6 красавіка ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі заявілі пра затрыманьне аўтамабіля з 580 кіляграмамі «асабліва магутнага выбуховага рэчыва», якое нібыта спрабавалі правезьці празь беларуска-польскую мяжу, каб далей транспартаваць у Расею.
Паводле ведамства, 41-гадовы кіроўца (яго нацыянальнасьць не ўдакладняецца) спрабаваў увезьці выбухоўку праз пункт пропуску «Берасьце» на мікрааўтобусе Mercedes.
Паведамляецца, што беларускія мытнікі «на падставе сыстэмы аналізу рызык» правялі сканаваньне аўтамабіля, а пасьля ўзьнікненьня падазрэньняў накіравалі яго на паглыблены надгляд. У выніку часткова дэмантавалі падлогу і сьценкі аўтамабіля — яны «былі цалкам напоўненыя тоўстым пластом рэчыва», у якім апэратыўная экспэртыза апазнала «асабліва магутнае выбуховае рэчыва» пэнтаэрытрыттэтранітрат (ТЭН) замежнай вытворчасьці («як мяркуецца, ЗША»), сьцьвярджаюць мытнікі.
Паводле інфармацыі ведамства, далей груз меў ісьці ў Расею.
У Дзяржаўным мытным камітэце адзначылі, што гэта «найбуйнейшая ў гісторыі сучаснай Беларусі партыя выбухоўкі, якую спрабавалі правезьці церазь мяжу». Выбуховае рэчыва, паводле беларускіх мытнікаў, схавалі пад вібрашумаізаляцыйнымі лістамі і лістамі ДСП, а каб на яго не зрэагавалі службовыя сабакі, унутраныя краі кузава апрацавалі тэхнічнай змазкай.
Кіроўцу затрымалі. На яго і «іншых неўстаноўленых асобаў» завялі крымінальную справу за незаконнае перамяшчэньне празь мяжу выбухоўкі (ч. 2 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі), яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Пазьней 6 красавіка ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1» паказалі затрыманага кіроўцу — 41-гадовага Яўгена Манько. У сюжэце прапагандыстаў сьцьвярджаецца, што аўтобус Mercedes на малдаўскіх нумарах прыехаў у Беларусь з боку Польшчы 2 красавіка і што яго пераганялі зь Літвы ў Расею. Кіроўца на відэа заявіў, што займаецца перавозкамі аўтамабіляў з Эўропы ў Расею і Беларусь і што перагнаць аўтамабіль яго папрасіў знаёмы з Эстоніі. Пра тое, што ў салёне знаходзіцца выбухоўка, яму не паведамілі, запэўніў Манько.
Улады Беларусі пэрыядычна абвіначваюць краіны Захаду ў рыхтаваньні на тэрыторыі Польшчы, Украіны і краін Балтыі «дывэрсійна-выведных групаў і незаконных узброеных фармаваньняў», якія нібыта рыхтуюцца да правакацыяў і нават «тэрарыстычных актаў і захопу абʼектаў на беларускай тэрыторыі» з мэтай зьмены ўлады ў Беларусі. На Захадзе лічаць гэтыя абвінавачаньні абсурднымі і неабгрунтаванымі.
Форум