Гэта была першая падобная сустрэча высокіх прадстаўнікоў ЗША і Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейцаў ва Ўкраіну ад лютага 2022 году.
Перамовы ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе пачаліся ў 10:30 менскага часу. Сустрэча пачалася бяз поціскаў рук, цягам дня журналістам нічога не паведамлялі пра зьмест размоваў, адзначае AFP.
Перамовы паміж дэлегацыямі ЗША і Расеі доўжыліся прыкладна чатыры з паловай гадзіны, перадаюць міжнародныя агенцтвы зь месца падзеяў.
Перамовы — частка буйнога дыпляматычнага націску Злучаных Штатаў дзеля спыненьня вайны, афіцыйныя асобы ЗША разглядаюць іх як спробу пракласьці шлях да патэнцыйнай асабістай сустрэчы паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Высокапастаўленыя службоўцы ЗША заявілі ў аўторак пасьля перамоваў з расейскай дэлегацыяй, што яны чакаюць, што перамовы па вайне ва Ўкраіне будуць датычыцца тэрыторыі і гарантыяў бясьпекі.
Дарадца Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Майк Ўолц, да якога далучыліся дзяржаўны сакратар Марка Рубіё і спэцыяльны пасланьнік Стыў Ўіткаф, заявілі, што дэлегацыі не прызначылі дату саміту паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, паведамляе Reuters.
Пазыцыя ЗША ў выніку перамоваў
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што наперадзе вялікая праца, сустрэча стала «першым крокам на доўгім і цяжкім шляху». Ён адзначыў, што ЗША імкнуцца да ўстанаўленьня трывалага і справядлівага міру ва Ўкраіне. Рубіё таксама сказаў, што краіны Эўразьвязу ня будуць выключаныя з працэсу перамоваў, як і Ўкраіна. Паводле дзяржаўнага сакратара, умовы міру маюць быць прымальныя для ўсіх, уключаючы Ўкраіну, Расею і Эўразьвяз, пры гэтым усе бакі павінны быць гатовыя да саступак.
Як вынікае з словаў Рубіё, бакі дамовіліся таксама пра неабходнасьць аднавіць нармальную працу амбасадаў у Маскве і Вашынгтоне.
Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус пасьля перамоваў заявіла:
«Рубіё і Лаўроў дамовіліся стварыць працоўныя групы, каб як мага хутчэй пачаць працу для спыненьня вайны Расеі ва Ўкраіне. Бакі дамовіліся зьліквідаваць «раздражняльнікі» ў амэрыкана-расейскіх дачыненьнях. Але «аднаго тэлефоннага званка з наступнай адной сустрэчай недастаткова для ўстанаўленьня трывалага міру», — заявіла Тэмі Брус пасьля сустрэчы ў Саудаўскай Арабіі.
Тэмі Брус падкрэсьліла, што «прэзыдэнт Трамп хоча спыніць забойствы; Злучаныя Штаты хочуць міру і выкарыстоўваюць сваю моц у сьвеце, каб аб’яднаць краіны. Прэзыдэнт Трамп — адзіны лідэр у сьвеце, які можа прымусіць Украіну і Расею пагадзіцца на гэта».
Паводле яе словаў, бакі дамовіліся:
- Стварыць мэханізм кансультацыў для ліквідацыі фактараў, якія выклікаюць раздражненьне ў двухбаковых адносінах ЗША і Расеі, з мэтай прыняць захады для нармалізацыі працы адпаведных дыпляматычных місіяў.
- Прызначыць адпаведныя групы высокага ўзроўню, каб як мага хутчэй пачаць працаваць над шляхам да спыненьня канфлікту ва Ўкраіне, які будзе трывалым, устойлівым і прымальным для ўсіх бакоў.
- Закласьці аснову для будучага супрацоўніцтва ЗША і Расеі ў пытаньнях узаемнага геапалітычнага інтарэсу і гістарычных эканамічных і інвэстыцыйных магчымасьцяў, якія ўзьнікнуць у выніку пасьпяховага завяршэньня канфлікту ва Ўкраіне.
- Бакі абавязаліся працягваць узаемадзеяньне, каб пераканацца, што працэс рухаецца наперад своечасова і прадукцыйна.
Пазыцыя Расеі
Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў, які браў удзел у дыскусіі, заявіў, што перамовы «прайшлі добра», бакі «дамовіліся ўлічваць інтарэсы адно аднаго».
Дакладная дата сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і ЗША Ўладзіміра Пуціна і Дональда Трампа пакуль ня вызначаная, але наўрад ці яна адбудзецца на наступным тыдні.
«Неабходная шчыльная праца дэлегацыяў дзьвюх краін. Мы да гэтага гатовыя, але пра канкрэтную дату сустрэчы двух лідэраў пакуль казаць складана», — сказаў Ушакоў у этэры расейскага Першага каналу.
Пасьля заканчэньня перамоваў у сталіцы Саудаўскай Арабіі расейскія афіцыйныя асобы заявілі журналістам, што гэтыя перамовы сталі жаданым першым крокам.
Галоўны дарадца кіраўніка Расеі ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў, які ўваходзіў у склад расейскай дэлегацыі, заявіў, што бакі дамовіліся, каб перамоўнікі размаўлялі пра Ўкраіну, і коратка абмеркавалі ўмовы, неабходныя для саміту Пуціна і Трампа.
Ён дадаў, што рашэньне пачаць глыбейшыя перамовы са Злучанымі Штатамі аб Украіне ў канчатковым выніку будзе прымаць сам Пуцін.
«Мы да гэтага гатовыя, але пакуль цяжка казаць пра канкрэтную дату сустрэчы двух лідэраў», — сказаў Ушакоў, якога цытуе Associated Press.
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў пасьля перамоваў заявіў, што размова была «вельмі карыснай» і што бакі «ня проста слухалі, але і чулі адно аднаго», цытуе яго РБК.
Сярод вынікаў сустрэчы Лаўроў назваў дамоўленасьці:
- забясьпечыць нармалізацыю работы дыпляматычных місіяў абедзьвюх краін,
- у бліжэйшы час сфармаваць працэс украінскага ўрэгуляваньня,
- стварыць умовы для аднаўленьня супрацы ЗША і Расеі.
Лаўроў заявіў, што падчас сустрэчы з дэлегацыяй ЗША быў узгоднены запуск «працэсу ўкраінскага ўрэгуляваньня» у бліжэйшы час. Паводле расейскага міністра, як толькі амэрыканскі бок паведаміць, хто будзе прадстаўляць Вашынгтон у рамках гэтай працы, Расея таксама вызначыць свайго прадстаўніка і паведаміць пра гэта ЗША. Кіраўнік МЗС Расеі таксама падкрэсьліў непрымальнасьць ініцыятывы, зьвязанай з магчымым накіраваньнем ва Ўкраіну міратворцаў з краінаў NATO, указаўшы ў якасьці прычыны «прамую пагрозу расейскаму сувэрэнітэту».
На перамовах у палацы Дырыя, Эр-Рыяд, Саудаўская Арабія, прысутнічаюць дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, міністар замежных справаў Саудаўскай Арабіі прынц Фэйсал бін Фархан Аль-Сауд, дарадца ў нацыянальнай бясьпецы, дзяржаўны міністар Саудаўскай Арабіі Мусайд бін Мухамад аль-Айбан, дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Ўолц, пасланьнік ЗША на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф, міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і дарадца прэзыдэнта Расеі ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў.
ЗША і Расея гавораць аб гэтай сустрэчы як аб першым кроку да наладжваньня дыялёгу паміж краінамі, а таксама да магчымых перамоваў аб міры ва Ўкраіне. Будзе абмяркоўвацца і рыхтаваньне сустрэчы на найвышэйшым узроўні.
Прадстаўнікі Ўкраіны і іншых дзяржаваў на сустрэчу не запрошаныя, яна мае двухбаковы фармат.
Дэлегацыі ўзначальваюць кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў — дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.
Паводле ранейшых словаў Рубіё, перамовы ў Саудаўскай Арабіі павінны прывесьці да шырэйшай размовы, ужо з уключэньнем Украіны.
Аднак сёньняшнія перамовы ня ўсе экспэрты расцэньваюць як паваротны момант у справе пошуку мірнага пагадненьня.
«Пакуль Трамп і Пуцін не сустрэнуцца ў адным пакоі, нічога сур’ёзнага ня будзе вырашана, — сказаў Радыё Свабода Эндру Д’Аньеры, навуковы супрацоўнік Атлянтычнай рады. — Гэта азначае, што ў эўрапейцаў і ўкраінцаў яшчэ ёсьць час і шмат магчымасьцяў, каб паўплываць на думкі адміністрацыі Трампа».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум