На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Ці быў непазьбежным прыход да ўлады Лукашэнкі або некага кшталту яго? Ягоны галоўны канкурэнт на выбарах 1994 году — Вячаслаў Кебіч — таксама не выглядаў і ня быў беларускім Гавэлам ці Валэнсам.
— Лукашэнка — гэта насамрэч шмат розных абліччаў. Ён чалавек глыбока прасавецкі. І ў гэтым сэнсе прыход такога чалавека да ўлады тады, напэўна, быў заканамерны. Я ўжо ня ведаю, запраграмаваны ці не. Я, у прынцыпе, ня веру ў жалезныя законы гісторыі, у непазьбежнасьць у гісторыі. Але можна было чакаць, што ў грамадзтве, якое настолькі настальгуе па Савецкім Саюзе (мяркуючы па тагачасных апытаньнях), прыйдзе нехта з падобным сьветапоглядам. Але Лукашэнка зьяўляўся ня толькі позьнесавецкім бюракратам, ён жа яшчэ і чалавек надзвычай аўтарытарны, галодны да ўлады. Я мяркую, што вось гэтыя рысы не абавязкова мусілі скласьціся ў першым прэзыдэнту Беларусі.
Я думаю, што калі б яго не зарэгістравалі, а магчымасьцяў для гэтага было шмат, перамог бы, напэўна, Кебіч. Гэта ўсё роўна была б не дэмакратыя, не пасьлядоўны рух на Захад. Але калі б краіна засталася, калі б яна прайшла 90-я, ня страціўшы незалежнасьць, то я ня ўпэўнены, што яна б абавязкова стала кансалідаванай дыктатурай да пачатку ХХІ стагодзьдзя. Таму адказ на вашае пытаньне — і так, і не. Вядома, быў запыт на многае, што ўвасабляў Лукашэнка. Але шлях назад, у такую аўтарытарную дэспатычную каляіну, мне здаецца, ня быў нам наканаваны, напісаны ў кнізе лёсу.
— А вось чым было абумоўлена тое, што мы ўсё ж такі трапілі ў гэтую каляіну? На адной зь першых прэсавых канфэрэнцыяў пасьля абраньня ў 1994 годзе Лукашэнка сказаў, што будзе прэзыдэнтам 13 гадоў. Тады гэта гучала дзіўна. У Канстытуцыі ж максымум 10. Але і ён сам тады не ўяўляў, што гэта будзе мінімум 30. У якой ступені далейшае вызначалася ягонымі далёкасяжнымі плянамі, у якой — асаблівасьцямі ягонай асобы, у якой — зьменай абставінаў?
— Нічога ў Аляксандру Лукашэнку і ў ягоных учынках за апошнія 30 гадоў не выдае чалавека, які здольны настолькі далёка плянаваць. Мне здаецца, што ўсё ж гэта быў ланцужок адаптацыяў, ланцужок рашэньняў, якія прымаюцца ў кожны канкрэтны момант, зь невялікім гарызонтам плянаваньня і з разуменьнем, што проста ў кожны пэўны момант бясьпечней, прасьцей, прыемней утрымліваць уладу, утрымліваць яе сілай і не адыходзіць ад яе. Што адыходзіць больш рызыкоўна, што адыходзіць можа быць небясьпечна ня толькі для яго, але і для ягонай сям’і. І таму ніякае зь ягоных рашэньняў не патрабавала таго, каб плян гэтага сасьпеў у яго яшчэ ў 1994 годзе.
Я нават ня ўпэўнены, што рэфэрэндум 1996 году быў заплянаваны ў момант выбараў 1994 году. Бо неўзабаве пасьля абраньня Лукашэнка казаў, што Канстытуцыя 1994 году дае прэзыдэнту царскія паўнамоцтвы. Я думаю, што ён па ходзе гульні зразумеў, што нават гэтых царскіх паўнамоцтваў яму недастаткова для таго, каб кіраваць так, як яму хочацца. Мне здаецца, гэта проста ланцужок рэакцыяў на абставіны, адаптацыя аўтарытарнага чалавека да новых выклікаў. Ён не адразу, ня ў першыя гады сваёй улады разабраўся з усімі альтэрнатыўнымі інстытутамі.
Да прафсаюзаў чарга дайшла толькі на пачатку ХХІ стагодзьдзя, падчас спаборніцтва з Уладзімерам Ганчарыкам. Нават на сілавых пасадах заставаліся людзі, якія яшчэ ў 2000 годзе дазвалялі сабе абвінавачваць людзей з атачэньня Лукашэнкі ў арганізацыі забойстваў і выкраданьняў. Любая аўтарытарная ўлада распаўзаецца як газ, запаўняючы ўсё новыя нішы. Але я ня бачу ў гэтым пляну, напісанага ідэолягамі Лукашэнкі ў першыя ж дні ці месяцы ягонага прэзыдэнцтва.
— Ці былі за гэтыя 30 гадоў моманты, калі Лукашэнка мог рэальна згубіць уладу? Ці шырэй — якія былі разьвілкі, пункты біфуркацыі, калі разьвіцьцё сытуацыі магло пайсьці інакш, нават пры захаваньні ўлады Лукашэнкі?
— На паверхні — два такія моманты, вядома ж. Гэта лістапад 1996 году і 2020 год. Можна адзначыць і іншыя моманты, калі быў, як гэта называецца ў ангельскай, collision course. Да іх належаць сутыкненьні з Расеяй, якія маглі паставіць пад пагрозу ўладу Лукашэнкі. Тут можна прыгадаць і «мухі і катлеты», калі Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад РФ, і першыя газавыя войны на пачатку нулявых, калі Менск перакрываў газавы вэнтыль. І тады, пакуль яшчэ не ўсталяваліся адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным, можна было сабе ўявіць разьвілкі, у якіх Пуцін мог паводзіць сябе больш агрэсіўна, што магло прывесьці да дэстабілізацыі беларускага рэжыму. Але гэтага ня здарылася, таму Лукашэнка не падышоў ушчыльную да гэтай прорвы, да страты ўлады.
Напэўна, і ў 2004 годзе падчас рэфэрэндуму аб скасаваньні абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў Лукашэнка таксама быў уразьлівы. Расея магла ў той момант умяшацца, але яна вырашыла, што ёй усё ж такі прасьцей цярпець яго і працягваць працаваць зь ім, нягледзячы на праблемы з інтэграцыяй.
А вось 1996 і 2020 гады — гэта былі два моманты, калі ён сапраўды быў блізкі да страты ўлады. 1996 год — гэта справа аб імпічмэнце ў Канстытуцыйным судзе, якая была ініцыяваная дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Я размаўляў з многімі ўдзельнікамі тых падзеяў, з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду. Тады ўсё было калі не на валаску, дык залежала ад некалькіх нерашучых дзеяньняў некалькіх людзей, у якіх аказалася менш палітычнай волі, чым у Лукашэнкі. І, у прынцыпе, усё тады магло пайсьці інакш. Ну і 2020 год, зразумела. Тады было нямала разьвілак, калі падзеі маглі пайсьці па іншым сцэнары.
— Лукашэнка — абаронца сувэрэнітэту ці яго магільшчык? Ці, дакладней, у якой ступені абаронца, а ў якой — магільшчык?
— Гэта пытаньне з сэрыі — якое лязо нажніцаў рэжа паперу? Абодва. Лукашэнка сапраўды стварыў сытуацыю, давёў яе да такога стану, калі толькі ў яго ёсьць рэсурс для барацьбы за захаваньне сувэрэнітэту. Прычым я ня ўпэўнены, што ён заўсёды гэтым рэсурсам карыстаецца напоўніцу. Але, па факце, з прычыны зачышчанага поля, абрэзаных сувязяў з ладнай часткай грамадзтва, з заходнім сьветам, ва ўмовах безынстытуцыйнага рэжыму, зацыкленага толькі на ягонай асобе і на ягоных сувязях з Расеяй, мы трапілі ў сытуацыю, калі ад ягонага асабістага лёсу сапраўды залежыць не ў апошнюю чаргу наш сувэрэнітэт. І гэта, на жаль, трэба прызнаваць. Што калі Лукашэнка выключаецца з сытуацыі, то я б сказаў, што назаўтра беларускі сувэрэнітэт будзе больш уразьлівы.
Але толькі гэтая канстатацыя не апісвае сытуацыю ў поўнай меры, Бо ў такое ўразьлівае становішча паставіў нас менавіта ён. Краіну можна было павесьці іншым шляхам. Прычым я нават не кажу пра першыя гады яго прэзыдэнцтва. Я кажу пра 2015–2019 гады, калі былі абсалютна іншыя магчымасьці для яго ў пляне ўмацаваньня сувэрэнітэту, нават пры захаваньні ягонай манаполіі на ўладу і спакойнай перадачы яе каму заўгодна. Ён вырашыў пайсьці па іншым шляху, звузіўшы магчымасьці нейкіх іншых інстытутаў, людзей, сілаў, быць гарантамі беларускага сувэрэнітэту. Зразумела, што беларусы ў сваёй большасьці падтрымліваюць сувэрэнітэт і хочуць захаваць яго. Але я думаю, што і большасьць жыхароў Херсонскай вобласьці таксама не хацелі і ня хочуць быць у складзе Расеі. Але такое нежаданьне — гэта не стоадсоткавы барʼер, які прадухіляе акупацыю і анэксію.
Уладалюбства Лукашэнкі — гэта другі фактар, які таксама сёньня, разам зь ягонай ляяльнасьцю Пуціну, напэўна, стрымлівае Маскву ад нейкіх больш агрэсіўных крокаў у дачыненьні да Беларусі. Але тут вельмі складана раздаваць нейкія падзякі ці атрыбутаваць дасягненьні, зьвязаныя з статусам гаранта, улічваючы, што ў такую ўразьлівую сытуацыю нас прывёў менавіта Лукашэнка.
— Арцём, а зараз пра шырэйшы кантэкст — ня толькі пра Лукашэнку, але і пра беларусаў. Францускі філёзаф і дыплямат Жазэф дэ Мэстр пісаў, што кожны народ мае той урад, якога ён заслугоўвае. Спрэчная тэза, але тым ня менш — беларускі народ заслугоўвае Лукашэнку?
— Мне эстэтычна чужыя развагі пра тое, ці заслугоўвае нечага народ. Бо народ — не маналітная субстанцыя, гэта арганізм, які дынамічна разьвіваецца. І казаць, што вось гэты народ калектыўна нечага заслугоўвае ці не, мне здаецца даволі павярхоўным, калі ўжо не сказаць — антынавуковым поглядам на сытуацыю. Я магу дакладна сказаць, што істотна мяняюцца каштоўнасьці беларускага грамадзтва. За 30 гадоў улады Лукашэнкі ягоная электаральная база з пункту гледжаньня каштоўнасьцяў, гэта значыць тая частка беларускага грамадзтва, каштоўнасным запытам якой гэты чалавек адпавядае, істотна звузілася. І Лукашэнка, і беларускі народ мяняюцца. І ў гэтым сэнсе нават Лукашэнка ў 2019 годзе і ў 2021 годзе — гэта крыху розныя тыпы кіраўніка. Ня цалкам, але розныя. 2020 год быў даволі відавочнай і выразнай дэманстрацыяй таго, што склаўся вельмі сурʼёзны дысбалянс паміж запытам грамадзтва, чаканьнямі грамадзтва — і тым, што даволі архаічная ўлада гатовая грамадзтву даваць.
— Апошнія гады афіцыйная прапаганда ўпарта прасоўвае наратыў: незалежная Беларусь — твор Лукашэнкі, ён яе архітэктар і дойлід. Яна «склейвае» 1991 і 1994 гады: Беларусь атрымала незалежнасьць, Лукашэнка стаў прэзыдэнтам і пачаў будаваць краіну. Некаторыя, наадварот, разглядаюць гэтыя 30 гадоў як суцэльную чорную дзіру ў гісторыі, як правал. Ці можна вывесьці з гэтых гадоў нейкія карысныя ўрокі? Напрыклад, што ў Беларусі працуе выдатна (на жаль ці на шчасьце), а што не працуе альбо патрабуе неверагодных высілкаў для рэалізацыі?
— Мы на самой справе ня ведаем адказу на вашае пытаньне. Да таго ж важна разумець, што Лукашэнка дзейнічаў і дзейнічае ў канкрэтных гістарычных абставінах. Беларускі народ паводзіць сябе адным чынам, калі побач ідзе крывавая вайна, іншым, калі такой вайны побач няма. Занадта мала таго, пра што мы можам сказаць, што гэта генэтычная рыса беларускага народу, церазь якую ні Лукашэнка, ні хто іншы ня могуць пераступіць. Мы ўбачылі ў 2020 годзе, што для беларусаў каштоўнасьць міру, каштоўнасьць адмовы ад гвалту пераважаюць. І таму, калі Лукашэнка перасек гэтую рысу ў 2020 годзе, ён атрымаў тое, што атрымаў. Прычым у першую чаргу не з прычыны фальсыфікацыі выбараў, таксама вельмі абуральнай, але менавіта з прычыны гвалту. Высьветлілася вось гэтая рыса дамінуючай беларускай палітычнай культуры. Але мы ня можам быць на 100% упэўненыя, што гэта захаваецца, скажам, праз 10 гадоў.
Што да дойліда сучаснай Беларусі... Я дапускаю, а насамрэч упэўнены, што пры іншай палітыцы мы маглі б атрымаць больш трывалую нацыянальную ідэнтычнасьць. Я не магу сказаць, што Лукашэнка ўсе гэтыя 30 гадоў займаўся этнацыдам беларусаў, хоць шмат было зроблена ў тым ліку і для паглыбленьня русыфікацыі. Але, зь іншага боку, ён і не асабліва інвэставаў і ўкладаўся ва ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці. За 30 гадоў беларускае грамадзтва вырасла. Гэта як працэс сталеньня чалавека. Незалежна ад таго, ці ёсьць побач абʼюзіўны бацька, ці няма, дзіця ўсё роўна вырастае ў дарослага чалавека. Проста таму, што гэта натуральны працэс, што нацыі мацуюць сваю ідэнтычнасьць, асабліва пры існаваньні сваёй асобнай дзяржавы. Гэты працэс ішоў не па тых сцэнарах, па якіх хацелася б рамантыкам у канцы 80-х — на пачатку 90-х. Але ён ішоў. У нечым дзякуючы Лукашэнку, у нечым — насуперак, у нечым — паралельна ягонай палітыцы.
— Зь біялягічных прычын вы перажывяце эпоху кіраваньня Лукашэнкі і яго самога. Як вы думаеце, пасьля яго ці многія беларусы будуць уздыхаць: «Вось пры Лукашэнку быў парадак»? А ці многія будуць казаць: «Асінавы кол на яго магілу»?
— Беларускае грамадзтва вельмі моцна палярызаванае ў стаўленьні да Лукашэнкі і да тых каштоўнасьцяў, якія ён увасабляе. У нас зараз вельмі «балканізаваная» інфармацыйная прастора. 2020 год у нашым з вамі ўспрыманьні і карціне сьвету — гэта адзін ланцужок падзей. Аднак ён выглядае зусім інакш у вачох прыхільнікаў Лукашэнкі. І таму я ўпэўнены, што калі ён сыдзе без дадатковай вялікай крыві, то пэўны сэгмэнт беларускага грамадзтва, тыя, каго зараз прынята называць «ябацькамі», будуць яго абагаўляць, як мінімум яшчэ пакаленьне пасьля таго, як ён сыдзе. Гэта, вядома ж, залежыць ад таго, што і хто прыйдзе яму на зьмену і наколькі шокавай будзе тэрапія пасьля Лукашэнкі. Эканамісты кажуць, што яна не павінна быць надта шокавай, улічваючы тое, што прыватны сэктар вырас за гэтыя 30 гадоў так ці інакш.
Але — так, я думаю, будзе моцная спакуса ў гэтай часткі грамадзтва настальгаваць па больш зразумелых, спакойных і прадказальных часах. Для некаторых гэта будзе настальгія па іх маладосьці, якая прайшла пры Лукашэнку. Нам давядзецца жыць зь людзьмі, якія будуць прыгадваць яго зь цеплынёй. Пры гэтым, улічваючы маштаб тых зьверстваў, якія дазволіла сабе ягоная сыстэма ў 2020 годзе і пасьля, будзе ня меншая частка грамадзтва, якая будзе гэтак жа горача яго ненавідзець. Я думаю, што ў публічнай прасторы мы будзем бачыць куды больш нянавісьці, чым настальгіі.
Са спадчынай Лукашэнкі будзе праблема. Будзе шмат людзей, якія будуць яго ненавідзець да такой ступені, што ня будуць паважліва ставіцца да месца яго пахаваньня або да ягонай візуальнай спадчыны, калі, барані Бог, помнікі зьявяцца. Новай уладзе давядзецца вырашаць, як ставіцца да гэтага. І я дапускаю, што, улічваючы колькасьць людзей, для якіх Лукашэнка ўвасабляе зло, выбар, хутчэй, будзе зроблены на карысьць згортваньня гэтага культу. І таму думаю, што па-за межамі аднаго пакаленьня пасьля яго сьмерці — у пакаленьня маіх дзяцей — Лукашэнка ўжо ня будзе выклікаць ніякай настальгіі.
— Магчыма, і наагул ніякіх эмоцыяў.
— Магчыма, і так. Але наўрад ці — з прычыны маштабу і фармацыйнай ролі ў гісторыі Беларусі. Усё ж такі ён першы прэзыдэнт, зь ім асацыюецца шмат вострых расколаў, крызісаў у грамадзтве, асабліва 2020 год і ўсё, што было пасьля. Я думаю, што яшчэ доўгі час гэтая памяць будзе перадавацца. Гэта як са Сталіным. Ён памёр 71 гад таму, але ягоная фігура да гэтага часу падзяляе многія постсавецкія грамадзтвы. Таму патэнцыял для дэбатаў пра Лукашэнку будзе. Але патэнцыял для сьлязьлівай настальгіі, я думаю, будзе толькі ў тых, хто будзе сумаваць па сваіх спакойных і маладых гадах.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум