Усе краіны Эўрапейскага зьвязу ўхвалілі 19-ты пакет санкцыяў супраць Расеі за яе вайну супраць Украіны, перадае Reuters з спасылкай на афіцыйнае паведамленьне Даніі, якая старшынюе ў Эўразьвязе.
22 кастрычніка сваю згоду дала і Славаччына — апошняя краіна, якая дагэтуль не падтрымлівала ўзгодненыя на мінулым тыдні меры.
«Такім чынам, была распачатая пісьмовая працэдура для зацьвярджэньня Радай. Калі не паступіць пярэчаньняў, пакет будзе прыняты заўтра да 8-й раніцы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Што прадугледжваюць санкцыі
Забарону на імпарт звадкаванага газу. Кароткатэрміновыя кантракты скончацца праз 6 месяцаў, а доўгатэрміновыя — 1 студзеня 2027 году.
Абмежаваньні на паездкі для расейскіх дыпляматаў.
Уключэньне ў чорны сьпіс яшчэ 117 суднаў «ценевага флёту» Масквы, у асноўным танкераў. Агулам іх у сьпісе цяпер будзе 558.
ЗША таксама плянуюць узмацніць санкцыі супраць Расеі
Пра гэта паведаміў міністар фінансаў Злучаных Штатаў Скот Бэсант.
Паводле яго, абмежаваньні могуць быць абвешчаныя ўжо 23 ці 24 кастрычніка.
Ён назваў гэтае ўзмацненьне санкцый «істотным», адмовіўшыся даць іншыя падрабязнасьці.
У красавіку ў сэнат падалі законапраект, які прадугледжвае 500-адсоткавыя мыты на імпарт з краін, якія купляюць расейскія энэрганосьбіты і сыравіну, калі Масква не пагодзіцца на доўгатэрміновы мір з Украінай.
Форум