Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі Францішак упершыню вітаў вернікаў на пляцы ў Ватыкане пасьля выпіскі з шпіталя


Папа Рымскі Францішак прамаўляе перад вернікамі на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане, 6 красавіка 2025 году
Папа Рымскі Францішак прамаўляе перад вернікамі на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане, 6 красавіка 2025 году

6 красавіка папа Рымскі Францішак упершыню зьявіўся на публіцы па заканчэньні імшы на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане пасьля выпіскі зь лякарні два тыдні таму, дзе ён праходзіў лекаваньне ад двухбаковай пнэўманіі, паведамляе італьянскае агенцтва ANSA.

88-гадовы папа Францішак нечакана зьявіўся на публіцы ў інвалідным вазку ў канцы сьвяткаваньня імшы ў гонар хворых і сьвету аховы здароўя з нагоды юбілейнага году Каталіцкай царквы.

«Шчасьлівай усім нядзелі», — сказаў ён слабым голасам, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў імшы.

У пісьмовым паведамленьні, апублікаваным Ватыканам неўзабаве пасьля апоўдня, Францішак адзначыў, што адчуваў блізкасьць Бога падчас свайго знаходжаньня ў шпіталі.

«У дзень юбілею хворых і сьвету аховы здароўя я прашу Бога, каб гэты дотык ягонай любові дасягнуў тых, хто пакутуе, і падбадзёрыў тых, хто клапоціцца пра іх», — прамовіў папа Рымскі Францішак.

Ягоны голас, хоць і слабы, гучаў мацней, чым падчас выступу 23 сакавіка, калі ён зь цяжкасьцю прамаўляў, адзначае Reuters.

Звычайна пантыфік зьдзяйсьняе штотыднёвую паўдзённую малітву на пляцы Сьвятога Пятра па нядзелях, але ён ня мог гэтага зрабіць з 9 лютага. 14 лютага папу Рымскага Францішка шпіталізавалі з прычыны прыступу бранхіту, які перарос у двухбаковую пнэўманію, што было для яго асабліва сур’ёзным захворваньнем, паколькі ў маладосьці пантыфік перанёс плеўрыт і яму выдалілі частку аднаго лёгкага.

Папа Францішак не зьяўляўся на публіцы з 23 сакавіка, калі ён коратка прывітаў усіх, перш чым пакінуць бальніцу Джэмэлі ў Рыме пасьля больш чым пяці тыдняў лекаваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG