Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогерку Алену Янушкоўскую праз суд выпісваюць з хаты, якую арыштавалі і прадалі ў яе адсутнасьць


Алена Янушкоўская, архіўнае фота
Алена Янушкоўская, архіўнае фота

Аўтарку ютуб-каналу «Настоящая Беларусь» і актывістку партыі БХД Алену Янушкоўскую праз суд высяляюць з прададзенага з аўкцыёну дома, паведамляе БАЖ.

Адпаведную заяву ў суд Віцебскага раёну падаў новы гаспадар яе жытла Станіслаў Кадушкевіч, судовы разбор прызначаны на 3 кастрычніка.

Адзінае жытло блогеркі Алены Янушкоўскай — хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну — прадалі з аўкцыёну ў чэрвені 2024 году за 18 511 рублёў. Сама Янушкоўская на той час ужо некалькі гадоў жыла за мяжой — яна зьехала зь Беларусі ў лютым 2021 году ад палітычнага перасьледу.

У лютым на жытло наклалі арышт. Прычына — нясплата штрафаў і падаткаў на агульную суму 1436 рублёў 60 капеек. У траўні нерухомасьць выставілі на аўкцыён, прапанаваўшы ахвотным купіць яе за 10 700 рублёў. На думку Янушкоўскай, Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі ацаніла хату нашмат ніжэй за рынкавы кошт.

«Я купляла гэтую хату амаль за 9 тысяч даляраў на пачатку 2000‑х. Яна ня новая, 56 квадратных мэтраў, чатыры пакоі. Але мае вельмі выгоднае месца знаходжаньня: Суйкава месьціцца за тры кілямэтры ад Віцебску, сюды ходзяць гарадзкія маршруткі. На падворку ёсьць уласная студня, гаспадарчыя пабудовы, лазьня, літаральна за хатай — сажалка. Агульная плошча ўчастку 25 сотак, прычым на самым ускрайку вёскі, дзе жывеш як на асобным хутары. Ацяпленьне ў хаце пячное, але вёска газыфікаваная, падвесьці газ пры жаданьні не праблема», — расказала Алена Янушкоўская.

Новага гаспадара, які цяпер выпісвае блогерку праз суд, жанчына ведае. Гэта ўраджэнец вёскі Пестуніца, дзе жыла яе дачка, і Алена Янушкоўская сама пражыла там некалькі гадоў, дапамагаючы гадаваць унучак. Таксама ў Пестуніцы яна зьняла некалькі ролікаў для свайго відэаблогу «Настоящая Беларусь», дзе апавядала аб праблемах вяскоўцаў.

Цяпер маёмасьці ў Беларусі ў блогеркі не засталося.

У Беларусі на Алену Янушкоўскую завялі крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі, абвясьцілі міжнародны вышук жанчыны. Перасьледаваць яе пачалі пасьля падзеяў 2020 году: блогерка вяла стрымы зь мірных маршаў пратэсту, а потым апавядала пра суды над іх удзельнікамі. Саму Янушкоўскую таксама ня раз судзілі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях, каралі адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі.

У лістападзе 2021 году Міністэрства інфармацыі ўключыла ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» некалькі відэаролікаў, разьмешчаных на YouTube-канале Янушкоўскай «Настоящая Беларусь». У сьнежні 2022 году ў гэты сьпіс унесьлі суполку «Настоящая Беларусь» у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», у красавіку 2023-га — суполку з такой самай назвай у «Одноклассниках», у лютым 2024 году — суполку «Настоящая Беларусь» у Facebook.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG