Сьледчыя папярэдне ўстанавілі, што падлетак, які загінуў у Берасьцейскім раёне 4 красавіка ад выбуху боепрыпасу, знайшоў мінамётную міну на тэрыторыі высахлай сажалкі за некалькі соцень мэтраў ад дома, паведамляе прэс-служба Сьледчага камітэту Беларусі.
Пасьля гэтага, паводле СК, ён прынёс міну на двор і разабраў. Паводле асноўнай вэрсіі, адбылася дэтанацыя ўзрывальніка, які падлетак трымаў у руках.
Меркавана, мінамётная міна знаходзілася ў сажалцы з савецкіх часоў або з часоў Другой сусьветнай вайны. Высахлую сажалку старанна агледзелі — іншых выбухованебясьпечных прадметаў у ёй не знайшлі.
Сьледчыя працягваюць высьвятляць абставіны выбуху боепрыпасу. Да сьледчых дзеяньняў прыцягнулі экспэрта-выбухатэхніка цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў. Канчатковыя высновы зробяць пасьля правядзеньня экспэртных дасьледаваньняў. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.
Напярэдадні стала вядома, што ўвечары 4 красавіка ў аграгарадку Страдзеч Берасьцейскага раёну ў выніку выбуху нявызначанага боепрыпасу ў двары мясцовага жыхара загінуў падлетак. У СК паведамілі, што «ў зоне паражэньня апынуліся мужчына і ягоны ўнукі 14 і 15 гадоў», у выніку ад атрыманых траўмаў адзін з падлеткаў загінуў, пэнсіянэру і другому падлетку тэрмінова надалі мэдычную дапамогу.
Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці завялі крымінальную справу паводле ч. 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу — незаконныя дзеяньні з выбуховымі рэчамі караюцца папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Форум