З 2021 году беларуская сыстэма замежнага гандлю ў новых умовах санкцыяў і міжнароднай ізаляцыі пачала перабудоўвацца. Раней адным з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі быў Эўразьвяз, туды прадавалі нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, драўніну, іншыя беларускія тавары. Пасьля ўвядзеньня санкцыяў рынак ЭЗ для беларускіх тавараў стаў закрывацца. У 2022 годзе пачатак вайны і высокія ўсясьветныя цэны на энэрганосьбіты забясьпечылі беларускаму экспарту пад’ём, але ў наступныя гады ён пачаў падаць, а імпарт расьці.
Праблему прызнаюць і беларускія чыноўнікі, і Лукашэнка, але канкрэтных рэцэптаў, як зьмяніць сытуацыю, улады пакуль не агучвалі. Чаму так атрымалася і як ідуць справы з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі зараз? Расказваем.
«Шукаць новыя рынкі дорага»
За першыя 8 месяцаў сёлета Беларусь за мяжу прадала тавараў на 26 мільярдаў даляраў, а набыла на 29,8 мільярда. Пры гэтым экспарт тавараў за мяжу за год зьменшыўся на 2,5%.
Беларусь больш набывае за мяжой, чым прадае туды. Разрыў складае 3,8 мільярда даляраў, гэтая розьніца расьце з 2023 году. Вось так выглядае статыстыка апошніх гадоў:
- 2021: экспарт — 39,9 мільярда даляраў, імпарт — 41,7 мільярда даляраў
- 2022: экспарт — 38,3 мільярда даляраў, імпарт — 38,4 мільярда даляраў
- 2023: экспарт — 39,8 мільярда даляраў, імпарт — 43 мільярда даляраў
- 2024: экспарт — 40,3 мільярда даляраў, імпарт — 45,7 мільярда даляраў
Пра гэтую праблему ўвесь гэты час гавораць чыноўнікі і Лукашэнка, аднак яна не разьвязваецца. 8 верасьня Лукашэнка абвінаваціў у ёй расейскі рынак, дзе «продажы падаюць з аб’ектыўных прычынаў».
А ўжо 30 верасьня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Кыргызстану Адылбекам Касымаліевым Лукашэнка прызнаў, што «знайсьці новыя рынкі наўрад ці ўдасца». Маўляў, шукаць новыя рынкі «дорага».
Што з ранейшымі партнэрамі
Доўгі час Эўразьвяз быў адным з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі, сярод асноўных партнэраў былі таксама Расея, Кітай, Азэрбайджан, Узбэкістан, Турэччына, Казахстан. Глядзім, як цяпер Беларусь гандлюе зь імі. Ад 2021 году ўлады Беларусі закрылі гандлёвую статыстыку, але гэтыя зьвесткі публікуюць статыстычныя ведамствы краін-партнэраў.
ЭЗ: Продаж беларускіх тавараў упаў у 8 разоў
За першыя 8 месяцаў сёлета Беларусь, згодна з Эўрапейскай службай статыстыкі, прадала тавараў у ЭЗ на 351,5 мільёна даляраў (301,5 мільёна эўра). У 2020 годзе, яшчэ да ўводу санкцыяў, за такі ж пэрыяд продажы былі ў 8 разоў большыя — на 2,79 мільярда даляраў (2,4 мільярда эўра).
Зьмяніўся і склад тавараў. Калі раней Эўразьвяз купляў у Беларусі пераважна прадукты драўніны, хімічнай вытворчасьці, мінэральныя прадукты, то зараз гэта жывёльныя і расьлінныя тлушчы, алеі й прадукты іх расшчапленьня.
Скарацілася і колькасьць тавараў, якую Беларусь набывае ў ЭЗ, але ня так значна, як беларускі экспарт туды — за 5 гадоў у 1,5 раза. Калі за 8 месяцаў 2020 году Беларусь набыла ў ЭЗ тавараў на 4,6 мільярда даляраў (4 мільярды эўра), то ў 2025-м за такі ж час — на 3 мільярды даляраў, ці 2,6 мільярда эўра.
Калі раней асноўнымі таварамі, якія Беларусь набывала ў ЭЗ, былі машыны і электрычнае абсталяваньне, то цяпер гэта прадукты хімічнай вытворчасьці.
Расея: адсоткі замест лічбаў
Ні беларуская, ні расейская службы статыстыкі не публікуюць канкрэтных дадзеных аб беларускім экспарце ў гэтую краіну. Яны не публікуюцца з 2022 году. Чыноўнікі ж агучваюць не канкрэтныя лічбы, а адсоткі ці таваразварот агулам, без удакладненьня, колькі прыпадае на экспарт/імпарт.
Апошнія апублікаваныя дадзеныя, якія пра нешта сьведчаць, — за студзень—кастрычнік 2024 году. Тады паведамлялі аб продажы ў Расею беларускіх тавараў на 22,1 мільярда даляра за 10 месяцаў і росьце экспарту на 6,1% за год.
А так выглядала статыстыка продажаў беларускіх тавараў у Расею ў папярэднія гады:
- 2023 — 23,9 мільярда даляраў
- 2022 — 22,9 мільярда даляраў
- 2021 — 16,3 мільярда даляраў
- 2020 — 13,1 мільярда даляраў
Як бачым, рэальны рост адбываўся з 2020 па 2022 год, далей ён быў не такім імклівым, а што адбываецца зараз, чыноўнікі наўпрост ня кажуць. Вядома толькі, што ў некаторых пазыцыях беларускія тавары трацяць попыт у Расеі. Так адбываецца, напрыклад, з аўтобусамі — пастаўкі ўпалі на 55%, з грузавікамі — продажы ўпалі на 44% за першае паўгодзьдзе.
Кітай: Экспарт зьнізіўся ў 1,9 раза
Кітай — яшчэ адзін партнэр зь ліку асноўных, як запэўніваюць беларускія чыноўнікі. Згодна з мытнай статыстыкай гэтай краіны, з студзеня па жнівень сёлета Беларусь прадала тавараў у Кітай на 1 мільярд даляраў, а купіла ў Кітаю — на 4,4 мільярда даляраў. Адзін з асноўных тавараў, які Кітай набывае ў Беларусі, — калійныя ўгнаеньні: за 8 месяцаў сёлета іх купілі на 412 мільёнаў даляраў. Аднак апошнімі гадамі Кітай набывае менш беларускай прадукцыі. Так выглядае статыстыка (за першыя 8 месяцаў кожнага году):
- 2025 год — 1 мільярд даляраў
- 2024 год — 1,23 мільярда даляраў
- 2023 год — 1,97 мільярда даляраў
- 2022 год — 1,2 мільярда даляраў
- 2021 год — 722 мільёны даляраў
- 2020 год — 507,5 мільёна даляраў
Атрымліваецца, што з 2023 году па цяперашні час беларускі экспарт у Кітай зьнізіўся ў 1,9 раза.
Бразылія: Продаж беларускіх тавараў упаў у 11,4 раза
Бразылія раней была адным з пакупнікоў беларускіх калійных угнаеньняў. За 2020 год гэтая краіна, згодна з статыстыкай Белстату, толькі іх набыла на 520 мільёнаў даляраў. Агулам жа экспарт зь Беларусі ў Бразылію склаў 540 мільёнаў даляраў. За 8 месяцаў сёлета Беларусь прадала тавараў у Бразылію толькі на 4,8 мільёна даляраў, згодна з бразыльскай статыстыкай.
Поўная інфармацыя ёсьць у статыстычнай базе Бразыліі па гадах. Згодна зь ёю, з 2020 па 2024 год продажы беларускіх тавараў у гэтую краіну ўпалі ў 11,4 раза: з 540 мільёнаў даляраў у 2020 годзе да 47 мільёнаў у 2024-м.
Казахстан, Азэрбайджан, Узбэкістан
Гэтыя краіны беларускае МЗС таксама называе ў ліку важных эканамічных партнэраў, калі ідзецца пра міжнародны гандаль. Згодна з казаскай статыстыкай, з 2020 па 2024 год продаж беларускіх тавараў у гэтую краіну вырас у 1,1 раза: з 664,8 мільёна даляраў да 745,1 мільёна даляраў у год.
У Азэрбайджан і Ўзбэкістан сталі пастаўляць болей беларускай прадукцыі. За 4 гады — з 2020 па 2024 — беларускі экспарт у Азэрбайджан вырас утрая, да 457 мільёнаў даляраў на год.
Ва Ўзбэкістане купляць беларускае сталі таксама болей, пастаўкі беларускіх тавараў туды вырасьлі ў 2,7 раза, да 598 мільёнаў даляраў на год. Аднак рост экспарту ў гэтыя азіяцкія краіны ўсё адно не перакрывае стратаў на іншых рынках. Толькі на рынку ЭЗ страты перавышаюць 2,4 мільярды даляраў.
ЗША: Продажы ўпалі ў 16,6 раза
Яшчэ адзін рынак, на якім Беларусь панесла значныя гандлёвыя страты, — ЗША. Напрыклад, у 2020 годзе Беларусь прадала туды тавараў на 333 мільёны даляраў, згодна з афіцыйнай амэрыканскай статыстыкай. У ЗША, сярод іншага, набывалі беларускія калійныя ўгнаеньні.
У 2024 жа годзе ЗША набылі беларускіх тавараў толькі на 20 мільёнаў даляраў, гэта спад у 16,6 раза.
«Ня будуць павышацца заробкі»
Беларускі экспарт запавольваецца, бо запавольваецца эканамічная актыўнасьць у Расеі, там трэба менш беларускіх тавараў, гаворыць старэйшая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна. А цяперашнія праблемы з экспартам — наступствы пераарыентацыі на расейскі рынак.
«Расея застаецца асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі, і таму мы бачым пагаршэньне гэтых эканамічных паказьнікаў. Беларусь больш набывае тавараў за мяжой, у асноўным гэта рост імпарту спажывецкіх тавараў. Што да беларускіх тавараў на замежных рынках — то тут пытаньне канкурэнтаздольнасьці, якасьці тавараў. Беларускім таварам цяжка канкураваць з кітайскімі і расейскімі аналягамі. Беларуская эканоміка залежыць ад расейскай у замежным гандлі, таму маем такі вынік», — тлумачыць эканамістка.
Што да наступстваў зьніжэньня экспарту за мяжу і росту закупак за мяжой, то гэта наўпрост паўплывае на даходы людзей, працягвае суразмоўца.
«Калі ёсьць праблемы збыту прадукцыі, гэта можа пагаршаць паказьнікі эфэктыўнасьці працы кампаніяў. Гэта, у сваю чаргу, абмяжоўвае магчымасьці павышэньня рэальных заробкаў, то бок рост даходаў зь мінусам інфляцыі будзе прынамсі запавольвацца. Што мы ўжо і назіраем зараз», — заўважае Анастасія Лузгіна.
Форум