Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя імёны, адкрыцьці і расчараваньні. Якім быў 2024 год для беларускай музыкі


На беларускім канцэрце, архіўнае фота
На беларускім канцэрце, архіўнае фота

Пра тое, што новага і цікавага сёлета зьявілася ў беларускай музыцы, Свабодзе расказаў зацяты музычны аматар Вячаслаў Радзівонаў, які паўтара дзясятка гадоў складае сьпісы найлепшых, на яго думку, беларускіх альбомаў.

Музычны крытык, стваральнік youtube-каналу «Міністэрства сэпультуры» Аляксандар Чарнуха і былы музычны журналіст Вячаслаў Радзівонаў, які цяпер просіць называць яго «зацятым аматарам музыкі», апублікавалі свае рэйтынгі найлепшых беларускіх гуртоў.

Сёлета спадар Радзівонаў быў настолькі ўражаны навінкамі, што нават вырашыў рэанімаваць свой музычны блог.

«Увогуле апошнія гады аказаліся вельмі цікавымі, зьявілася шмат новых імёнаў у музыцы. Маладыя гурты, якія толькі-толькі свае першыя рэлізы выдаюць, — гэта цікава, сьвежа, і большасьць гуртоў знаходзіцца ў Беларусі. Хаця тая большасьць сьпявае, на жаль, па-расейску, часам па-ангельску», — зазначае Вячаслаў у размове са Свабодай. На нашую просьбу Радзівонаў дадаткова паразважаў пра тое, якім быў мінулы 2024 год для беларускай музыкі.

Вячаслаў Радзівонаў
Вячаслаў Радзівонаў

Беларускі кантэкст у Падляшшы

Вячаслаў Радзівонаў адзначае, што сёлета яскрава зазьзялі музыкі праекту Sw@da × Niczos «#INDAWOODS» з Падляшша. Гурт робіць электронную і танцавальную музыку з тэкстамі на падляскай гаворцы з элемэнтамі фальклёру.

«Сама сьпявачка Ніка размаўляе па-беларуску. Для мяне гэты праект цікавы ў першую чаргу з грамадзкага пункту гледжаньня. Музыкі вяртаюць беларускі кантэкст у Падляшша. Першы масавы прадукт на падляскай мове — гэта зьява!

Ніка Юрчук
Ніка Юрчук

Але і з музычнага пункту гледжаньня тут таксама ёсьць на што зьвярнуць увагу. У Sw@da × Niczos атрымліваецца цікавае спалучэньне сучаснай танцавальнай музыкі з фальклёрнымі элемэнтамі. Гэты мікс сапраўды прымушае слухачоў кінуцца ў скокі», — кажа спадар Радзівонаў.

Vihilija, «Цемра», «Стой, стреляют», «Убит собой», «Сны Синей Собаки»

Зацятага аматара музыкі Вячаслава Радзівонава сёлета парадавалі і беларускія «мэталісты». Ён адзначыў першы альбом «Amor Fati» гурту «Vihilija».

«Яны граюць такі black metal — гучны, цяжкі, кананічны, зроблена ўсё на даволі высокім узроўні. Тэарэтычна праект можа прэтэндаваць на папулярнасьць ня толькі ў Беларусі. Дарэчы, у іх шмат тэкстаў па-беларуску», — адзначае ён.

Летась зьявіўся гурт «Цемра», які таксама грае black metal, і тэксты ў іх таксама беларускія.

Вячаслаў адзначае таксама музыкаў гуртоў «Стой, стреляют», «Убит собой», «Сны Синей Собаки» зь яскравым кліпам на песьню «Круты».

«Усе яны актыўна дзейнічаюць у Беларусі, хай цяпер ня так лёгка там выступаць. Але адкрыўся наноў клюб „Рэактар“, яшчэ пара пляцовак ёсьць. Пра гэтыя гурты пісалі нават тыя СМІ, якія працуюць у Беларусі і звычайна ўвогуле ня пішуць пра культуру, тым больш такую альтэрнатыўную, адрозную ад дзяржаўнай», — кажа Вячаслаў.

Лідэры музычных рэйтынгаў

На думку спадара Радзівонава, адзін з галоўных беларускіх гуртоў 2024 году — «Пятля прыхільнасьці». Гурт ужо немалады — з выпуску першага альбома прайшло 15 гадоў.

«Але, тым ня менш, яны выйшлі на чарговую хвалю, выпусьцілі першы беларускамоўны альбом „Супэрпазыцыя“, сталі прыкметнымі зноў. Магчыма, знайшлі новую аўдыторыю дзякуючы гэтаму альбому», — кажа Вячаслаў.

Ільля Чарапко-Самахвалаў зь «Пятлі прыхільнасьці»
Ільля Чарапко-Самахвалаў зь «Пятлі прыхільнасьці»

Некаторыя беларускія гурты пераўзышлі чаканьні Вячаслава. Найперш экспэрт называе гурт Molchat Doma. Дарэчы, альбом «Белая паласа» на першым месцы і ў рэйтынгу Аляксандра Чарнухі.

Вячаслаў прызнаецца, што пры ўсёй сваёй любові да халоднай хвалі музыку Molchat Doma ён доўгі час ня мог успрымаць, іхны «рэтра-саўнд» здаваўся яму надта штучным.

«Гэта цяпер гурт усясьветнага маштабу, які зьбірае гіганцкія пляцоўкі ва ўсім сьвеце. Ён выпусьціў такі яскравы, якасны альбом „Belaya Polosa“. Гэта гіганцкі крок наперад. Альбом без слабых месцаў, зроблены на найвышэйшым узроўні, які ўздымае Molchat Doma да статусу сусьветных зорак», — так ацэньвае новы альбом гурту Вячаслаў.

Расчараваньні году

Зацяты аматар музыкі спадар Радзівонаў прызнаецца, што чакаў крыху большага ад аднаго са сваіх улюбёных беларускамоўных гуртоў Nürnberg.

«Гэта найбольш вядомы беларускамоўны гурт у сьвеце, музыкі выступалі нават у Паўднёвай Амэрыцы, у іх быў вялікі эўрапейскі тур. Сёлета яны запісалі нібыта і неблагі альбом „Adkaz“, добры, якасны, мэлядычны і празрысты паводле гучаньня, але троху шараговы», — кажа Вячаслаў.

Крыху большага ён чакаў і ад маладога беларускага гурту «Галянтэрэя».

«Музыкі выпусьцілі альбом пад назвай „Падарожжа“. Гэта быў цікавы моладзевы інды-рок, а цяпер яны пайшлі ў больш папсовы фармат. І гэта атрымалася ня так сьвежа і весела», — мяркуе Радзівонаў.

«У кагосьці на творчасьць проста не стае сілаў»

На пытаньне, куды зьніклі «вэтэраны» беларускага року, чаму Вячаслаў Радзівонаў іх ня згадвае, ён адказаў, што насамрэч старыя гурты ня зьніклі з радараў, проста час ня самы спрыяльны.

«На жаль, ім такі лёс выпаў. Па-добраму яны мусілі зьбіраць „Менск-арэну“ раз-два на год, ня надта перажываць аб побытавых справах, пісаць, калі захочацца. Але лёс склаўся так — увесь час усе вымушаныя круціцца, выдумляць штосьці новае, можа, ня вельмі ўдалае. А ў кагосьці на творчасьць проста бракуе сілаў, няма ні натхненьня, нічога. Можа, выглядае, што зьніклі з радараў некаторыя музыкі», — разважае Вячаслаў.

Ёсьць шэраг музыкаў з вэтэранаў, якія застаюцца ў Беларусі. Ім цяжка выступаць, няма дзе запісвацца. Шмат хто наагул ня мае доступу да музычнай працы, вымушаны чымсьці іншым зарабляць, дадае ён.

«Гэта можна сказаць і пра тых музыкаў, якія выехалі, бо трэба ўладкавацца на новым месцы, шукаць працу — далёка ня кожны, на жаль, можа зарабляць на жыцьцё музыкай. Так было і так застаецца. Усё гэта, зразумела, абвіваецца на творчасьці», — кажа Вячаслаў Радзівонаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG