Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зробяць з рэжымам Лукашэнкі? Стратэгіі Кіева і Вашынгтону не супадаюць


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Нью-Ёрк, ЗША, 27 верасьня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і цяперашні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Нью-Ёрк, ЗША, 27 верасьня 2024 году

Прэзыдэнт Зяленскі намякае, што без дэмакратычных перамен у Беларусі трывалы мір у рэгіёне немагчымы. І гэта ўжо ня ўнутраная праблема Беларусі, а пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.

Паводле інфармацыі The New York Times, ЗША вядуць кулюарныя перамовы пра ўгоду з рэжымам Лукашэнкі, каб дамагчыся вызваленьня палітвязьняў і дыстанцыяваньня таго ад Расеі. Гэта — розныя стратэгіі.

Сьцісла:

  • Зяленскі апошнім часам стаў актыўна прасоўваць тэму Беларусі. У Кіеве лічаць, што без вырашэньня «беларускага пытаньня» немагчыма казаць пра трывалы мір. Зяленскі бачыць Беларусь на заходнім баку ад «жалезнай заслоны».
  • Паводле інфармацыі The New York Times, сэнс угоды паміж Вашынгтонам і Менскам ня столькі ў тым, каб вызваліць палітвязьняў, колькі ў імкненьні ЗША выціснуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі.
  • Дыстанцыяваньне Менску ад Масквы сёньня наўрад ці магчыма. Беларусь прывязана да Расеі ў эканамічным, лягістычным, а асабліва ў вайскова-палітычным пляне нашмат мацней, чым тое было ў 2010-х гадах.

Пад уплывам актыўных дзеяньняў новай адміністрацыі ЗША міжнародныя працэсы імкліва паскараюцца, пачаўся рух, які нейкім чынам можа закрануць і Беларусь.

З набліжэньнем замірэньня ў вайне ва Ўкраіне прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі апошнім часам стаў актыўна прасоўваць тэму Беларусі. У асноўным ён кажа пра пагрозу з боку Расеі, якая мае намер выкарыстаць беларускую тэрыторыю дзеля агрэсіі. Калі ўдасца дасягнуць спыненьня баявых дзеяньняў, замірэньня на фронце, то адразу ўзьнікне пытаньне: што рабіць з даўжэзнай мяжой Украіны зь Беларусьсю? Расея можа яе выкарыстаць для нападу, як тое ўжо было тры гады таму.

То бок у Кіеве лічаць, што без вырашэньня «беларускага пытаньня» немагчыма казаць пра трывалы мір. А як гэтае пытаньне вырашыць? Толькі інтэграцыяй Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. І раней Зяленскі казаў, што паўночны сусед павінен стаць часткай ЭЗ. У навагоднім звароце лідэр Украіны паўтарыў лёзунг беларускіх дэмакратычных сілаў: «Жыве Беларусь!».

А ў сваім выступе на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ўкраінскі прэзыдэнт заявіў: «Мая прапанова: усходняя мяжа Ўкраіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта самая моцная лінія бясьпекі для ўсіх нас у Эўропе, бо гэта лінія міжнароднага права».

То бок Зяленскі бачыць Беларусь на заходнім баку гэтай мяжы, «лініі бясьпекі», ці, калі заўгодна, «жалезнай заслоны». І хоча гаварыць на гэтую тэму з Дональдам Трампам.

Але пакуль у Беларусі пануе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, рэалізаваць такую ідэю нерэальна. Зяленскі намякае, што без дэмакратычных перамен у паўночнага суседа трывалы мір у рэгіёне немагчымы. І гэта ўжо ня ўнутраная праблема Беларусі, гэта пытаньне рэгіянальнай бясьпекі.

Амаль адначасова зьявіўся артыкул у The New York Times, у якім сьцьвярджаецца, што ЗША вядуць кулюарныя перамовы пра ўгоду з рэжымам Лукашэнкі. Паводле яе ўмоваў, беларускія ўлады павінны выпусьціць значную частку палітвязьняў і нават спыніць палітыку рэпрэсіяў, а ЗША ці скасуюць, ці аслабяць санкцыі супраць калійнай галіны і банкаў Беларусі. Угода, як мяркуюць у Вашынгтоне, дазволіць Лукашэнку дыстанцыявацца ад Расеі.

Значыць, галоўны сэнс угоды ня столькі ў тым, каб вызваліць палітвязьняў, колькі ў імкненьні ЗША выціснуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. Стаўка робіцца не на зьмену рэжыму Лукашэнкі, а на дамоўленасьці менавіта зь дзейным рэжымам. Ня зрынуць, а ў пэўным сэнсе купіць. Гэта зусім іншая стратэгія, чым тая, якую прапаноўвае Зяленскі.

Калі інфармацыя The New York Times праўдзівая, то Дональд Трамп імкнецца паўтарыць тую тактыку, якую ягоная адміністрацыя спрабавала рэалізаваць у канцы першай кадэнцыі дзейнага прэзыдэнта. Тады ў Менск прыяжджалі дзяржаўны сакратар США Майкл Пампэо і дарадца прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Амэрыканцы нават прыслалі танкер з амэрыканскай нафтай для Беларусі. Ці можна паўтарыць такую дыпляматычную лінію цяпер?

У пытаньні вызваленьня палітвязьняў у Лукашэнкі разьвязаныя рукі. Унутраную палітыку Беларусі, маштаб рэпрэсіяў Пуцін, хутчэй за ўсё, не кантралюе. Калі за вызваленьне палітзьняволеных ЗША гатовыя аслабіць эканамічныя санкцыі, то тут цалкам магчымая ўгода.

А вось калі ЗША будуць патрабаваць ад Лукашэнкі дыстанцыявацца ад Расеі, то тут наўрад ці што атрымаецца. Бо ўмовы зусім іншыя. Беларусь прывязана да Расеі ў эканамічным, лягістычным, а асабліва ў вайскова-палітычным пляне значна мацней, чым тое было ў 2010-х гадах. Без расейскай дапамогі рэжым Лукашэнкі ня выжыве. ЗША ня здольныя замяніць яму Расею, ня ў стане прапанаваць нешта такое, што стымулявала б Менск да аддаленьня ад Масквы. Цяпер Лукашэнка і Пуцін моцна зьвязаныя адным ланцугом. Таму такія намеры Вашынгтону (калі яны сапраўды маюць месца) не выглядаюць рэалістычнымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG