Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп можа ліквідаваць агенцтва замежнай дапамогі, «каб зэканоміць мільярды»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аўтары: Карл Шрэк, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа падае сыгналы, што зьбіраецца закрыць асноўны амэрыканскі інструмэнт міжнароднай дапамогі — Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID).

Гэта, калі адбудзецца, стане адным з рашэньняў выканаўчай улады, накіраваных на скарачэньне дзяржаўных выдаткаў. Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі папярэджваюць, што гэты крок можа мець катастрафічныя наступствы.

На чале наступу на USAID — Ілан Маск, які адказвае ў адміністрацыі Трампа за скарачэньне дзяржаўных выдаткаў. Ён сьцьвярджае, што можа скараціць дэфіцыт ЗША на 1 трыльён даляраў, і пазыцыянуе сваю кампанію як бітву з карупцыяй.

Супрацоўнікі USAID атрымалі паведамленьне, што офіс агенцтва ў Вашынгтоне будзе закрыты для пэрсаналу 3 лютага «на загад кіраўніцтва агенцтва», паведамілі CNN і Associated Press са спасылкай на некалькі крыніцаў.

Сайт агенцтва USAID, якое, паводле ААН, забясьпечвае больш за 40 працэнтаў усёй гуманітарнай дапамогі ў сьвеце, быў 3 лютага недаступны, а прэзыдэнт Трамп заявіў, што агенцтвам «кіравала банда радыкальных вар’ятаў».

«Мы іх прыбіраем, а затым прымем рашэньне» наконт будучыні USAID, — паведаміў ён журналістам 2 лютага.

Заявы Трампа прагучалі пасьля паведамленьняў CNN і Reuters, што двух супрацоўнікаў бясьпекі USAID адхілілі ад выкананьня абавязкаў пасьля спробы не дапусьціць прадстаўнікоў Дэпартамэнту дзяржаўнай эфэктыўнасьці (DOGE) пад кіраваньнем Маска да кампутарных сыстэмаў агенцтва.

Сам Маск назваў USAID, якое разьмяркоўвае дзясяткі мільярдаў даляраў зацьверджанай Кангрэсам замежнай дапамогі, «крымінальнай арганізацыяй» і заявіў, што ёй «час памерці».

2 лютага група старэйшых дэмакратаў у Камітэце Сэнату па замежных справах накіравала дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіё ліст, у якім выказала «глыбокую занепакоенасьць» дзеяньнямі адміністрацыі Трампа ў адносінах да USAID, створанай, «каб забясьпечыць магчымасьць хутка разгортваць патэнцыял разьвіцьця і замежнай дапамогі ЗША, асабліва ў часы крызісу, для дасягненьня нашых мэтаў нацыянальнай бясьпекі».

Дзярждэпартамэнт пад кіраваньнем Рубіё 24 студзеня загадаў замарозіць новае фінансаваньне амаль усіх праграм замежнай дапамогі ЗША як частку намаганьняў Трампа ўзгадніць праграмы з мэтамі ягонай зьнешняй палітыкі.

Пасьля заступленьня на пасаду ў мінулым месяцы Рубіё заявіў пра замежную дапамогу падчас кіраваньня Трампа:

«Кожны даляр, які мы выдаткоўваем, кожная праграма, якую мы фінансуем, і кожная палітыка, якую мы праводзім, павінны быць апраўданыя адказамі на тры простыя пытаньні: Ці робіць гэта Амэрыку больш бясьпечнай? Ці робіць гэта Амэрыку больш моцнай? Ці робіць гэта Амэрыку больш заможнай?»

Указ Трампа прадугледжваў 90-дзённую паўзу ў замежнай дапамозе, каб ацаніць яе эфэктыўнасьць і «адпаведнасьць зьнешняй палітыцы Злучаных Штатаў». Дакумэнт дае Рубіё паўнамоцтвы адмяняць трохмесячную паўзу для «канкрэтных праграм».

Гуманітарныя групы і недзяржаўныя арганізацыі ва ўсім сьвеце выказалі занепакоенасьць лёсам USAID пасьля ўказу Трампа.

Ян Эгеланд, генэральны сакратар Нарвэскай Рады ў пытаньнях уцекачоў, сказаў афганскай службе Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што прыпыненьне фінансаваньня для Афганістану «было б катастрафічным для апэрацыі, якая ахоплівае больш за 22 мільёны афганцаў, якія патрабуюць дапамогі».

Ад лютага 2022 году, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, USAID забясьпечыла Ўкраіну мільярдамі даляраў гуманітарнай дапамогі, дапамогі ў разьвіцьці і прамой бюджэтнай падтрымкі.

Трамп крытыкаваў абʼём дапамогі, якую адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аказвала Ўкраіне.

Сьвятлана Мусяк, дасьледчыца Кіеўскага незалежнага антыкарупцыйнага цэнтру, сказала ўкраінскай службе Радыё Свабода, што прыпыненьне фінансаваньня USAID Украіне можа нэгатыўна паўплываць на праграмы грамадзянскай супольнасьці і сыгналізаваць пра «скарачэньне падтрымкі Злучанымі Штатамі дэмакратычных рэформаў і эканамічнай стабільнасьці ў краіне».

Некаторыя прадстаўнікі ўкраінскай грамадзянскай супольнасьці падтрымліваюць правядзеньне аўдыту фінансаваньня USAID у краіне, у тым ліку Алена Трэгуб, кіраўніца Незалежнай антыкарупцыйнай камісіі і член Антыкарупцыйнай рады Міністэрства абароны Ўкраіны.

Трэгуб напісала ў Facebook 2 лютага, што заўсёды падкрэсьлівала неабходнасьць рэфармаваць USAID, бо назірала, як «велізарныя бюджэты праходзяць праз гэтае дзяржаўнае агенцтва, а вынікі часта пакідаюць жадаць лепшага».

Аднак яна дадала, што USAID падтрымала вельмі важныя рэформы, грамадзянскую супольнасьць, гуманітарныя і інфраструктурныя праекты, якія мелі значны ўплыў на разьвіцьцё Ўкраіны.

У інтэрвію тэлеканалу CBS News 2 лютага кангрэсмэн-рэспубліканец Браян Маст з Флорыды сказаў, што працуе з Рубіё, «каб забясьпечыць адпаведнае кіраваньне» такімі агенцтвамі, як USAID.

Маст, старшыня Камітэту замежных спраў у Палаце прадстаўнікоў, сказаў, што падтрымае «выдаленьне USAID як асобнага дэпартамэнту» і перавод яго ў катэгорыю «іншых частак» Дзярждэпартамэнту.

Старэйшыя сэнатары-дэмакраты ў сваім лісьце да Рубіё ад 2 лютага заявілі, што «любыя намаганьні абʼяднаць або далучыць USAID да Дзярждэпартамэнту павінны быць папярэдне разгледжаныя, абмеркаваныя і зацьверджаныя Кангрэсам».

«Кангрэс таксама даў ясна зразумець, што любая спроба перабудаваць або зьмяніць USAID патрабуе папярэдніх кансультацый і інфармаваньня Кангрэсу», — напісалі яны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG