Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія працягнула забарону на ўвоз зь Беларусі сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёл


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Забарона на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёлаў зь Беларусі і Расеі для спажываньня ў Латвіі захаваецца яшчэ на год, гаворыцца ў тэрміновых папраўках да Закона аб сельскай гаспадарцы і разьвіцьці вёскі, прынятых у канчатковым чытаньні ў латвійскай Саэйме 3 красавіка, паведамляе Delfi.lv.

Забарону працягнулі да 1 ліпеня 2026 году.

Гэтая нацыянальная забарона на імпарт зьяўляецца «важным дадатковым элемэнтам агульнай палітыкі санкцыяў Эўразьвязу супраць краін-агрэсараў», падкрэсьліваў раней старшыня камісіі па народнай гаспадарцы, аграрнай, экалягічнай і рэгіянальнай палітыцы Латвіі Каспарс Брышкенс, адказны за прасоўваньне законапраекту ў Саэйме. Паводле яго, незалежнасьць ад беларускай і расейскай сельскагаспадарчай і кармавой вытворчасьці «зьяўляецца часткай палітыкі эканамічнай бясьпекі Латвіі».

5 красавіка нацыянал-кансэрватыўная партыя Латвіі «Нацыянальнае аб’яднаньне» прапанавала цалкам забараніць гандаль таварамі беларускага і расейскага паходжаньня.

Латвія першай у ЭЗ забараніла імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі і Расеі: Саэйма Латвіі 22 лютага адразу ў двух чытаньнях прыняла пастанову аб забароне імпарту расейскай і беларускай сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі сама меней да ліпеня 2025 году. Забарона набыла моц 8 сакавіка 2024 году. Таксама забаронены ўвоз гэтай прадукцыі з трэціх краін, калі яна вырабленая ў Беларусі або Расеі.

У прыватнасьці, забарона на ўвоз у Латвію распаўсюджваецца на ўсе віды гародніны і садавіны, ягады і арэхі, на ўсе віды збожжа, а таксама кармавую сыравіну і гатовыя кармы.

Пазьней да гэтай ініцыятывы далучылася Літва. Урад Літвы з 3 чэрвеня 2024 году забараніў увоз зь Беларусі і Расеі амаль трох тысяч відаў сельгаспрадукцыі.

З 1 ліпеня 2024 году ў Эўразьвязе пачалі дзейнічаць павышаныя мыты на некаторыя віды сельскагаспадарчай гаспрадукцыі зь Беларусі і Расеі (на збожжавыя і алейныя культуры, а таксама прадукты іх перапрацоўваньня), якія фактычна зрабілі немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на эўрапейскі рынак.

У адказ на агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 году, а таксама на незаконную анэксію шэрагу рэгіёнаў Украіны, Эўразьвяз ужо некалькі разоў уводзіў маштабныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі як яе саюзьніка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG