У Беларусі пасьля чарговай карэкцыі сыстэма рэгуляваньня цэнаў захоўваецца на 45% тавараў спажывецкага кошыка. Такую ацэнку ў эфіры беларускай тэлевізіі прывёў першы намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) Іван Вежнавец, яго цытуе Reform.news.
Паводле Івана Вежнаўца, нягледзячы на значнае зьмяншэньне колькасьці тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, рэальнае скарачэньне закранула каля 10% тавараў спажывецкага кошыка.
«Пачатковая рэдакцыя [сьпісу тавараў з рэгуляванымі цэнамі. — РС] з 331 пазыцыі спажывецкага кошыка займала 54%. Дзейная, або зноў прапанаваная рэдакцыя, у спажывецкім кошыку займае 45%. Гэта значыць, нібыта пералік скарацілі на траціну. Але ў спажывецкім кошыку гэта ўсяго толькі 10 працэнтных пунктаў», — заявіў чыноўнік.
Паводле яго, зь сьпісу выключылі найперш тавары, якія «ня маюць штодзённага попыту ў насельніцтва»: як прыклад ён назваў «піражкі і чабурэкі», некаторыя віды галаўных убораў, папругі. Асноўныя сацыяльна значныя тавары штодзённага попыту «засталіся ў рэгуляваньні і знаходзяцца пад кантролем дзяржавы», заявіў Вежнавец.
Скасаваньне фіксаваных цэнаў на агародніну з 1 траўня чыноўнік растлумачыў хуткім паступленьнем новага ўраджаю.
«Усе мы як спажыўцы ведаем, што малады ўраджай заўсёды даражэйшы, чым стары, бо ён мае лепшыя спажывецкія ўласьцівасьці. І чалавек гатовы за яго заплаціць даражэй, бо ён задавальняе найперш якасьцю. Таму было прынята рашэньне, каб ня стрымліваць пастаўкі менавіта сьвежай прадукцыі на рынак у траўні, гранічныя цэны на агародніну выключыць», — сказаў ён.
Камэнтуючы ўвод адзінай надбаўкі для імпартных тавараў, намесьнік кіраўніка МАРГ выказаў надзею, што імпартэры ў выніку будуць завозіць таньнейшыя тавары, каб «перамагчы ў канкурэнтнай барацьбе на рынку».
3 красавіка ўрад Беларусі апублікаваў пастанову № 713(6), якая ўжо шосты раз уносіць зьмены ў парадак рэгуляваньня цэнаў на найбольш значныя для насельніцтва тавары. Іх пералік скарацілі з 331 да 211. Як заявілі ва ўрадзе, зь пераліку выключылі «тавары няштодзённага попыту альбо прэміюм-клясы». Для вытворцаў тавараў штодзённага попыту вызначылі «гранічную норму рэнтабэльнасьці»: згодна зь ёю, вытворца ня можа павысіць цану, каб не перасягнуць вызначанага яму ўзроўню рэнтабэльнасьці, нават калі на тавар ёсьць попыт і яго можна прадаць даражэй.
Асноўныя зьмены набываюць сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня пастановы, а нормы, якія датычацца скарачэньня пераліку рэгуляваных тавараў і парадку цэнаўтварэньня на імпартаваныя тавары — з 15 красавіка 2025 году.
- Рэгуляваньне цэнаў урад увёў у 2022 годзе, каб стрымаць інфляцыю.
- Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў прывяло да праблемаў у сыстэме гандлю. Як паведамляе Белстат, у студзені 2025 году рэнтабэльнасьць сыстэмы раздробнага гандлю склала 1,4%. У 2024 годзе ў краіне было 97 стратных арганізацыяў раздробнага гандлю (у 2023 годзе такіх было 88), гэта 14,4% ад іх агульнай колькасьці. Стратаў на адну такую арганізацыю прыпадала 2,8 мільёна рублёў.
- Так праз замарожваньне цэнаў урадам гандаль у істоце ператварыўся ў беспрыбытковую дзейнасьць. Скарачэньне пераліку тавараў, цэны на якія рэгулююць, як чакаецца, паскорыць інфляцыю.
- Паводле Белстату, у лютым 2025 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 1,3%, а за 2024 год інфляцыя склала 5,2%.
- Да рэгуляваньня цэнаў рэнтабэльнасьць продажаў у беларускім раздробным гандлі складала 3-5%.
- 21 сакавіка 2025 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю анансавала, што будзе значна скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. Цяпер пастановай ураду рэгулююцца цэны на 331 пазыцыю тавараў.
- Падчас нарады 28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка, выказваючыся аб прапановах ураду наконт сыстэмы рэгуляваньня цэнаў, паставіў пад сумнеў ідэю новага прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына абмежаваць пералік тавараў з рэгуляванымі цэнамі.
Форум