Больш за дзесяць украінак, якія жывуць у гэтай краіне, заявілі аб агрэсіўных паводзінах і нават нападах на іх таго ж мужчыны, грамадзяніна Латвіі Аляксандра Вабікса, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
Ён нападаў на жанчын за тое, што яны размаўлялі па-ўкраінску ў транспарце, на вуліцы або ў іншых месцах Швайцарыі.
Інцыдэнт, пасьля якога Вабікс атрымаў шырокую вядомасьць, адбыўся 13 кастрычніка ў цягніку Інтэрлякен — Шпіц. Там мужчына напаў на сямʼю Алены Дуднік і Габрыеля Шарова зь іхным малым дзіцем. Алена — украінка, яе муж нарадзіўся і вырас у беларускай сямʼі ў Швайцарыі. Муж і жонка расказалі, што агрэсіўны расейскамоўны мужчына пачаў абражаць пару, у тым ліку матам, і пагражаць ім: «Што ты супраць расейцаў маеш? Я рускі чалавек, мы вас, с*ка, забіваць будзем, і будзем забіваць да канца!»
«Ён заявіў, што падтрымлівае ўсю гэтую вайну, пуцінскі рэжым. Ён лічыць сябе расейцам, ён казаў, што нас трэба забіць. Ён так зразумеў, што мая жонка — украінская ўцякачка, і пачаў агрэсію. Я ўпершыню сутыкнуўся з падобным, — расказаў Габрыель Шароў Беларускай службе Радыё Свабода. — Я спрабаваў яго супакоіць, паказваў, што вакол шмат турыстаў, дзеці. Ён устаў, выбіў тэлефон з рук жонкі. Я адрэагаваў — адштурхнуў яго».
Пасьля таго, як Алена і Габрыель расказалі Ўкраінскай службе Радыё Свабода пра тое, што адбылося ў цягніку, пра аналягічныя напады агрэсіўнага мужчыны на іх паведамілі яшчэ некалькі ўкраінак. Зь іхных словаў, напады адбыліся ў грамадзкім транспарце, крамах, спартовых залях і басэйнах Цюрыху, Бэрну і Жэнэвы. Усе жанчыны апазналі Вабікса ці апісалі яго аблічча вельмі падобна.
Адна з тых, хто сутыкнуўся з агрэсіяй з боку Вабікса, — кіяўлянка Марыя Лембак, яна зьехала ў Швайцарыю з дачкой як уцякачка пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. Марыя расказвае, што ў красавіку 2025 году ў Бэрне яна ехала зь сяброўкай і двума пяцігадовымі дзецьмі ў трамваі. Ззаду яе, кажа жанчына, сядзелі мужчына і жанчына: яны размаўлялі па-расейску, ужываючы нецэнзурныя словы. Мужчына і быў Вабікс. Марыя падкрэсьлівае, што яны зь сяброўкай размаўлялі паміж сабой па-ўкраінску. Як і ў выпадку з Аленай і Габрыелем, гэта справакавала мужчыну на агрэсію.
«Ён выйшаў, калі ўбачыў, што я тэлефаную ў паліцыю — хоць раней сказаў, што паліцыя нічога яму ня зробіць», — заявіла Марыя.
Марыя сфатаграфавала мужчыну ў трамваі і пайшла ў бліжэйшы паліцэйскі пастарунак, каб напісаць на яго заяву.
«Але паліцыя мне сказала: „Разумееце, мы яго ня можам знайсьці“. Я ім кажу: „Фота ёсьць“. А яны адказалі, што гэта не крымінальная справа, бо ён мяне ня ўдарыў, — апавядае Марыя. — Тады я спытала: ці магу апублікаваць фота, каб людзі апазналі гэтага мужчыну? Яны адказалі, што так».
Празь некалькі дзён, кажа Марыя, паліцыя даведалася імя і прозьвішча мужчыны, які абражаў яе ў трамваі, і правяла з ім гутарку. Тады Марыя прывяла яшчэ жанчыну, якая адгукнулася на яе публікацыю і таксама апазнала мужчыну.
Яшчэ адна ўкраінка, якая апазнала мужчыну на відэа з цягніка, — Вольга, яна пераехала ў Швайцарыю сёлета. Той самы мужчына пачаў абражаць яе і ейную сястру. Вольга зьняла інцыдэнт на відэа, якім падзялілася з Радыё Свабода.
На ім мужчына адзеты ў цёмна-сіняе худзі з чырвоным надпісам — у такім жа ён зьняты на відэа зь цягніка. Убачыўшы, што яго здымаюць, мужчына, з словаў Вольгі, пачаў на яе крычаць, каб яна перастала гэта рабіць. Ён размахваў кулакамі, ударыў жанчыну па руцэ, патрабаваў выдаліць відэа і пачаў ёй пагражаць.
Мужчыну, які напаў на сямʼю ў цягніку, раней ідэнтыфікавалі як грамадзяніна Латвіі і ўраджэнца Рыгі Аляксандра Вабікса.
Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі завяла на яго крымінальную справу паводле артыкулу аб распальваньні нацыянальнай варожасьці, зьвязаным з гвалтам і пагрозамі. Аднак ці затрымалі яго і ці будзе на яго заведзеная справа ў Швайцарыі, дзе ён жыве, невядома.
З словаў Алены Дуднік, Аляксандр працаваў кухарам на харчовым камбінаце, які абслугоўвае камэрцыйныя самалёты ў аэрапорце Цюрыху. Пасьля інцыдэнту яго звольнілі, пра гэта паведамілі супрацоўнікі аэрапорта.
Латвійскія СМІ знайшлі Вабікса ў мясцовым рэестры няплатнікаў алімэнтаў, яго таксама апазналі знаёмыя. На старонках Аляксандра ў Facebook можна знайсьці фатаграфіі ў тым жа худзі, у якім яго зьнялі на відэа падчас нападу ў цягніку.
Вабікс не хавае сваіх прарасейскіх поглядаў: у студзені 2024 году ён апублікаваў фота ў футболцы з надпісам «Расея ў маім сэрцы», а яшчэ раней — у 2017 годзе — фатаграфію, зробленую на Краснай плошчы ў Маскве.
Форум