Хату Алены Янушкоўскай у Віцебскім раёне прадалі 30 траўня на аўкцыёне за 18 500 рублёў. Хоць стартавая цана была 10 700, яна паднялася падчас ставак. Пры гэтым апазыцыйная актывістка лічыць, што цана ўсё роўна ніжэйшая за рынкавую.
«Езьдзілі вельмі шмат людзей і глядзелі маю хату. Пра гэта мне паведамілі суседзі, а задарма чаму ня ўзяць? Рэальная цана гэтай хаты нашмат большая. Я разумею так, што гэта прыбліжаныя там да чыноўнікаў. Хата амаль за тры кілямэтры ад гораду, маршрутка і аўтобусы ходзяць да гораду, пешшу дайсьці — гэта 20 хвілін. Там зямлі 54 соткі, там сажалка ёсьць», — сказала Янушкоўская ў камэнтары «Радыё Рацыя».
Алена Янушкоўская вядзе тэлеграм-канал «Реальная Беларусь» і ўваходзіць у партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
У лютым 2024 году на яе дом наклалі арышт. Жытло выставілі на таргі, каб сродкамі з продажу пакрыць запазычанасьць блогеркі ў штрафах і падатках.
Сама Алена вымушана была пакінуць Беларусь, на яе завялі дзьве крымінальныя справы.
Янушкоўскую шмат разоў затрымлівалі і арыштоўвалі за ўдзел і асьвятленьне антыўрадавых выступленьняў і пратэсты супраць збліжэньня з Расеяй.
Форум