Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters з спасылкай на высокапастаўленага іранскага службоўца.
У канцы сакавіка Трамп заявіў, што калі Вашынгтон і Тэгеран не дасягнуць пагадненьня аб іранскай ядзернай праграме, то ЗША нанясуць удар па Іране.
Як расказала крыніца Reuters, Іран адхіліў патрабаваньне Трампа правесьці перамовы наўпрост, але хоча працягнуць непрамыя перамовы, пасярэднікам у якіх мае выступіць Аман.
З словаў суразмоўцы агенцтва, Іран накіраваў апавяшчэньні Іраку, Кувэйту, Аб’яднаным Арабскім Эміратам, Катару, Турцыі і Бахрэйну, у якіх гаворыцца, што ўсякая падтрымка нападу ЗША на Іран, у тым ліку выкарыстаньне іхнай паветранай прасторы або тэрыторыі, будзе разглядацца як «варожы акт». У пасланьні Ірану таксама гаворыцца, што такі акт «будзе мець для іх сурʼёзныя наступствы».
Трамп настойвае на тым, каб Іран адмовіўся ад сваёй ядзернай праграмы, якая, на думку ЗША і Ізраілю, можа ўжо неўзабаве прывесьці да стварэньня Тэгеранам ядзернай зброі. У Іране адмаўляюць, што ставяць перад сабой такую задачу.
Іранскія ўлады заяўляюць, што не давяраюць адміністрацыі Трампа, бо ў 2018 годзе Трамп, будучы тады прэзыдэнтам у сваім першым тэрміне, на падставе зьвестак выведкі вывеў ЗША з так званай іранскай ядзернай угоды, заключанай паміж шэрагам сусьветных дзяржаваў і Іранам у 2015 годзе. Яна прадугледжвала спыненьне Іранам ядзернай праграмы ў абмен на зьняцьце міжнародных санкцыяў.
Вашынгтон, у сваю чаргу, не давярае заявам Ірану аб тым, што той не імкнецца валодаць ядзернай зброяй; гэты недавер падзяляе Ізраіль, прадстаўнікі якога таксама не выключаюць магчымасьці нанесьці ўдары па іранскіх ядзерных абʼектах.
Форум