Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Былы палітвязень, філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч гаворыць пра памылкі, якія ён і беларускае грамадзтва зрабілі ў 2020-м, тлумачыць, пры якіх умовах можна было перамагчы, фармулюе, што яднае беларусаў у палітычную нацыю цяпер і адказвае на крытыкам прапановы варыянту беларускай расейскай мовы.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнт гутаркі

— Спадар Уладзімер, вы трымалі месячную паўзу на інтэрвію пасьля выхаду з турмы, ужо пачалі трошкі выказваць свой погляд на тое, што цяпер адбываецца, што адбылося за пяць гадоў. Ці знайшлі вы ў турме нейкія новыя тлумачэньні таго, дзе Беларусь, грамадзтва апынуліся? І якой вы пабачылі Беларусь з-за мяжы па выхадзе зь вязьніцы?

Уладзімер Мацкевіч: Апынуўшыся ў турме, я меў час, натхненьне зрабіць працу над памылкамі — сваімі асабістымі, нашымі агульнымі, палітычнымі, грамадзкімі, стратэгічнымі, тактычнымі. Напярэдадні 20-га года, сам 20-ты год, ну і потым, што адбывалася далей. Я шмат што напрацаваў. І толькі пытаньне ў тым, каму гэта патрэбна тут. За гэты месяц я можа не пераканаўся, але ж склалася падазрэньне, што тут ніхто працу над памылкамі не рабіў.

— Якая ваша памылка? Да 20-га году, магчыма, пасьля 20-га году?

Уладзімер Мацкевіч: Я шмат памылак нарабіў. Першая памылка ў тым, што я недастаткова гучна мог гаварыць. Бо я не клапаціўся пра сваю рэпутацыю, пра свой імідж. Было шмат людзей, якія адразу адмоўна сустракалі ўсё, што б я не сказаў. І таму я ня меў дастатковага ўплыву на спачатку штаб Бабарыкі, а потым на аб’яднаны штаб. Хоць адтуль прыходзілі людзі са мной раіцца, кансультацыі пэўныя праводзіліся, але ж было шмат такіх дарадцаў, як і я. Тыя, хто прымалі рашэньне, тыя, хто арганізоўвалі працэсы на палітычным, грамадзкім, вулічным узроўні, вымушаны былі прымаць кампрамісныя рашэньні, ня, маючы магчымасьці вызначыцца з найлепшымі рашэньнямі. Гэта была мая асабістая памылка. Я — мэтадоляг па-ранейшаму. Быў, ёсьць і застаюся. Я быў у гэтым коле. Я быў адзін зь нямногіх, хто рыхтаваўся да 2020-га года, хто ведаў, што будзе адбывацца. Ведаў пэўныя тактычныя ці стратэгічныя захады, якія трэба рабіць, але ж ня меў уплыву. Мы мелі для пасьпяховых, слушных выніковых дзеяньняў літаральна два тыдні пасьля 9 жніўня. І ў гэты час павінна была адбыцца часовая і кампрамісная цэнтралізацыя дзеяньняў. Але момант быў упушчаны. І тут я проста адышоў у бок, мяне нават адхілілі ў бок, і ўсё пацягнулася да паразы.

— Спадар Уладзімер, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, але тым ня менш, вяртаючыся ў 20-ы год, ці былі шансы на перамогу? Пры якіх умовах?

Уладзімер Мацкевіч: Так, гэтыя шансы былі два тыдні пасьля 9 жніўня. І тут ёсьць стары, вядомы праз Леніна стратэгічны прынцып: сёньня рана, а заўтра позна. Вось гэты момант паміж тым, што рана, а потым позна, у нас цягнуўся літаральна два тыдні, ня болей. Мы не скарысталіся гэтымі днямі, потым былі арыштаваныя Максім Знак, які разумеў сытуацыю, але таксама ня меў уплыву. Потым тое, што адбылося з Калесьнікавай, з выгнаньнем з краіны Ціханоўскай. Мы згубілі ініцыятыву. А далей ужо, калі няма ініцыятывы, няма арганізацыйнага імпульсу, усё толькі інэрцыйна разьвівалася і мы рабілі нешта, каб не адбылося горшага.

— А хто адказны за гэтыя памылкі?

Уладзімер Мацкевіч: Я лічу гэта сваёй асабістай адказнасьцю і сваёй асабістай паразай. І я гатовы размаўляць сурʼёзна толькі з тымі, хто гатовы прызнаць таксама, што ён адказны за свае памылкі і за нашыя агульныя памылкі. А калі перакладаць адказнасьць, вінаваціць кагосьці іншага, гэта вельмі дрэнная манера. Я зараз бачу, што ўсе вінавацяць адзін аднаго. І ад гэтай звычкі трэба адмовіцца як мага хутчэй. Давайце разьбірацца з тым, за што адказвае кожны. Не Лукашэнка вінаваты, і ня тыя сілавікі, якія перамаглі, бо яны ворагі. Вінаватыя мы, што не змаглі перамагчы сваіх ворагаў. І толькі мы. Ну і я ў тым ліку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG