Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі зьніклых Захаранкі і Красоўскага абскардзілі прысуд экс-байцу САХР Гараўскаму ў Швайцарыі


Юры Гараўскі падчас інтэрвію нямецкай тэлекампаніі DW, у якім ён даў свае сэнсацыйныя паказаньні, 2019 год
Юры Гараўскі падчас інтэрвію нямецкай тэлекампаніі DW, у якім ён даў свае сэнсацыйныя паказаньні, 2019 год

Юрысты міжнародных праваабарончых арганізацый ад імя пацярпелых сваякоў падалі апэляцыйную скаргу на рашэньне швайцарскага суду, які апраўдаў экс-байца беларускага САХР Юрыя Гараўскага. Гараўскі ў 2019 годзе добраахвотна заявіў пра сваё дачыненьне да выкраданьня былога міністра МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, паведамляе «Вясна».

Апэляцыю падалі ў вызначаны тэрмін, пасьля таго як суд першай інстанцыі падаў юрыстам пісьмовае рашэньне з указаньнем падставаў, патлумачыў праваабаронцам Ільля Нузаў, кіраўнік аддзелу краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека.

«Апэляцыйны суд не абмежаваны ў сваім разглядзе. Апэляцыя можа аспрэчваць усё: памылкі ў тлумачэньні закону, няпоўную або няправільную ацэнку абставінаў справы і / або неправамернасьць рашэньня. Такім чынам, мы можам прадставіць новыя доказы, якія дэманструюць прамое дачыненьне Юрыя Гараўскага да зьнікненьняў», — сказаў Ільля Нузаў.

На ягоную думку, разгляд апэляцыі не працягнецца доўга, бо і сам суд, які не прызнаў Гараўскага вінаватым, доўжыўся ўсяго толькі два дні.

«Вядома, ёсьць і фактычныя, і юрыдычныя моманты, за якія можна ўчапіцца, але трэба адзначыць, што вельмі цяжка цяпер адшукаць нейкія новыя істотныя доказы, вельмі шмат прайшло часу», — дадаў Нузаў.

Нузаў лічыць, што ў юрыдычнай плашчыні суд дапусьціў некаторыя памылкі. Напрыклад, гэта можа тычыцца трактоўкі закону аб гвалтоўных зьнікненьнях. Судзьдзя вырашыў, што калі ў Гараўскага быў намер забіць ахвяраў, дык гэта не раўназначна адвольнаму затрыманьню, а хутчэй за ўсё непрадстаўленьню інфармацыі пра іх месцазнаходжаньне. Суд палічыў, што калі ён хацеў іх забіць, дык у яго не было жаданьня папярэдне іх затрымліваць і хаваць інфармацыю пра іх месцазнаходжаньне.

Ёсьць і іншыя калізіі ў трактоўцы заканадаўства, напрыклад, у Канвэнцыі аб гвалтоўных зьнікненьнях, на якія зьвярнулі ўвагу юрысты.

«Таксама ёсьць сумневы, што суд слушна ацаніў матывацыю Гараўскага, бо там былі рознагалосьсі і нестыкоўкі ў яго паказаньнях, якія былі спачатку дадзеныя пракурору і потым прагучалі на судзе. Суд палічыў што Гараўскі гэта рабіў наўмысна, каб атрымаць палітычны прытулак. Але гэта дзіўна, што чалавек некалькі разоў на сябе ўказваў як на ўдзельніка гэтага злачынства, з тым каб атрымаць прытулак», — адзначыў Нузаў.

Таксама юрысты, якія падалі апэляцыю, лічаць, што пераклад паказаньняў Гараўскага быў не зусім якасны, і, магчыма праз гэта ў судзьдзі паўсталі падазрэньні, што Гараўскі ўводзіў іх у зман. Гэты факт таксама стаў адным з аргумэнтаў для апэляцыі.

  • У 2019 годзе былы баец спэцатраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юры Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады і, паводле яго, расстраляла трох чалавек: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юрыя Захаранку. Паводле экс-супрацоўніка МУС, які эміграваў зь Беларусі, ён уваходзіў у склад групы спэцназаўцаў, якая мае дачыненьне да зьнікненьняў апанэнтаў улады. Гараўскі заявіў, што ўсіх трох забіў зь пісталета асабіста Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле яго, целы Ганчара і Красоўскага закапалі на базе МУС пад Бягомлем у Віцебскай вобласьці, а цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі менскіх Паўночных могілак.
  • Пасьля інтэрвію Гараўскага праваабаронцы дамагліся завядзеньня крымінальнай справы ў дачыненьні да Гараўскага. Сьледзтва вялі ў Швайцарыі, дзе экс-баец САХРу папрасіў палітычнага прытулку. Яго абвінавацілі ў «датычнасьці да шматлікіх зьнікненьняў» (мясцовае заканадаўства не дазволіла абвінаваціць у забойствах ці саўдзеле ў іх, бо злачынствы былі ўчыненыя на тэрыторыі Беларусі).
  • 28 верасьня 2023 году акруговы суд у Санкт-Галене (судзьдзя Оляф Гумбэль) апраўдаў Гараўскага па гэтай справе, узяўшы паказаньні экс-байца САХР пад сумнеў і палічыўшы іх недастатковымі для прызнаньня вінаватым па выстаўленым абвінавачаньні. Пры гэтым у тлумачэньні да прысуду судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак у судовай практыцы, бо ў ім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя злачынствы». Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай.
  • Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG