Уладзімір Зяленскі аб’явіў пра гэта рашэньне 18 лютага — у той жа дзень, калі ў сталіцы Саудаўскай Арабіі прайшлі першыя пасьля пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну двухбаковыя перамовы паміж дэлегацыямі ЗША і Расеі. Іх узначальвалі кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін.
Камэнтуючы перамовы ЗША і Расеі, якія прайшлі ў Саудаўскай Арабіі, Уладзімір Зяленскі ў Анкары заявіў, што «не зьбіраецца» згаджацца на ультыматум Расеі, цытуе яго ўкраінскае выданьне УНІАН. Паводле Зяленскага, Расея яшчэ ў 2022 годзе паставіла ультыматум па зьмяншэньні колькасьці Ўзброеных сіл Украіны, прызнаньні акупаваных тэрыторыяў Украіны тэрыторыямі Расеі і прызначэньні прарасейскага кіраўніцтва.
«І ў мяне такое ўражаньне, што цяпер адбываюцца нейкія перамовы, і яны з такім жа настроем адбываюцца. Але яны адбываюцца паміж прадстаўнікамі Расеі і прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амэрыкі зноў пра Ўкраіну і без Украіны. Цікава, калі мы ў самы складаны момант не пайшлі на ўсе гэтыя ўльтыматумы — адкуль такое адчуваньне, што зараз Украіна на гэта пойдзе?» — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ніякіх дамоўленасьцяў ні падчас акупацыі Кіева, ні падчас сустрэчы ў Беларусі і Турэччыне ва Ўкраіны з Расеяй не было. «Я, як прэзыдэнт Украіны, нікому нічога не гарантаваў, нікому нічога не пацьвярджаў. Тым больш, ісьці на ўльтыматумы Расеі не збіраўся. І не зьбіраюся», — падкрэсьліў ён.
Уладзімір Зяленскі таксама паўтарыў, што за сьпінай Украіны немагчыма весьці перамовы аб тым, як пакласьці канец вайне. Паводле ўкраінскага лідэра, для гарантаваньня справядлівага міру ў перамовах пры ўдзеле ЗША аб гарантыях бясьпекі для Кіева павінны ўдзельнічаць Украіна і Эўропа.
18 лютага прэзыдэнт Украіны правёў у Анкары перамовы з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Агенцтвы прыводзяць, сярод іншага, выказваньні Зяленскага пра тое, што адсутнасьць, як ён сказаў, жаданьня ў ЗША і шэрагу эўрапейскіх краін забясьпечыць сяброўства Ўкраіны ў NATO «супадае з жаданьнем Расеі».
Зяленскі дадаў, што чакае ў Кіеве дэлегацыю з ЗША. Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на крыніцу, што ўвечары 18 лютага ва ўкраінскую сталіцу адправіцца спэцпасланьнік ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг. Раней Зяленскі паведамляў, што прыезд Келага заплянаваны на 20 лютага. Сам Келаг казаў, што плянаваньне паездкі блізкае да завяршэньня.
Перамовы з Рэджэпам Эрдаганам Уладзімір Зяленскі назваў канструктыўнымі. Эрдаган на сумеснай прэс-канфэрэнцыі падкрэсьліў, што тэрытарыяльная цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны для Анкары цяпер бясспрэчныя. Таксама Эрдаган назваў Турэччыну прыдатнай пляцоўкай для любых мірных перамоваў з удзелам Расеі і дадаў, што нядаўняя дыпляматычная ініцыятыва прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па спыненьні вайны Расеі супраць Украіны адпавядае палітыцы Турэччыны з самага пачатку ўзброенага канфлікту тры гады таму.
Форум