Францыя плянуе 19 лютага правесьці другую сустрэчу для абмеркаваньня Ўкраіны і эўрапейскай бясьпекі. Гэтым разам на сустрэчу запрасілі эўрапейскія краіны, якія не прысутнічалі на ранейшым саміце 17 лютага, а таксама саюзьніка па NATO Канаду, паведаміла Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.
Інфармацыю пра новую сустрэчу і ўключэньне ў яе дадатковых краін пацьвердзілі Радыё Свабодная Эўропа\Радыё Свабода.
Дзьве крыніцы паведамілі Reuters, што на гэтую сустрэчу запрошаныя Нарвэгія, Канада, Літва, Эстонія, Латвія, Чэхія, Грэцыя, Фінляндыя, Румынія, Швэцыя і Бэльгія. Фармат сустрэчы будзе гібрыдным, уключаючы відэаўдзел, паведамілі тры дыпляматы.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 17 лютага правёў надзвычайны саміт з удзелам лідэраў Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы, Гішпаніі, Нідэрляндаў і Даніі, а таксама кіраўнікоў Эўрапейскай рады, Эўракамісіі і NATO. Сустрэчу склікалі пасьля таго, як стала вядома пра падрыхтоўку перамоваў ЗША і Расеі ў Эр-Рыядзе, на якія не паклікалі прадстаўнікоў Эўразьвязу і Ўкраіны.
Саміт арганізавалі, каб пачаць кансультацыі аб становішчы ва Ўкраіне і выкліках бясьпецы ў Эўропе. Таксама на ім абмяркоўвалі пляны прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спыніць вайну ва Ўкраіне на фоне асьцярогаў, што эўрапейскія лідэры ня будуць удзельнічаць у мірных перамовах.
Некаторыя краіны былі незадаволеныя тым, што сустрэча была толькі для абраных лідэраў, а не паўнавартасным самітам Эўразьвязу, заявілі прадстаўнікі ЭЗ.
Падчас саміту 17 лютага ў Парыжы эўрапейскія лідэры выказалі гатоўнасьць прапанаваць Украіне гарантыі бясьпекі, але папярэдзілі, што ўзровень такіх гарантыяў будзе залежаць ад удзелу Вашынгтону ў выпадку ўсёабдымнага мірнага пагадненьня. Тым ня менш, многія лідары падкрэсьлілі працяг падтрымкі Кіева.
Форум