Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША кангрэсмэны выступілі ў абарону USAID пасьля блякаваньня працы супрацоўнікаў агенцтва


Прадстаўнік Кангрэсу ЗША Джэймі Раскін выступае каля будынка Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID) пасьля заяваў Ілана Маска, што вядзецца праца для яго закрыцьця. Вашынгтон, 3 лютага 2025
Прадстаўнік Кангрэсу ЗША Джэймі Раскін выступае каля будынка Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID) пасьля заяваў Ілана Маска, што вядзецца праца для яго закрыцьця. Вашынгтон, 3 лютага 2025

Амэрыканскія заканадаўцы паабяцалі абараняць працу USAID, якая трапіла пад замарожваньне праектаў з боку новай адміністрацыі.

Кангрэсмэны ЗША ад Дэмакратычнай партыі выступілі супраць спробы адміністрацыі Трампа перавесьці Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID) у падпарадкаваньне Дзяржаўнаму дэпартамэнту, ставячы пры гэтым пад сумнеў фінансаваньне праграм дапамогі ва ўсім сьвеце, у тым ліку мільярдаў даляраў дапамогі на разьвіцьцё Ўкраіны, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй.

Заканадаўцы сабраліся каля штаб-кватэры USAID у цэнтры Вашынгтона 3 лютага, яны раскрытыкавалі тое, што яны назвалі «незаконным манэўрам» генэральнага дырэктара Tesla і SpaceX Ілана Маска, якому прэзыдэнт Дональд Трамп даручыў скараціць урад.

Прадстаўнікі Кангрэсу правялі мітынг на знак пратэсту пасьля паведамленьняў пра тое, што супрацоўнікам агенцтва было загадана не зьяўляцца на працы 3 лютага, а пасьля ім заблякавалі доступ да дзяржаўнай электроннай пошты і іншых уліковых запісаў.

Заканадаўцы, якія выступілі каля штаб-кватэры агенцтва ў Вашынгтоне з абаронай працы USAID, заявілі, што гэтыя дзеяньні былі ўварваньнем ва ўладу Кангрэсу.

«У нас няма чацьвёртай галіны ўлады, названай у гонар Ілана Маска. І гэта стане відавочным», — сказаў кангрэсмэн Джэймі Раскін (штат Мэрыленд).

Ён дадаў, што ня ведае, якія матывы ў Ілана Маска, «але яны ня маюць нічога агульнага з тым, што было законна прынята народам ЗША праз Кангрэс Злучаных Штатаў. Мы будзем і далей абараняць USAID».

Сэнатар Крыс Мэрфі з Канэктыкуту сказаў, што гэты крок спарадзіў канстытуцыйны крызіс, і паабяцаў змагацца зь ім.

Ён назваў гэта спробай «перадаць урад групе нявыбраных мільярдэраў і карпаратыўных інтарэсаў, і мы не дазволім ім гэтага зрабіць».

Тым часам дзяржаўны сакратар Марка Рубіё пацьвердзіў, што зьяўляецца выканаўцам абавязкаў дырэктара USAID, але сказаў, што перадаў гэтыя паўнамоцтвы, таму ня будзе сам кіраваць паўсядзённай дзейнасьцю агенцтва. У лісьце ён праінфармаваў Кангрэс аб рэарганізацыі агенцтва, адзначыўшы, што некаторыя часткі USAID могуць быць уключаныя ў Дзярждэпартамэнт, а астатнія могуць быць зьліквідаваныя.

Па словах Рубіё, гаворка ідзе «не аб спыненьні праграм, якімі займаецца USAID», а аб пераняцьці палітычнага кіраўніцтва ў Дзярждэпартамэнту.

Рубіё падкрэсьліў, што грошы, якія атрымлівае USAID, — гэта грошы падаткаплатнікаў, але агенцтва ператварылася ў «глябальную дабрачынную арганізацыю, адарваную ад нацыянальных інтарэсаў».

Белы дом быў настойлівы ў неабходнасьці рэфармаваньня агенцтва, ён заявіў пра «марнатраўства і злоўжываньні» ў USAID.

USAID зьяўляецца незалежнай дзяржаўнай установай, заснаванай Кангрэсам ЗША ў 1961 годзе з прыкладна 10 тысячамі супрацоўнікаў па ўсім сьвеце. Гэта галоўнае агенцтва міжнароднай дапамогі ўраду ЗША, якое штогод атрымлівае ад Кангрэсу дзясяткі мільярдаў даляраў на фінансаваньне праграм у некаторых з самых бедных краін сьвету.

  • Раней СМІ паведамілі, што супрацоўнікі USAID атрымалі паведамленьне, што офіс агенцтва ў Вашынгтоне будзе закрыты для пэрсаналу 3 лютага «на загад кіраўніцтва агенцтва». CNN і Reuters напісалі, што двух супрацоўнікаў бясьпекі USAID адхілілі ад выкананьня абавязкаў пасьля спробы не дапусьціць прадстаўнікоў Дэпартамэнту дзяржаўнай эфэктыўнасьці (DOGE) пад кіраваньнем Маска да кампутарных сыстэмаў агенцтва.
  • Сайт агенцтва USAID, якое, паводле ААН, забясьпечвае больш за 40% усёй гуманітарнай дапамогі ў сьвеце, быў 3 лютага недаступны, а прэзыдэнт Трамп заявіў, што агенцтвам «кіравала банда радыкальных вар’ятаў». «Мы іх прыбіраем, а затым прымем рашэньне» наконт будучыні USAID, — заявіў ён журналістам 2 лютага.
  • 2 лютага група найстарэйшых дэмакратаў у Камітэце замежных справаў Сэнату накіравала дзяржаўнаму сакратару Марка Рубіё ліст, у якім выказала «глыбокую занепакоенасьць» дзеяньнямі адміністрацыі Трампа ў адносінах да USAID, створанай, «каб забясьпечыць магчымасьць хутка разгортваць патэнцыял разьвіцьця і замежнай дапамогі ЗША, асабліва ў часы крызісу, для дасягненьня нашых мэтаў нацыянальнай бясьпекі».
  • Дзярждэпартамэнт пад кіраваньнем Рубіё 24 студзеня загадаў замарозіць новае фінансаваньне амаль усіх праграм замежнай дапамогі ЗША як частку намаганьняў Трампа ўзгадніць праграмы з мэтамі ягонай замежнай палітыкі.
  • Гуманітарныя групы і недзяржаўныя арганізацыі ва ўсім сьвеце выказалі занепакоенасьць лёсам USAID пасьля ўказу Трампа.
  • Ад лютага 2022 году, калі Расея пачала поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, USAID забясьпечыла Ўкраіну мільярдамі даляраў гуманітарнай дапамогі, дапамогі ў разьвіцьці і прамой бюджэтнай падтрымкі. Трамп крытыкаваў абʼём дапамогі, якую адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна аказвала Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG