Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартацыя, адмова ў грамадзянстве нованароджаным? Што цяпер можа пагражаць беларусам у ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра тое, як можа зьмяніцца сытуацыя для грамадзян Беларусі, Свабода пагаварыла зь беларускімі эмігрантамі новай хвалі і амэрыканскім адвакатам.

Дональд Трамп афіцыйна стаў 47-м прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. Ягоная інаўгурацыя прайшла 20 студзеня. У гэты дзень Трамп пераехаў у Белы дом, выступіў з прамовай, у якой паабяцаў зрабіць хуткія рашучыя крокі, «каб зрабіць Амэрыку зноў вялікай». Ён ужо прыняў шэраг указаў, якія тычацца становішча мігрантаў у ЗША. На вайсковых самалётах невялікую частку мігрантаў вывезьлі ў краіны Паўднёвай Амэрыкі.

Новаўвядзеньні могуць закрануць і беларусаў ЗША. Днямі стала вядома, што ў сьпісе на дэпартацыю — 323 грамадзяніны Беларусі. Міграцыйны адвакат у камэнтары Свабодзе зазначыў, што гэтая лічба можа значна павялічыцца.

Ліст з доказамі

Наталія Жукава (гераіня настойвае на такім напісаньні імя. — РС) пераехала ў ЗША з мужам і сабакам чатыры гады таму. Нядаўна ў пары нарадзілася першая дачка. Яна ўспамінае, што ў Штаты сужэнцы трапілі абсалютна легальна — муж меў працоўную візу і дазвол на ўезд у краіну. Тады былі часы пандэміі, і ўезд паводле працоўнай візы такога тыпу патрабаваў адмысловага дазволу.

«Ня тое каб мы выбіралі ЗША. Скажам так, гэта Штаты выбралі нас. Плянавалі тут пажыць, паспрабаваць сябе ў эміграцыі на візе год-два. Назусім заставацца не плянавалі. На жаль, у Беларусь мы вярнуцца ня можам, таму засталіся да атрыманьня грамадзянства, як мінімум», — канстатуе Наталія.

Наталія Жукава
Наталія Жукава

Цяпер Наталія і яе муж маюць green card (дазвол на жыхарства. — РС). Праз два гады, па словах беларускі, будзе магчымасьць атрымаць грамадзянства.

Green card ім афармляў працадаўца мужа, увесь працэс заняў каля 20 месяцаў. Наталія лічыць, што ім пашчасьціла — кіраўніцтва на мужавай працы было ў курсе, што ім вяртацца няма куды, і пачало афармляць green card практычна адразу па прыезьдзе сямейнай пары ў ЗША. Звычайна просяць адпрацаваць нейкі час і толькі потым пачынаюць гэтую працэдуру.

Па словах беларускі, ад іх патрабавалася толькі пазапаўняць формы, прайсьці мэдычны агляд, дарабіць прышчэпкі, якіх не ставала, здаць адбіткі пальцаў.

«Мы перажывалі, што з тае прычыны, што мы былі ў Беларусі ў СІЗА і цяпер павінны ўсюды пазначаць гэта ў дакумэнтах, у нас будуць праблемы. Бо тэхнічна мы criminals (крымінальнікі. — РС). Але адвакат склаў ліст з доказамі таго, што ў Беларусі цяпер такая сытуацыя, што мы ня criminals, а ахвяры палітычнага рэжыму. — расказвае Наталія.

Дачка — па нараджэньні грамадзянка ЗША

У 2024 годзе ў пары нарадзілася першая дачка. Яна па нараджэньні грамадзянка ЗША. Наталія кажа, што бацькам самім нічога рабіць ня трэба было, усе паперы, неабходныя для атрыманьня нованароджанай грамадзянства, запоўнілі супрацоўнікі шпіталя. Бацькі проста па пошце атрымалі Social Security Number нованароджанай (нумар сацыяльнага страхаваньня. — РС).

«Але нам трэба было самім праз сайт запрасіць пасьведчаньне аб нараджэньні. Гэта каштавала 25 даляраў. Уласна, гэта ўсе дакумэнты, якія ёй патрэбныя. Пашпарт мы ёй робім толькі дзеля таго, каб яна магла падарожнічаць за межы ЗША», — удакладніла Наталія.

Жанчына разважае, што тэарэтычна ўсе людзі, якія перайшлі мяжу ЗША бязь візы ці дазволу на жыхарства, або якія парушылі тэрміны знаходжаньня, — цяпер нелегальныя мігранты.

«Наколькі я зразумела з апошніх навін, нават тых, хто папрасіў прытулку, але яшчэ не дачакаўся суду ці інтэрвію, новая адміністрацыя лічыць кандыдатамі на дэпартацыю. Але беларусы, зь якімі я кантактавала, не губляюць аптымізму і лічаць, што іх гэта не закране. Я таксама схіляюся да таго, што хутчэй будуць дэпартаваць тых, у каго няма ўвогуле ніякіх дакумэнтаў альбо ёсьць нейкія criminal records (крымінальныя злачынствы. — РС). Хоць некаторыя беларусы ўжо шукаюць новыя краіны, куды можна зьехаць. У любым выпадку, пакуль што няма нейкай дакладнай карцінкі. Адвакаты кажуць розныя рэчы, і выступы чыноўнікаў таксама адрозьніваюцца», — падагуліла суразмоўца.

Фатаздымак для «кейсу»

Журналіст Алесь Пазьняк жыве ў ЗША тры гады. Сюды ён трапіў па green card, якую выйграў у 2020 годзе. Быў выбар — застацца ў Беларусі, дзе было ўжо небясьпечна, ці паехаць.

«У рэдакцыі і журналістаў, зь якімі я працаваў, за год адбылося 15 ператрусаў. (Алесь быў супрацоўнікам выданьня „Ганцавіцкі час“, прызнанага „экстрэмісцкім“. — РС). Праз пандэмію амбасада ЗША ў Варшаве працавала зь перабоямі і ў рэжыме абмежаваньняў. Атрымалася так, што я ўскокваў у апошні вагон, бо праз тры дні, як мне выдалі візу, скончыўся тэрмін выдачы візаў тым, хто выйграў green card у 2020 годзе. Я зьяжджаў у канцы 2021-га. Празь месяц газэта, у якой працаваў, спыніла друк і закрылася», — расказаў журналіст.

Цяпер Алесь Пазьняк жыве ў Нью-Ёрку. Маючы green card, ён будзе праз 2 гады падавацца на грамадзянства. Тэрмін прыпадае на 2027 год, калі ў Алеся заканчваецца беларускі пашпарт.

Алесь Пазьняк
Алесь Пазьняк

«Так што буду грамадзянінам іншай краіны і ўладальнікам пашпарта з выявай арла. Ён такі ж сіні, як і беларускі пашпарт», — кажа Алесь.

Па ягоных назіраньнях, у Штатах шмат беларусаў, якія ня маюць легалізацыі. Хтосьці зь іх прыехаў па турыстычнай візе і застаўся, хтосьці перайшоў мяжу з Мэксыкай. Усе яны чакаюць рашэньня па запыце на палітычны прытулак. Гэтыя справы могуць цягнуцца гадамі.

«Некаторыя мае знаёмыя чакаюць ужо па 5–7 год, і безвынікова. Суд пераносіць разгляд такіх спраў на 8–12 месяцаў, потым яшчэ, яшчэ і яшчэ. Гэта прымушае людзей нэрвавацца і далей чакаць. Ёсьць усё ж такі станоўчыя вынікі, але гэта забірае шмат часу і сродкаў на адвакатаў, каштуе нэрваў», — зазначыў Алесь.

Па ягоных словах, ёсьць людзі, якія ходзяць на беларускія палітычныя акцыі і мітынгі дзеля таго, каб умацаваць свой кейс, сваю гісторыю ўцекача.

«Такія сфатаграфуюцца са сьцягам і зьнікаюць, прымацаваўшы здымкі да свайго кейсу. Але ці дапаможа ім гэта, пакажа час», — кажа Алесь.

«Раю дзесяць разоў падумаць, перш чым ехаць сюды»

Алесь Пазьняк расказвае, што ў ЗША пазнаёміўся зь беларусам, які перабраўся туды паўтара года таму.

«Па яго словах, у Беларусі ён меў сантэхнічную краму, клаў цёплую падлогу, быў паважаным чалавекам. Потым перагледзеў Youtube, дзе блогеры „смачна“ расказвалі пра амэрыканскі рай. Ён паддаўся на гэта, распусьціў бізнэс, прадаў кватэру, паехаў зь сям’ёй у Мэксыку. Пакінуў там 17 тысяч даляраў злачыннай групе, якая абяцала дапамагчы зь пераходам мяжы. Цяпер у ЗША, працуе на будоўлі. Я ў яго спытаў, што калі б адматаць плёнку назад, ці паехаў бы ён зноў сюды. Пасьля паўзы ён адказаў, што застаўся б у Беларусі», — расказаў Алесь.

Камэнтуючы новую міграцыйную палітыку амэрыканскіх уладаў, Алесь кажа, што цяпер магчымыя самыя розныя сцэнары разьвіцьця падзей. Паводле словаў суразмоўцы, перамены прымусілі напружыцца вялікую колькасьць людзей, бо наперадзе поўная невядомасьць, а міграцыйная палітыка зьмяняецца на вачах. 20 студзеня Дональд Трамп прыняў указ пра абарону мяжы, 21 студзеня Міністэрства ўнутранай бясьпекі — дакумэнт аб паскораным выправоджваньні нелегальных мігрантаў.

«Сытуацыя няпростая. Як будуць разгортвацца падзеі — прадказаць цяжка. Людзі баяцца дэпартацыі», — кажа Пазьняк.

Паводле ягоных назіраньняў, грамадзяне ЗША ў цэлым прыязна ставяцца да мігрантаў, бо самі калісьці імі былі. «Але павялічваецца злачыннасьць і гандаль наркотыкамі. Гэта ня можа не турбаваць улады», — кажа суразмоўца. Ён лічыць, што калі мігрант сумленна працуе, плаціць падаткі і ня робіць дзеяньняў, якія разбураюць краіну, яму ў ЗША будзе добра.

«Вядома, што тут іншы мэнталітэт, адносіны да жыцьця, людзі зь іншымі прыярытэтамі, але тут жывуць людзі з усяго сьвету. У гэтым калярыт і асаблівасьці ЗША. Напружваюць мяне бяздомныя, бруд і марыхуана ў вялікіх гарадах. У Нью-Ёрку, каб пашпацыраваць па парку, трэба прайсьці праз смог наркаты, табуны пацукоў і напластаваньні бяздомных. Але да гэтага прызвычайваесься таксама. Каму гэта не падабаецца, едуць далей — у іншыя штаты ці гарады», — падзяліўся Алесь.

«На нас пачалося сапраўднае паляваньне»

Сяргей (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) перабраўся ў ЗША ў 2021 годзе. Зь Беларусі ён уцёк у 2020-м — трапіў пад рэпрэсіі. Сяргей дабраўся да Ўкраіны. Але, кажа, і там не адчуваў сябе ў бясьпецы. Атрымліваў пагрозы, ня мог атрымаць візу ў Польшчу ці Літву. Вырашыў ехаць далей — у ЗША, праз Мэксыку. Па словах суразмоўцы, гэта таксама было няпроста. Ён расказвае пра аблавы на мігрантаў. Мяжу з ЗША ён перайшоў нелегальна, ужо ў Амэрыцы папрасіў палітычнага прытулку. З тае пары статус Сяргея не зьмяніўся. Праз тое, што пераход мяжы быў нелегальны, такія гісторыі, як у яго, разглядае толькі суд.

«І нават выкліку ў суд можна чакаць літаральна гадамі. У знаёмага беларуса прызначылі суд нядаўна і перанесьлі яго на 2027 год. У мяне можа быць суд вясной, але і яго могуць перанесьці, і так бясконца», — зазначае ўцякач.

Ён атрымаў дазвол на працу і цяпер робіць на грузавіку. Сяргей кажа, што ягоныя знаёмыя, якія таксама перайшлі мяжу з Мэксыкай, пакуль не атрымалі амэрыканскіх дакумэнтаў.

«Па сутнасьці, я маю статус „дэпартацыя“, які прыпынены да моманту разгляду справы ў судзе. У мяне моцны кейс, але цяпер, пасьля прыходу да ўлады Дональда Трампа, ніхто ня можа быць у нечым упэўнены. Патэнцыйна і мяне могуць дэпартаваць, цяпер хто там будзе разьбірацца асабліва. Забяруць трак (грузавік. — РС), пасадзяць за краты, буду там даказваць, што я ня певень», — з сумам зазначае Сяргей.

Паводле яго, пазытыўны ці нэгатыўны вынік суду залежыць ад многага: ад адваката, паслугі якога каштуюць вялікіх грошай, ад судзьдзі, які ў залежнасьці ад штату або гораду ці будзе валодаць інфармацыяй пра Беларусь, ці ўвогуле ня будзе ведаць пра існаваньне такой краіны.

«Тэарэтычна перад судом даюць падпісаць паперку: „У якую краіну вы хацелі б, каб вас дэпартавалі“, ці даюць некаторы час, каб сам выехаў. Ёсьць верагоднасьць, што дэпартацыі ня будзе ў Беларусь ці Расею. Мне здаецца, без адваката ўвогуле нерэальна нечага дамагчыся, асабліва калі не валодаеш вольна ангельскай мовай. Ёсьць нюансы ў судзе — адно няправільнае слова, і цябе ловяць на хлусьні, і адразу адмова і дэпартацыя. Мы проста цяпер не скажу, што ў гістэрыцы, але ў паніцы, у страху і жаху», — кажа беларус.

Сяргей дадае, што размаўляе з шмат якімі кіроўцамі, якія таксама займаюцца перавозкай грузаў, і яны расказваюць, што паўсюль — на дарогах, на паркоўках — пачаліся аблавы на нелегальных мігрантаў.

«Кіраўніцтва такіх грузавых фірмаў раіць не трапляцца на вочы паліцыі, ня мець кантактаў зь імі, быць акуратнымі пры пераезьдзе з штату ў штат, бо там розныя законы, не начаваць разам зь нелегальнымі мігрантамі — бо „пад шумок“ забяруць і вас. Проста распачаўся сэзон паляваньня!» — расказвае Сяргей.

Дэмакратычная і прававая дзяржава

Ганна-Марыя Эгліт-Шаблоўская з мужам і сынам жывуць у ЗША з 2023 году. Ганна-Марыя кажа, што яны ўцякалі зь Беларусі яшчэ ў 2022 годзе, пасьпеўшы сабраць па адной сумцы.

«Пасьля званку зь міліцыі разумелі, што выбару ў нас няма. Ці турма, ці новае жыцьцё. У нас быў цяжкі пераезд. Але нам дапамаглі Сьвятлана Ціханоўская, Павел і Яна Латушкі, якія зьвязалі нас з BySol. Мы трапілі ў Эўропу, затым у Мэксыку, і даехалі да ЗША», — успамінае Ганна-Марыя.

Яна кажа, што мяжу з Мэксыкі ў ЗША сям’я перайшла легальна, хоць гэта было доўга і дорага.

«Мы ўсё рабілі легальна. Мы лічылі, што новы дом павінен пачынацца з правілаў той краіны, якую мы просім нас абараніць, а не са зьдзяйсьненьня злачынства. На той момант была магчымасьць легальна прызначыць гутарку на памежным пункце з ЗША і папрасіць палітычнага прытулку. Мы гэта пасьпяхова прайшлі», — зазначае беларуска.

Ганна-Марыя зь сям'ёй
Ганна-Марыя зь сям'ёй

Цяпер сям’я Ганны-Марыі чакае рашэньня, ці дадуць ім палітычны прытулак. Муж працуе, сама Ганна цяжарная другі раз. Першы сын сямейнай пары нарадзіўся ў 2023 годзе, ён ужо грамадзянін ЗША.

«На сёньня, калі ты нарадзіўся на тэрыторыі ЗША, — ты грамадзянін ЗША. Усё астатняе — на ўзроўні плётак і спэкуляцый. Калі будуць рэальныя зьмены, то я ўпэўненая, што ўсе будуць пра гэта ведаць і разумець, што да чаго», — тлумачыць Ганна-Марыя.

Яна лічыць ЗША дэмакратычнай і прававой дзяржавай, дзе зьмены ў Канстытуцыю ня робяцца па жаданьні аднаго чалавека, нават калі гэта прэзыдэнт.

«І я разумею, чаму попыт на такія меры (зьмены міграцыйнай палітыкі. — РС) зьявіўся ў прынцыпе. Праз пастаянны наплыў нелегальных мігрантаў, якія трапляюць у ЗША, парушаючы закон, супрацоўнічаючы з картэлямі. Грамадзтва стамілася з гэтым змагацца і запатрабавала жорсткіх мераў. Але грамадзтва ўсё ж неаднароднае ў сваіх думках, таму цяпер гэта ўсё абмяркоўваецца», — зазначыла Ганна-Марыя.

Дэпартаваць могуць значна больш, чым 300 беларусаў

Адвакат Раман Сэйдж працуе ў юрыдычным офісе Martin Druyan & Associates Attorneys, узначальвае міграцыйны кірунак. Ён патлумачыў, што распаўсюджаная СМІ лічба — 323 беларусы, якія падлягаюць дэпартацыі з ЗША, — на сёньня можа быць значна большая. Яна ўзятая зь ліста Міграцыйнай і мытнай паліцыі (ICE) за лістапад 2024 году. З тае пары шмат зьмянілася, асабліва ў апошнія два тыдні, калі да ўлады прыйшоў Дональд Трамп і падпісаў пэўныя ўказы, якія датычаць нелегальных мігрантаў. У лісьце ад ICE, па словах адваката, пададзеная колькасьць беларусаў, якія на лістапад мінулага году ўжо атрымалі ордэры на дэпартацыю.

Раман Сэйдж
Раман Сэйдж

«Там не знаходзяцца тыя беларусы, справы якіх яшчэ разглядаюцца. Не пералічаныя тыя, хто атрымаў ордэр на дэпартацыю пасьля лістапада ці якія затрыманыя ўчора-сёньня за нейкае злачынства. Бо Дональд Трамп падпісаў дакумэнт, паводле якога, калі нелегальны мігрант зьдзяйсьняў злачынства супраць маёмасьці ці напаў на паліцыю, ён павінен быць дэпартаваны. Так што на сёньня беларусаў у такім сьпісе можа быць больш», — растлумачыў юрыст.

Ці могуць у такім выпадку беларусаў адправіць у Беларусь? Раман Сэйдж заўважае, што ёсьць добраахвотная дэпартацыя, калі чалавек можа сам выбраць, куды яму выехаць з ЗША. Ёсьць прымусовая — калі сам ня выехаў.

«Чалавека могуць пасадзіць у дэпартацыйны цэнтар і там створаць такія ўмовы, што сам захоча выехаць. Ягоную справу ня будуць разглядаць, яго будуць ігнараваць, ня будуць даваць тэлефанаваньні сваякам. Урэшце сам захоча выехаць у краіну, дзе не патрэбная віза для беларуса», — расказвае адвакат.

Суразмоўца не выключае, што ў тэорыі беларусаў могуць дэпартаваць з ЗША ў краіны Паўднёвай Амэрыкі на тых жа вайсковых самалётах.

«Там ужо зь імі будуць разьбірацца мясцовыя ўлады. Зноў жа, у беларусаў можа быць такое, што пратэрмінаваны пашпарт. Тады мясцовыя ўлады будуць выходзіць на амбасады Беларусі, каб нешта рабіць. У кожным выпадку ўсё гэта будзе супраць чалавека, а не для яго правоў і інтарэсаў», — лічыць Раман Сэйдж.

Юрыст сумняваецца, што «новая міграцыйная палітыка» Дональда Трампа нэгатыўна паўплывае непасрэдна на беларусаў. Ён лічыць, што тое, што сёньня адбываецца ў ЗША, мае пад сабой палітычныя падставы. Камэнтуючы выпадкі, калі беларусы жывуць у статусе просьбіта прытулку і два, і чатыры, і дзесяць гадоў, юрыст заўважае, што гэта таксама таму, што гэтыя людзі — «не ў прыярытэце на дэпартацыю».

Раман Сэйдж нагадвае, што дзяржаўныя органы ЗША ня раз выступалі з заявамі наконт сытуацыі ў Беларусі — палітычнай, адсутнасьцю правоў чалавека. Таму ён мяркуе, што беларусы могуць атрымаць палітычны прытулак у ЗША. У практыцы адваката пакуль не было такіх выпадкаў, каб беларусаў дэпартавалі з ЗША.

«Але мы бяром такія справы, у якіх упэўненыя. І гэта ня значыць, што ня можа такога быць, што сёньня мы дапамаглі беларусу, а празь некалькі месяцаў яго арыштоўваюць, бо ён забыўся заплаціць за, скажам, бутэльку гарэлкі ў краме. Заўсёды нешта можа здарыцца», — зазначыў Раман Сэйдж.

Наконт «дарагоўлі» адвакатаў ён адказаў, што і мэдычныя паслугі, і фінансавыя ў Штатах каштуюць грошай. Але ў выпадку мігранта, які сапраўды ня мае сродкаў, яму могуць даць бясплатнага адваката, ці пэўная арганізацыя можа заплаціць за яго, калі ён адпавядае іх крытэрам.

«Беларусы могуць зьвярнуцца да сваіх суайчыньнікаў — у многіх буйных гарадах ёсьць беларускія суполкі. І я ведаю беларусаў, якія маюць і намеры, і жаданьне, і магчымасьць дапамагчы землякам. Беларусам трэба памятаць, што яны тут не адны», — падсумаваў адвакат.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG