Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысудам ня ставіцца пад сумнеў датычнасьць дзяржаўных дзеячоў да зьнікненьня палітыкаў». Дачка Красоўскага і юрыст «Вясны» пра вырак


Лера Красоўская і Павал Сапелка. Суд над Гараўскім. Каляж.
Лера Красоўская і Павал Сапелка. Суд над Гараўскім. Каляж.

Швайцарскі суд не прызнаў вінаватым экс-байца беларускага спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Юрыя Гараўскага ў справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі.

Што гэта азначае для крымінальнага перасьледу іншых датычных да выкраданьня і забойства былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Абмяркоўваем з Паўлам Сапелкам, юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» — гэты цэнтар быў адным з ініцыятараў працэсу, а таксама з дачкой Анатоля Красоўскага Лерай Красоўскай.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Лера Красоўская: Першая рэакцыя — гэта абсурд. Я не разумею лёгіку судзьдзі, але, напэўна, мы яе зразумеем, калі атрымаем тэкст прысуду ў дэталях. Я пакуль ня ведаю, як сябе адчуваць, як рэагаваць. Я пачакаю, калі мы атрымаем дэталёвую справаздачу ад судзьдзі. Гэта зойме ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Але, шчыра кажучы, я не разьлічвала на тое, што адбылося сёньня. Напэўна, суду падалося, што не было дастаткова доказаў. Я ня ведаю, ці дастаткова. Я не юрыст і не судзьдзя. Мне падаецца, што Гараўскі казаў праўду. Гэта не канчатковае рашэньне. Ёсьць магчымасьць абскардзіць прысуд, і мы гэта будзем рабіць

Павал Сапелка: На гэты момант зразумела тое, што справа Гараўскага разглядалася ў эўрапейскім судзе, дзе яму былі забясьпечаныя ўсе правы і гарантыі, якія ў тым ліку ўключаюць у сябе права быць апраўданым, калі доказаў ягонай віны будзе недастаткова для таго, каб прысуд быў абвінаваўчы. Таму цяпер няма дакладнай пазыцыі. Калі мы будзем ведаць пэўныя абставіны, якімі кіраваўся суд, то мы будзем прымаць рашэньне аб далейшых кроках.

Галоўнае для мяне тое, што гэтым прысудам ня ставіцца пад сумнеў датычнасьць беларускіх дзяржаўных дзеячоў да зьнікненьня палітыкаў. Адказнасьць уладаў ніякім чынам ня ставіцца пад сумнеў. Таму мы будзем далей патрабаваць ад уладаў як правесьці далейшы разгляд гэтай справы, так і перадаць гэтую справу ў нацыянальную юрысдыкцыю ў суд. Гэта азначае, што менавіта беларускія ўлады павінны канчаткова паставіць кропку ў справе выкрадзеных палітыкаў. Беларускія ўлады павінны прыцягнуць да адказнасьці тых, хто вінаваты ў зьнікненьні і меркаваным забойстве.

XS
SM
MD
LG