Калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп замарозіў замежную дапамогу на 90 дзён, ён сьцьвярджаў, што такі рашучы крок неабходны, каб спыніць марнатраўства і заблякаваць выдаткі, якія не адпавядаюць амэрыканскім інтарэсам — ён іх кпліва называе выдаткамі «на абуджэньне». Але экспэрты кажуць, што прыпыненьне дапамогі мае яшчэ адно, значна больш сур’ёзнае наступства: падбадзёрваньне аўтарытарных лідэраў, піша Associated Press.
Мільярды, якія ЗША штогод выдаткоўваюць на замежную дапамогу (больш, чым любая іншая краіна), складаюцца з соцень грантаў для вялікай колькасьці груп, якія займаюцца барацьбой за дэмакратыю ў аўтарытарных краінах па ўсім сьвеце. Сярод груп, якія не атрымаюць важнага фінансаваньня, ёсьць арганізацыя, якая навучыла работнікаў выбарчых участкаў выяўляць фальсыфікацыі падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле, прадэмакратычныя актывісты на Кубе і ў Кітаі, а таксама група беларускіх выгнаньнікаў, якія стаяць за кампаніяй блякаваньня дыктатуры сваёй краіны.
Перамога на фальшывых выбарах
«Скарачэньне фінансаваньня гэтых важных намаганьняў пасылае няправільны сыгнал дыктатурам і шкодзіць мужным людзям, якія змагаюцца за свабоду», — кажа Тур Гальворсэн, заснавальнік Фонду правоў чалавека ў Нью-Ёрку, які не атрымлівае фінансаваньня ад ураду ЗША. «Гэтыя канкрэтныя інвэстыцыі трэба ня проста аднавіць — яны павінны быць прыярытэтнымі», — лічыць Тур Гальворсэн.
Сёлета Кангрэс ЗША выдзеліў у бюджэце ня менш за 690 мільёнаў даляраў на прадэмакратычныя праграмы для барацьбы з аўтарытарным кіраваньнем у васьмі краінах, якія экспэрты лічаць аднымі з найменш свабодных у сьвеце: Беларусі, Кітаі, Кубе, Іране, Нікарагуа, Паўночнай Карэі, Расеі і Вэнэсуэле. Большая частка прадэмакратычнага фінансаваньня накіроўваецца праз Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША, дзе сотні супрацоўнікаў былі звольненыя на фоне спробаў мільярдэра Ілана Маска закрыць агенцтва, якое існавала дзесяцігодзьдзямі, у рамках ягонай кампаніі скарачэньня выдаткаў.
Трамп, абвяшчаючы аб прыпыненьні дапамогі ў свой першы дзень на пасадзе, сказаў, што ўся замежная дапамога будзе ацэньвацца на прадмет таго, ці робіць яна ЗША больш бясьпечнымі, моцнымі і квітнеючымі. Правверку USAID ён даручыў Пітэру Марока, былому марскому пяхотніку ЗША і кансэрватыўнаму актывісту з Даласа, які нядоўгі час працаваў у агенцтве USAID падчас першай адміністрацыі Трампа. Марока не адказаў на запыт AP аб камэнтары, а Белы дом зьвярнуў увагу на словы Трампа ад 3 лютага: той асуджаў USAID як установу, якой кіруюць «левыя радыкальныя варʼяты».
Мядзьведзеў, Артэга, Лукашэнка пра фінансаваньне «зьбеглай апазыцыі»
Нягледзячы на тое, што фінансаваньне некаторых праграм, якія адпавядаюць замежнай палітыцы Трампа пад лёзунгам «Амэрыка перадусім», можа аднавіцца, «моцныя гэтага сьвету» ўжо сьвяткуюць і множаць напады на апанэнтаў.
Так, у Вэнэсуэле міністар унутраных спраў Дыясдада Кабэльля, які адказвае за бясьпеку ў кіроўнай Сацыялістычнай партыі, пахваліўся на мінулым тыдні на дзяржаўнай тэлевізіі, што дапамога, якую накіроўвае USAID апазыцыі, была «чорнай скрыняй карупцыі», і паабяцаў яе расьсьледаваць.
Былы прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у этэры X выказаў спадзяваньне, што «славутая „глыбінная дзяржава“ не праглыне» Маска за тое, што ён спыніў дзейнасьць агенцтва.
А ў Нікарагуа тэлеканал, які належыць сынам дыктатара Даніеля Артэгі, заявіў, што «Трамп перакрыў кран» для «тэрарыстаў».
Мэдыя, якія падтрымліваюць ісламскае кіраўніцтва ў Іране, жартавалі, што ЗША абыходзяцца са сваімі саюзьнікамі, як з «аднаразовымі сурвэткамі».
Тым часам у Беларусі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка крычаў, што рашэньне Трампа скараціць фінансаваньне «зьбеглай апазыцыі» стала адказам на заклікі ягонага ўраду перазагрузіць двухбаковыя адносіны.
«Сумленныя людзі»: можа быць прайграная яшчэ адна бітва
Алена Жываглод, кіраўніца арганізацыі «Сумленныя людзі», створанай у 2020 годзе, каб супрацьстаяць афіцыйнаму наратыву Лукашэнкі і пакласьці канец тром дзесяцігодзьдзям ягонага жорсткага кіраваньня, заявіла, што неўзабаве ёй давядзецца звольніць 15 супрацоўнікаў і скасаваць арэнду офісу групы ў Варшаве.
«Гаворка не ідзе пра тое, што 15 беларускіх эмігрантаў у Польшчы вымушаныя пакінуць працу, — сказала Жываглод. — Гэта значыць прайграць яшчэ адну бітву прапагандысцкім машынам рэжыму Лукашэнкі і Крамля — машынам, якія штодня бамбяць беларусаў».
Такія ж змрочныя пэрспэктывы і ў Вэнэсуэле. Сярод тых, хто пацярпеў у гэтай паўднёваамэрыканскай краіне, — журналісты, якія выкрылі карупцыю найвышэйшых вайсковых і цывільных чыноўнікаў, арганізацыя, якая аказвае юрыдычныя паслугі палітвязьням, і група назіраньня за выбарамі, якая дапамагла знайсьці доказы таго, што прэзыдэнт Нікаляс Мадура мінулым летам скраў выбары. Усе арганізацыі папрасілі Associated Press не падаваць іхных назваў, баючыся, што ўрад можа ўвесьці ў дзеяньне новы закон, які прызнае атрыманьне міжнароднага фінансаваньня крымінальным злачынствам.
«Трамп робіць працу, якую Мадура ніколі ня мог выканаць: душыць грамадзянскую супольнасьць», — сказаў адзін з актывістаў, на якіх паўплывала замарожваньне фінансаваньня і які ў панядзелак пачаў звальняць дзясяткі падрадчыкаў, якія адыгралі ключавую ролю ў мабілізацыі апазыцыі Мадура.
«Безь фінансавай падтрымкі стануць уразьлівымі для рэжыму»
Экспэрт Тур Гальворсэн мяркуе, што хоць і ёсьць прычыны аналізаваць, наколькі грошы падаткаплатнікаў для праграмаў дапамогі выкарыстоўваюцца разумна, гэтыя праграмы ўсё ж адны з найбольш эфэктыўных інструмэнтаў для прасоўваньня інтарэсаў ЗША. Тым ня менш апытаньні грамадзкай думкі пастаянна паказваюць, што амэрыканцы лічаць, што ЗША занадта шчодра раздаюць грошы замежным урадам, нават калі іншыя краіны, такія як Нарвэгія і Швэцыя, ахвяруюць значна больш, а замежная дапамога складае менш за 1% фэдэральнага бюджэту.
Яшчэ адна ахвяра замарожваньня дапамогі — Міжамэрыканская камісія правоў чалавека, якая засяродзіла вялікую частку сваёй нядаўняй працы на Кубе, Нікарагуа і Вэнэсуэле — краінах, дзе інстытуты ўкамплектаваныя прыхільнікамі кіроўнай партыі. Назіральная група застаецца апорнай часткай міжамэрыканскай сыстэмы пад кіраўніцтвам ЗША з 1950-х гадоў і залежыць галоўным чынам ад унёску Вашынгтона, дзе яна базуецца. Апошнімі днямі ёй давялося звольніць каля траціны сваёй працоўнай сілы.
Рабэрта Кларк, прэзыдэнтка назіральнай рады арганізацыі, падчас размовы са сваім пэрсаналам назвала замарожваньне замежнай дапамогі «надзвычай разбуральным, надзвычай жорсткім». Адна старшая мэнэджарка падчас званка апісала крызіс фінансаваньня як не падобны да ўсяго, што яна бачыла за 24 гады працы ў камісіі. Другі мэнэджар-вэтэран сказаў, што камісіі пагражае «каляпс».
«Я б сказаў „добры дзень“, але гэта ня добры дзень», — сказала Кларк, юрыст з Барбадасу, на пачатку размовы, запіс якой быў перададзены AP на ўмовах ананімнасьці.
Адміністрацыі, якія зьмянялі адна адну, у тым ліку першы Белы дом Трампа, таксама цьвёрда падтрымлівалі дэмакратычных актывістаў, якія змагаліся з кіроўнай Камуністычнай партыяй Кітая. Загады спыніць фінансаваньне пакінулі групы — асабліва тыя, якія працуюць над праблемамі Тыбэту і Ганконгу, а таксама уйгурскіх меншасьцяў — безь фінансавай падтрымкі, і цяпер яны ўразьлівыя для Пэкіну, які беспакарана нападае на іх. Некаторыя рэспубліканцы таксама занепакоеныя, што Трамп можа нанесьці шкоду стратэгічным інтарэсам і інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША.
«Мы рады, што прэзыдэнт Трамп уважліва глядзіць на тое, як выдаткоўваюцца грошы і як замежная дапамога можа быць найбольш карыснай. Але мы спадзяёмся, што гэта проста апэратыўны разгляд», — сказаў Дэніел Твінінг, прэзыдэнт Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту, які кіруе праграмамі ад імя Дзярждэпартамэнту ў некаторых з найбольш небясьпечных для актывістаў краінах. «Дыктатары і праціўнікі, такія як Кітай, не спыняюцца», — даводзіць суразмоўца АР.
Форум