Цягам апошніх содняў складаныя ўмовы надвор’я ў Беларусі сталі прычынай парушэньня забесьпячэньня электраэнэргіяй у больш як 650 паселішчах, паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі. Для яе аднаўленьня залучылі 131 брыгаду і 157 адзінак тэхнікі, энэргетыкам Магілёўшчыны дапамагаюць калегі з Горадзенскай і Віцебскай вобласьцяў. На 23.00 6 красавіка аднаўленчыя працы працягваліся ў 19 паселішчах Магілёўскай вобласьці.
У Менскай вобласьці зь вечара 5 красавіка безь сьвятла часова заставаліся больш як 230 паселішчаў. На 11-ю раніцы 6 красавіка энэргетыкі «Менскэнэрга» аднавілі стабільную падачу электраэнэргіі ў 91 населеным пункце, работы працягваліся яшчэ ў 143, паведаміла раней «Менскэнэрга». Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, там ліній электраперадачы пашкоджаныя праз наліпаньне сьнегу і шквалістага ветру.
У Магілёўскай вобласьці ў апошнія содні перабоі з электраэнэргіяй былі на 355 трансфарматарных падстанцыях, у 128 паселішчах, на 15 малочнатаварных фэрмах і 5 кацельнях. На раніцу 6 красавіка заставаліся адключанымі 98 трансфарматарных падстанцыяў, 46 паселішчаў, пяць фэрмаў у Бялыніцкім, Бабруйскім, Дрыбінскім і Асіповіцкім раёнах, паведамілі БЕЛТА у Магілёўскім абласным упраўленьні МНС.
У Магілёве зафіксавалі гурбы сьнегу вышынёй да 25 сантымэтраў. Падразьдзяленьні МНС працуюць на ўборцы паваленых дрэваў у Бялыніцкім, Бабруйскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім і Асіповіцкім раёнах.
З прычыны падзеньня дрэваў на чыгуначныя рэйкі цягнікі па маршруце Асіповічы — Магілёў едуць са спазьненьнем, паведамілі ў Беларускай чыгунцы. «Асобныя цягнікі на гэтым напрамку едуць з адхіленьнем ад графіку руху арыенціровачна ад 20 хвілін да 1 гадзіны», — зазначаецца ў паведамленьні.
431 адзінка спэцтэхнікі і больш за 590 работнікаў ЖКГ уначы і раніцай 6 красавіка прыбіралі ад сьнегу вуліцы і дарогі ў Беларусі, паведамілі ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Паводле Мінэнэрга, сытуацыя цяпер «пад асабістым кантролем міністра энэргетыкі і органаў улады», даручана забясьпечыць электраэнэргіяй населеныя пункты па нармальнай схеме або з прыцягненьнем дызэль-генэратарных установак да канца содняў.
МНС Беларусі раніцай папярэдзіла, што 6 красавіка на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца ўзмацненьне паўночнага, паўночна-ўсходняга ветру парывамі 15-20 м/с, мяцеліца, па паўднёва-ўсходняй палове краіны — моцны сьнег, мокры сьнег, у асобных раёнах — наліпаньне мокрага сьнегу, на дарогах галалёдзіца, тэмпэратура паветра чакаецца ў раёне −2, +4 °С.
Белгідрамет абвясьціў на 7 красавіка аранжавы ўзровень небясьпекі з прычыны ўзмацненьня ветру: уначы і раніцай па ўсходняй палове краіны чакаецца моцны сьнег, днём на большай частцы тэрыторыі і ў Менску — узмацненьне паўночнага ветру парывамі 15-18 м/с.
У МНС нагадалі беларусам, што ў непагадзь лепш устрымацца ад паездак на аўтамабілі бяз крайняй неабходнасьці, а праходзячы паўз будынкі, на дахах якіх назапашваецца шмат сьнегу, трэба быць асабліва ўважлівымі, а лепш наогул іх абыходзіць. Таксама лепш абмежаваць выхад на вуліцу малалетніх дзяцей без суправаджэньня дарослых, пажылых і хворых. Таксама варта выконваць правілы пажарнай бясьпекі пры эксплуатацыі пячнога ацяпленьня, не карыстацца электранагравальнымі прыборамі самаробнай вытворчасьці.
Напярэдадні ў Беларусі істотна пахаладала, сыноптыкі аб'явілі аранжавы ўзровень небясьпекі. Па краіне прайшлі дажджы і сьнегапады з парывамі моцнага ветру.
Форум