У сацыяльнай сетцы X зьявілася відэа з узгараньнем у салёне маршрутнага аўтобуса Менскага аўтамабільнага заводу. «Менсктранс» пацьвердзіў факт.
Прадпрыемства «Менсктранс» пацьвердзіла дзяржаўнаму агенцтву «Минск-Новости» факт узгараньня аўтобуса і паведаміла, што яно адбылося каля 23-й гадзіны 5 красавіка. Паводле «Менсктрансу», на прыпынку «Астрашыцкая» ў аўтобусе № 99, які ехаў у кірунку Вайсковай акадэміі, адбылося ўзгараньне ў печы салёну. Кіроўца апэратыўна прыняў меры — спыніў аўтобус, выпусьціў пасажыраў і самастойна зьліквідаваў узгараньне.
«На шчасьце, ніхто не пацярпеў», — гаворыцца ў камэнтары.
Беларускія аўтобусы рэгулярна гараць у Беларусі і Расеі, прычынай гэтага называюць санкцыі, уведзеныя супраць прадпрыемства. Падобны выпадак зафіксавалі 5 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Яшчэ беларускія аўтобусы ў Расеі сёлета загараліся 13 студзеня ў Ліпецку і 23 сакавіка ў Кіраве.
16 сакавіка 2025 году загарэўся рэйсавы аўтобус МАЗ у Менску на скрыжаваньні Лагойскага тракту і вуліцы Гамарніка. Ён цалкам згарэў.
Іншыя выпадкі ўзгараньня МАЗаў у Беларусі ў 2024 годзе:
- 26 чэрвеня паведамлялі, што ў Навабеліцкім раёне Гомля загарэўся рэйсавы аўтобус МАЗ.
- 21 траўня паведамлялі пра задымленьне двух аўтобусаў грамадзкага транспарту сталіцы. У мікрараёне Ўручча ў выніку «закліноўваньня генэратара» задыміўся аўтобус МАЗ. Сьцьвярджалі, што «адбылося расслаеньне і абрыў прываднога рамяня», для тушэньня кіроўца скарыстаў вогнетушыльнік. Таксама СМІ паведамілі пра задымленьне аўтобуса № 84 на прыпынку «Пятроўшчына» (марку транспарту не называлі).
- 19 траўня стала вядома, што ў Менску на праспэкце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ.
- 7 траўня МНС паведамляла пра загараньне пасажырскага аўтобуса, які рухаўся зь Пінску трасай М1.
З пачатку 2024 году ў Расеі аўтобусы беларускай вытворчасьці загараліся ў Іжэўску, Саратаве, Санкт-Пецярбургу, Салехардзе, Ліпецку, Яраслаўлі. Ува ўсіх выпадках аўтобусы гарэлі па-рознаму. У Саратаве загарэўся маторны адсек, у Іжэўску пажар пачаўся з кароткага замыканьня на сьвятладыёдным табло. У адным з выпадкаў у Санкт-Пецярбургу пажар пайшоў зь пярэдняй часткі. У другім выпадку ў гэтым горадзе прычынай пажару назвалі ўзгараньне адпрацаваных газаў.
Спэцыялісты ў машынабудаваньні раней называлі Свабодзе наступныя прычыны ўзгараньня аўтобусаў: імпартазамяшчэньне, брак або слабасьць выхаднога кантролю на вытворчасьці, брак дэталяў, якія раней набывалі ў ЭЗ.
Праблему беларускіх аўтобусаў ускосна прызнаў Аляксандар Лукашэнка, які заявіў 19 верасьня 2023 году на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю Расеі Веньямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгараньняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу ляжыць у браку «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Ён прапанаваў наладзіць тэхнічнае абслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.
За два месяцы 2025 году МАЗ прадаў на рынку Расеі толькі 15 аўтобусаў — у 10 разоў менш, чым летась.
Форум