, калі ў апазыцыі здараецца нейкі разлад. Тады людзі кажуць, што ім незразумела, што там дзяліць, бо справа агульная».

«Мне падаецца, што санкцый недастаткова»

Калі ў Беларусі скончацца рэпрэсіі Мікалай Казлоў прадказаць не бярэцца. На ягоную думку, усім у Беларусі відавочна, што гэтак далей нельга, але, «ўлады, відаць, ня бачаць іншага выйсьця, каб утрымаць сытуацыю».

Асабіста Мікалай Казлоў вельмі спадзяецца на перамогу Ўкраіны ў вайне з Расеяй, што дапаможа вырашыць і беларускае пытаньне. «Да таго Пуцін ад Беларусі не адчэпіцца», — лічыць былы палітвязень.

Што да балючага пытаньня пра вызваленьне палітвязьняў, на думку Мікалая Казлова санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам, адмяняць ня варта, пакуль яны не далі асноўнага выніку. І залагоджваньне Лукашэнкі праблемы ня вырашыць, мяркуе палітык.

«Яго па-рознаму спрабавалі абходжваць, але ў выніку маем трывала больш за тысячу палітвязьняў і тое, што рэпрэсіі працягваюцца. Цяжка зразумець, як лепш зрабіць, але мне падаецца, што санкцый недастаткова. І сам гандаль зь ім мне незразумелы. Людзі сядзяць незаконна, умовы наўмысна пагаршаюць, каб потым імі гандляваць. Але цяжка знайсьці добры рэцэпт вызваленьня, гэта вельмі жахліва», — шчыра прызнаецца Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова ён застаецца старшынём Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП) і намераны ў гэтай якасьці працаваць і за мяжой.

«І безь мяне партыя ў эміграцыі працавала, але, мяркую, мы гэтую працу ўзмоцнім».

Хто такі Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў — ляўрэат прэміі Буша — Тэтчэр «За свабоду», «Чалавек году-2010» па вэрсіі «Нашай Нівы», давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году.

17 гадоў працаваў старшым опэрупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Менску.

У 2008 годзе ахоўваў парадак на выбарчым участку ў час парлямэнцкіх выбараў і абвінаваціў кіраўніцтва ўчастковай камісіі ў фальсыфікацыях. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб замяць справу, але ён праявіў прынцыповасьць і неўзабаве пайшоў у запас.

У 2012 годзе ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у ліпені 2016 года абраны намесьнікам старшыні партыі, потым стаў старшынём парты.

4 траўня 2021 года Лукашэнка пазбавіў яго спэцыяльнага званьня падпалкоўніка міліцыі запасу.

6 жніўня 2021 году Казлова асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошваньне дадзеных сьледзтва па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 году яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП і абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» у Менску ў 2020 годзе

Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калёніі. Казлоў на судзе заявіў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым».

У пачатку траўня 2023 году ў Казлова памерла маці. Мікалая не адпусьцілі з калёніі на пахаваньне. У сярэдзіне сьнежня 2023 году стала вядома, што палітыка ў лістападзе зьмясьцілі ў ПКТ на 2 месяцы.

15 жніўня 2023 году Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў АГП. Фармальнай прычынай стала тое, што партыя — насуперак абноўленаму заканадаўству — не падала дакумэнты на перарэгістрацыю. Палітычная структура працягвае дзейнасьць за межамі Беларусі. Выканаўцам абавязкаў старшыні АГП зьяўляецца Ўладзімір Шанцаў, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

22 ліпеня 2024 году Мікалай Казлоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG