Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энэргетыкі пераадольваюць наступствы непагадзі, у Беларусі захоўваецца аранжавы ўзровень небясьпекі

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Камунальныя службы прыбіраюць сьнег у Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Камунальныя службы прыбіраюць сьнег у Менску

На 12-ю гадзіну 7 красавіка энэргетыкі працавалі над аднаўленьнем наступстваў стыхіі ў 63 паселішчах Беларусі, пераважна ў Магілёўскай, а таксама ў Віцебскай, Гомельскай і Менскай вобласьцях, паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі.

На 8-ю раніцы 7 красавіка аднаўленьне электраперадачы працягвалі ў 47 паселішчах, на 23:00 6 красавіка сьвятла, паводле міністэрства, не было толькі ў 19 паселішчах — з ночы іх колькасьць вырасла ў разы. Ліквідацыю наступстваў стыхіі ў Беларусі не спынялі і ўначы.

Паводле «Магілёўэнэрга», на раніцу без электрычнасьці заставаліся 46 населеных пунктаў. Найбольш ад стыхіі пацярпелі Асіповіцкі, Кіраўскі, Бабруйскі і Магілёўскі раёны.

Беларуская чыгунка зноў паведаміла, што 7 красавіка на ўчастку Асіповічы – Магілёў упалі дрэваў на чыгуначныя каляіны, таму асобныя цягнікі на гэтым адрэзку едуць з адхіленьнем ад графіку ад 15 хвілінаў да 1 гадзіны. Учора на гэтым кірунку ў сувязі з падзеньнем дрэваў цягнікі таксама затрымліваліся.

Праз моцны вецер і сьнегапады за мінулыя содні ўпала шмат дрэваў, паведамляецца ў зводцы МНС. Больш за ўсё выпадкаў у Магілёўскай вобласьці: там ратавальнікі 37 разоў выяжджалі расьпілоўваць і прыбіраць 166 дрэваў, а таксама дапамаглі вызваліць зь сьнежных заносаў тры аўтамабілі. У астатніх рэгіёнах зарэгістравалі 19 падзеньняў дрэваў, у тым ліку два ў Менску. Дрэвы пашкодзілі дах жылога дому ў Астравецкім раёне і адзін аўтамабіль у сталіцы. Пацярпелых няма.

7 красавіка ў Беларусі захоўваецца аранжавы ўзровень небясьпекі, які напярэдадні абвясьціў Белгідрамэт. Уначы і раніцай ува ўсходняй палове краіны чакаецца моцны сьнег, днём на большай частцы тэрыторыі і ў Менску ўзмоцніцца паўночны вецер — парывы да 15-18 м/с.

На 8 красавіка сыноптыкі панізілі ўзровень небясьпекі да жоўтага. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца, днём месцамі чакаецца ўзмацненьне ветру парывамі да 15-18 м/с, шмат дзе пройдзе кароткачасовы сьнег, мокры сьнег, месцамі чакаецца слабая мяцеліца. Тэмпэратура паветра мінімальная ўначы −3...-9°С, пры праясненьнях да −11°С, максымальная днём — ад −1°С па ўсходзе да +6°С па захадзе Беларусі.

  • 6 красавіка складаныя ўмовы надворʼя ў Беларусі сталі прычынай зьнікненьня сьвятла ў больш як 650 паселішчах. Найбольш пацярпелі Менская і Магілёўская вобласьці.
  • У Менскай вобласьці зь вечара 5 красавіка безь сьвятла часова заставаліся больш як 230 паселішчаў. Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны, там лініі электраперадачы пашкоджаныя праз наліпаньне сьнегу і шквалісты вецер.
  • У Магілёўскай вобласьці перабоі з электраэнэргіяй былі на 355 трансфарматарных падстанцыях, у 128 паселішчах, на 15 малочнатаварных фэрмах і ў 5 кацельнях. У Магілёве зафіксавалі гурбы сьнегу вышынёй да 25 сантымэтраў. У Бялыніцкім, Бабруйскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім і Асіповіцкім раёнах паваліла дрэвы. З прычыны падзеньня дрэваў на чыгуначныя рэйкі цягнікі на маршруце Асіповічы – Магілёў ішлі з спазьненьнем да гадзіны.
  • Раней у Беларусі істотна пахаладала, сыноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небясьпекі. Па краіне прайшлі дажджы і сьнегапады з парывамі моцнага ветру.
  • У МНС нагадалі беларусам, што ў непагадзь лепш устрымацца ад паездак на аўтамабілі бяз крайняй неабходнасьці, а праходзячы паўз будынкі, на дахах якіх сабралася шмат сьнегу, трэба пільна зважаць, а лепш наагул іх абыходзіць. Таксама лепш абмежаваць выхад на вуліцу пажылых і хворых, таксама малалетніх дзяцей без суправаджэньня дарослых. Палячы ў печы, трэба выконваць правілы пажарнай бясьпекі; не карыстацца самаробнымі электранагравальнымі прыладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG