Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску нараджальнасьць ніжэйшая за ваенную Ўкраіну. Ці дапамогуць «тыдні без абортаў»? Разьбіраемся з экспэртамі


Ілюстрацыйны каляж.
Ілюстрацыйны каляж.

У Менску сумарны каэфіцыент нараджальнасьці амаль удвая ніжэйшы чым ва Ўкраіне, дзе ідзе вайна. Улады хочуць палепшыць дэмаграфічную сытуацыю праз абмежаваньні абортаў і прапаганду «традыцыйных каштоўнасьцяў». Ці гэта эфэктыўна і чым пагражае імклівы спад нараджальнасьці, разьбіраліся з экспэртамі.

У Беларусі зь ініцыятывы Мінздароўя з 14 па 21 кастрычніка праходзіць «Тыдзень без абортаў», якім улады спрабуюць «прыцягнуць увагу да пытаньняў захаваньня цяжарнасьці». Інфармацыя пра гэтую акцыю зьмяшчаецца на сайтах практычна ўсіх мэдычных установаў Беларусі.

Такім чынам улады спрабуюць палепшыць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Падчас так званага «адзінага дня інфармаваньня» (аналяг палітінфармацыі савецкага часу — РС), прысьвечанага «Ролі сямейных каштоўнасьцяў у сучасным грамадзтве» Анастасія Баброва, кандыдатка эканамічных навук, дырэктарка Цэнтра чалавечага разьвіцьця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі Акадэміі навук агучыла лічбы нараджальнасьці. Сумарны каэфіцыент па краіне — 1,1 дзіця на жанчыну ў Беларусі, а ў Менску — 0,6. Пра гэта паведаміла рэгіянальнае выданьне Smolevichi42.

У Смалявіцкім райвыканкаме падчас «дня інфармаваньня» 16 кастрычніка Баброва казала, што сумарны каэфіцыент па краіне — 1,1, а ў Менску — 0,6 «ніжэйшы, чым у краінах з аналягічным узроўнем урбанізацыі: напрыклад, у Вялікабрытаніі — 1,4. Парадокс: у сталіцу актыўна едзе моладзь, будуецца жыльлё, але гэта не прыводзіць да росту нараджальнасьці», — казала экпэртка.

Для параўнаньня: у Літве колькасьць дзяцей на адну жанчыну складае 1,21, у Польшчы 1,3, у Латвіі — 1,35. Ва Ўкраіне, дзе ідзе вайна, — 1,0. Каэфіцыент 1,1 азначае, што Беларусь належыць да групы краін з самай нізкай у сьвеце нараджальнасьцю.

Эканамістка Лузгіна: «Гэта сьведчыць пра тое, што сем’і ня бачаць пэрспэктывы»

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

Эканамістка, экспэртка BEROC Анастасія Лузгіна ў інтэрвію Свабодзе адзначае, што ўлады вырашылі паказаць непапулярную статыстыка, каб паспрабаваць стымуляваць людзей, каб грамадзтва ўсьвядоміла праблему і жанчыны пачалі больш нараджаць.

«Для простага ўзнаўленьня насельніцтва, каб яно не скарачалася, павінна нараджацца прыкладна 2–2,4 дзіцяці на адну жанчыну. У Беларусі ж гэтыя паказчыкі значна ніжэйшыя. Калі паглядзець у дынаміцы — у кароткай ці ў доўгай пэрспэктыве, калі параўнаць з 1950-мі або 1990-мі гадамі мінулага стагодзьдзя, — то мы бачым, што сучасныя лічы — гэта своеасаблівы антырэкорд».

Лузгіна скептычна ставіцца да таго, што ўвядзеньнем факультатываў ці абавязковых школьных прадметаў, прысьвечаных прапагандзе сямейных каштоўнасьцей, можна дамагчыся росту нараджальнасьці. Пры гэтым улады спрабуюць стымуляваць нараджальнасьць у Беларусі ня толькі праз маральныя заклікі, але і праз матэрыяльныя стымулы, якія існуюць ужо не адзін год, аднак яны асаблівай эфэктыўнасьці не даюць, адзначае экспэртка.

«З года ў год, асабліва ў апошнія гады, нараджальнасьць у Беларусі зьмяншаецца катастрафічна. Тут шэраг фактараў: вайна ва Ўкраіне, палітычная нестабільнасьць, эканамічныя праблемы, якія вельмі сур’ёзна ўплываюць на дынаміку нараджальнасьці. Калі ў 1990-ыя гады быў спад у тым ліку з прычыны эканамічнага крызісу, то цяпер сытуацыя пагаршаецца яшчэ і праз няўпэўненасьць у будучыні і абмежаваныя магчымасьці эканамічнага разьвіцьця. Да гэтага дадаецца яшчэ адзін фактар рызыкі — міграцыя, бо з краіны зьяжджаюць пераважна маладыя людзі, якія ўжо стварылі або маглі б ствараць сем’і і нараджаць дзяцей».

Эканамістка Анастасія Лузгіна пералічвае, да чаго прыводзіць істотны спад нараджальнасьці:

«Гэта нагрузка на сацыяльную сыстэму. Працягласьць жыцьця паступова павялічваецца, у той час як нараджальнасьць падае. Адпаведна, доля людзей, якія працуюць, у параўнаньні з пэнсіянэрамі, скарачаецца. А з улікам таго, што ў Беларусі дзейнічае разьмеркавальная пэнсійная сыстэма, калі цяперашнія работнікі забясьпечваюць пэнсіі цяперашнім пэнсіянэрам, то чым больш пэнсіянэраў і менш працоўных, тым менш магчымасьцяў для выплаты дастойных пэнсій — і ў будучыні сытуацыя толькі пагоршыцца пры такім узроўні нараджальнасьці. Безумоўна, гэта вялікі мінус і для разьвіцьця эканомікі, бо людзі — гэта той рэсурс, без якога ніводная эканоміка не можа існаваць. Чым менш людзей занята ў вытворчасьці, стварэньні дабротаў і паслуг, тым менш магчымасьцяў для росту ВУП. Адпаведна, гэта абмяжоўвае эканамічнае разьвіцьцё і будзе абмяжоўваць яго і надалей пры нізкай нараджальнасьці».

Экспэртка зьвяртае ўвагу на тое, што нізкі ўзровень нараджальнасьці ўласьцівы многім краінам — як разьвіваным, так і высокаразьвітым, але ў Беларусі за апошнія пяць гадоў спад вельмі прыкметны.

«Паводле даступнай статыстыкі, з 2016 года гэты паказчык складаў 1,7–1,8. Калі 10–15 гадоў таму паказчыкі вагаліся, былі пэўныя тэндэнцыі, і не было такога рэзкага зьніжэньня, то цяпер узровень стаў рэкордна нізкім. Гэта сьведчыць пра тое, што сем’і не бачаць пэрспэктывы. Сёньня адукаваныя людзі думаюць ня толькі пра тое, як пракарміць дзяцей, але і пра тое, як яны будуць жыць у будучыні. І цяпер бачна, што ўпэўненасьці ў гэтым у людзей няма».

Доктар-гінэколяг: «Аборт да 12 тыдняў — законнае права жанчыны, няма і ня можа быць ніякіх агаворак, акрамя мэдыцынскіх паказаньняў»

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Доктар-гінэколяг, а зараз намесьнік прадстаўніцы АПК у сацыяльных пытаньнях Станіслаў Салавей, зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады шмат гадоў замоўчвалі праблему, не публікуючы статыстыку пра рэальны ўзровень нараджальнасьці.

«Улады ўвогуле маюць дурную звычку хаваць усё, чым яны не могуць ганарыцца, або фальсыфікаваць, пры гэтым іх нагоды для гонару засталіся яшчэ недзе ў 30–40-я гады мінулага стагодзьдзя. Правядзеньне адзінай „унікальнай апэрацыі“ або будаўніцтва адной, але „элітнай“ бальніцы на фоне разрухі ў рэгіёнах».

Намесьнік прадстаўніцы АПК у сацыяльных пытаньнях, доктар-гінэколяг Станіслаў Салавей кажа, што зьніжэньне нараджальнасьці з пункту гледжаньня сыстэмы аховы здароўя азначе рост нагрузкі, бо чым старэйшы чалавек, тым больш ён хварэе, і тым больш сродкаў і спэцыялістаў патрабуецца для аказаньня яму дапамогі.

«Што да „тыдня без абортаў“ і майго стаўленьня да яго. Магу сказаць вобразна: прыкладна як да акцыі ў духу — „Лібэралізацыя на Акрэсціна: зьбіваць вас будзем толькі адзін тыдзень у годзе“. Законамі замацавана права жанчыны самастойна вырашаць, колькі ў яе будзе дзяцей, і пры жаданьні зрабіць аборт. Абмежаваньне гэтай нормы — гэта не што іншае, як: „Часам не да законаў“. Так, у законе прапісана, што лекар можа адмовіцца гэта рабіць, але гэта аўтаматычна ўскладае на галоўнага ўрача абавязак знайсьці спэцыяліста, які пагодзіцца. Аборт да 12 тыдняў — гэта законнае права жанчыны, і тут няма і ня можа быць ніякіх агаворак, акрамя мэдыцынскіх паказаньняў».

Паводле доктара Салаўя, каля 70-80 адсоткаў абортаў можа і павінна выконвацца мэдыкамэнтозна. У Беларусі прэпараты для мэдыкамэнтознага спыненьня цяжарнасьці даступныя па рэцэпце.

«Беларусь ідзе за Расеяй у справе абмежаваньня абортаў», прадстаўніца АПК па гендэрных пытаньнях Міцкевіч

Юлія Міцкевіч
Юлія Міцкевіч

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч лічыць правядзеньне тыдня без абортаў сынхранізацыяй з тым, што робіцца ў Расеі.

«У Расеі з 2011 года адбываюцца так званыя тыдні цішыні, то бок тыдні без аборту ў розных рэгіёнах. Гэта тэндэнцыя зараз ёсьць і ў Беларусі, і яна захаваецца такою. Гэта таксама адбываецца ў рэчышчы „традыцыйных каштоўнасьцяў“, пра якія ўжо шмат казалі і кажуць беларускія чыноўнікі і сам Лукашэнка. І гэта датычыцца ня толькі лімітаваньня правоў на аборты. Днямі быў прыняты артыкул 19.16 адміністрацыйнага кодэксу „Прапаганда гомасэксуальных адносін, зьмены пола, бязьдзетнасьці, педафіліі“, які тычыцца ў тым ліку тых, каго называюць бязьдзетнымі ці child free. Нават ужо ў тым, што педафілія ставіцца ў адну лінейку з гомасэксуальнымі адносінамі, са зьменай пола і бязьдзетнасьцю, кажа аб шмат чым, але галоўнае, што гэты артыкул зараз будзе прыводзіць да адміністратыўных тэрмінаў і штрафаў».

Юлія Міцкевіч мяркуе, што «тыдні без абортаў» будуць паўтарацца:

«Але гісторыя і ўсе дасьледаваньні паказваюць, што гэта не працуе, што павышэньне нараджальнасьці ніяк не зьвязана з абортамі, то бо менш абортаў не азначае больш дзяцей. Ніколі нідзе гэта так не працуе. Дзяржава ня мае ніякага ніякай візіі таго, як выпрацоўваць інавацыйныя падыходы, стымуляваць нараджальнасьць».

Прадстаўніца АПК зьвяртае ўвагу, што калі беларускія чыноўнікі кажуць пра тое, чаму адбываецца зьніжэньне нараджальнасьці, то яны ніколі не ўзгадваюць, той адток беларусаў, якія вымушаны былі зьехаць па палітычных і па эканамічных прычынах у іншыя краіны, таму што ня маюць ці ня бачаць у Беларусі пэрспэктывы.

У Беларусі аборты легальныя ад 1955 году. Дзейны закон аб абортах быў прыняты ў 1987 годзе, яго называюць адным з самых лібэральных законаў аб абортах у Эўропе. Паводле яго, аборт робіцца па жаданьні на тэрміне да 12 тыдняў, а пры асаблівых абставінах і шэрагу прычын — да 22 тыдняў. У 2014 годзе прынялі закон, які дазваляе дактарам адмовіцца ад абортаў. Што і зрабілі гінеколягі ў Лагойску і ў пэрынатальным цэнтры ў Горадні.

За гады незалежнасьці колькасьць абортаў у Беларусі зьменшылася амаль у 10 разоў. Паводле дадзеных мінздароўя, ў 1991 годзе было зроблена больш за 235 тысячы абортаў. А па дадзеным 2017 году беларускі зрабілі больш за 25 тысяч абортаў. Поўнай статыстыкі па колькасьці абортаў у апошнія гады няма ў адкрытым доступе.

Паводле экпэртаў, прадухіляюць аборты не забароны, а намаганьні ў галіне сэксуальнай асьветы, сацыяльная палітыка дзяржавы ў падтрымку нараджальнасьці, стварэньне бясьпечнага асяродзьдзя без гвалту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG