Расейская Дзяржаўная дума 18 лютага ратыфікавала дамову паміж Беларусьсю і Расеяй аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы», якую Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падпісалі ў Менску ў сьнежні 2024 году. На ратыфікацыю яе ўнесьлі 5 лютага.
Згодна з дамовай, бакі будуць разглядаць узброены напад на адну з краін-удзельніц як напад на «саюзную дзяржаву» ў цэлым і «прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаньнем усіх сіл і сродкаў, якія ёсьць у іхным распараджэньні».
Асобна ў дамове згадваецца ядзерная зброя, пры гэтым паўтараюцца палажэньні нядаўна абноўленай расейскай ядзернай дактрыны аб тым, што ядзерная зброя можа быць ужытая ў выпадку агрэсіі, якая стварае крытычную пагрозу яе сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласьці дзяржавы. У выпадку агрэсіі супраць Беларусі рашэньне аб ужываньні разьмешчанай на яе тэрыторыі расейскай ядзернай зброі «прымаецца ў парадку, устаноўленым бакамі». Што гэта за парадак, не ўдакладняюць. Раней Лукашэнка неаднойчы заяўляў пра магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ў выпадку нападу на Беларусь.
З апублікаванага раней тэксту дамовы вынікае, што «ў мэтах перадухіленьня і адбіцьця актаў агрэсіі» на тэрыторыі Беларусі могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб’екты Расеі, а таксама разьмяшчацца расейскія вайсковыя фармаваньні.
На сустрэчы з Пуціным у сьнежні 2024 году Лукашэнка таксама прасіў расейскага прэзыдэнта разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ракетную сыстэму «Арэшнік». Пуцін адказаў, што гэта стане магчыма ў другой палове 2025 году. «Да гэтага часу, паводле нашых папярэдніх разьлікаў, мы наладзім іх сэрыйны выпуск», — заявіў Пуцін.
- Расея летась падпісала дамову пра стратэгічнае партнэрства — фактычна пра вайсковы саюз — з Паўночнай Карэяй. Украіна і краіны Захаду паведамлялі, што КНДР адправіла некалькі тысяч сваіх жаўнераў для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. Масква і Пхэньян гэта не пацьвярджалі, але катэгарычна і не адмаўлялі.
- У студзені падпісаная яшчэ адна дамова аб стратэгічным партнэрстве — паміж Расеяй і Іранам. У ім, аднак, няма пунктаў пра вайсковы саюз.
Форум