Маніторынгавая місія ААН наведала месца расейскай атакі ў Крывым Рогу 4 красавіка, зафіксавала маштабы разбурэньняў і ўсталявала імёны забітых дзяцей. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў, што шакаваны гэтым расейскім ударам, паведамілі ў місіі 6 красавіка.
У выніку атакі на Крывы Рог, паводле апошніх зьвестак, загінулі 20 чалавек, у тым ліку дзевяць дзяцей, некаторыя зь якіх гулялі ў парку. У місіі адзначылі, што гэтая атака стала самай вялікай па колькасьці загінулых дзяцей у выніку аднаго ўдару зь лютага 2022 году.
«Гэты жах немагчыма ўявіць — дзевяць дзяцей загінулі, большасьць — падчас гульні ў парку, калі ваенны боепрыпас разарваўся шрапнэльлю наўпрост над імі», — сказаў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.
Фолькер Цюрк падкрэсьліў, што выкарыстаньне Расеяй зброі з шырокай зонай паражэньня ў густанаселеным раёне пры адсутнасьці якой-небудзь пацьверджанай ваеннай прысутнасьці «сьведчыць пра поўнае грэбаваньне да жыцьця цывільных». У місіі адзначылі, што падчас візыту на месца атакі спэцыялісты Упраўленьня ААН па правах чалавека зафіксавалі сьляды сотняў абломкаў на будынках, арэлях, дзіцячых горках, дрэвах і на зямлі.
«У той час, як улады Расейскай Фэдэрацыі сьцьвярджалі, што мэтай нападу была група вайскоўцаў, мясцовыя жыхары, прадстаўнік бізнэс-асацыяцыі і супрацоўнікі рэстарацыі распавялі спэцыялістам Упраўленьня ААН па правах чалавека, што незадоўга да нападу дзясяткі жанчын і мужчын, якія працуюць у сфэры прыгажосьці, наведвалі галіновы форум, арганізаваны мясцовай бізнэс-асацыяцыяй. Пра мерапрыемства загадзя паведамілі ў інтэрнэце. Усе сьведкі сьцьвярджаюць, што пры абстрэле ў рэстарацыі і ў раёне не было вайсковай прысутнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.
Цюрк падкрэсьліў, што нават калі ў расейскіх уладаў была інфармацыя, што на аб’екце могуць прысутнічаць вайскоўцы, спосаб і абставіны нападу могуць сьведчаць пра нявыбарчы характар атакі.
«Нявыбарчыя атакі забароненыя міжнародным гуманітарным правам, і калі яны зьяўляюцца атакамі, накіраванымі супраць цывільных асобаў, яны могуць быць кваліфікаваныя як ваенныя злачынствы», — дадаў Цюрк і заклікаў да «хуткага, дбайнага і незалежнага расьсьледаваньня» гэтай атакі.
- Увечары 4 красавіка войскі Расеі нанесьлі ўдар балістычнай ракетай па цэнтры жылога мікрараёна Крывога Рогу. Ракета трапіла ў раён дзіцячай пляцоўкі. У выніку атакі, паводле апошніх зьвестак, загінулі 20 чалавек, зь іх дзевяць дзяцей, яшчэ 75 атрымалі раненьні. Былі пашкоджаныя 29 шматкватэрных жылых дамоў. Паводле ўкраінскіх уладаў, пасьля ўдару ракетай па Крывым Рогу расейскае войска нанесла дадатковы ўдар дронамі.
- Міністэрства абароны Расеі пасьля атакі заявіла, што 4 красавіка войскі РФ «а 18.49 нанесьлі высокадакладны ўдар ракетай у фугасным рыштунку па месцы правядзеньня нарады з камандзірамі злучэньняў і заходнімі інструктарамі ў адным з рэстаранаў Крывога Рогу».
- Генштаб Узброеных сіл Украіны ў адказ заявіў, што Расея «спрабуе прыкрыць сваё цынічнае злачынства» і распаўсюджвае ілжывую інфармацыю, сьцьвярджаючы, што ракетны ўдар па Крывым Рогу быў нібы накіраваны па ўкраінскіх вайскоўцах. Расейскія войскі нанесьлі ўдар па Крывым Рогу балістычнай ракетай «Іскандэр-М» з касэтнай баявой часткай, разьлічанай на паражэньне большай плошчы і большай колькасьці людзей, адзначылі ў штабе.
- Расьсьледніцкі праект «Сыстэма» (праект тэлеканалу «Настоящее время», створаны Радыё Свабода з удзелам Голасу Амэрыкі і расейскай службы Радыё Свабода) высьветліў, што ў рэстарацыі, пра якую казала Мінабароны Расеі, праходзіў зьезд работнікаў бʼюці-індустрыі і дзень народзінаў.
- 6 красавіка па ўсёй Украіне абʼявілі дзень жалобы па загінулых у выніку расейскіх удараў па Крывым Рогу 4 красавіка.
Форум