Каля 500-600 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году па стане на пачатак 2024 году. Да такой высновы прыйшоў незалежны сацыёляг, былы дырэктар Інстытута сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на даступныя статыстычныя зьвесткі.
Як адзначае Генадзь Коршунаў, раней і беларускія чыноўнікі, і незалежныя дасьледчыкі ўжо неаднойчы называлі розныя лічбы эміграцыі беларусаў, але гэтыя зьвесткі ахоплівалі пэрыяд 2020-2022 гадоў, а цяпер апублікаваныя новыя зьвесткі, за 2023 год, іх і аналізуе дасьледчык.
Так, у Польшчы на люты 2024 году ў сыстэме ZUS (аналяг беларускага ФСАН) зарэгістравана амаль 130 тысяч беларусаў, а рознага кшталту дазволы на пражываньне мелі таксама каля 130 тысяч чалавек. Вядома, што ў 2020-м беларусаў, якія мелі дазволы на пражываньне ў Польшчы, было крыху меней за 17 тысяч. Такім чынам, атрымліваем памер новай міграцыі ў Польшчу — гэта 113 тысяч чалавек. Як адзначае дасьледчык, сапраўдны памер міграцыі будзе вышэйшы, бо частка беларусаў яшчэ знаходзяцца ў працэсе атрыманьня дазволаў на легальнае пражываньне ў Польшчы. Гэтая дадатковая доля, паводле яго, можа складаць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
У Літве на люты 2024 году дазвол на пражываньне ў краіне мелі 63 тысячы беларусаў, афіцыйна працавалі 48 тысяч, а на канец 2020 году ў Літве жыло меней за 18 тысяч беларусаў. Такім чынам, памер новай міграцыі беларусаў у Літву — каля 45 тысяч чалавек. Гэта, паводле дасьледчыка, таксама хутчэй мінімальная плянка.
У Нямеччыне (трэцяя краіна ЭЗ па колькасьці выдадзеных беларусам першасных дазволаў на пражываньне ў 2022-м) пакуль колькасьць беларусаў, якія атабарыліся там пасьля 2020 году, хутчэй за ўсё, не перавышае 6-8 тысяч чалавек.
У Ізраіль на 2022 год перабраліся сама меней 3,6 тысячы беларусаў і, паводле дасьледчыка, за кошт 2023 году гэтую лічбу, імаверна, можна павялічыць на пару тысяч.
У Грузіі на канец 2023 году знаходзіліся крыху болей за 11 тысяч беларусаў. Інфармацыі пра тое, што да апошняга часу ў Грузіі існавала значная беларуская дыяспара, няма, таму, паводле дасьледчыка, амаль усіх беларусаў, якія цяпер знаходзяцца там, можна аднесьці да міграцыі апошніх гадоў. Гэта яшчэ 10-11 тысяч чалавек.
Колькасьць беларусаў, якія эмігравалі ў іншыя краіны, падлічыць больш складана, але, абапіраючыся на колькасьць тых жа першасных дазволаў, Генадзь Коршунаў лічыць, што можна з пэўнай імавернасьцю спрагназаваць, што ў краіны Эўразьвязу (за выняткам Польшчы, Літвы і Нямеччыны) цягам гэтых гадоў пераехалі недзе 20-25 тысяч беларусаў.
Калі падсумаваць прыведзеныя вышэй лічбы, атрымліваецца агулам каля 220 тысяч чалавек. Гэта без уліку эўрапейскіх краін, што не ўваходзяць у ЭЗ, без уліку краінаў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, а таксама без Украіны і Расеі.
Паводле Генадзя Коршунава, з вышэйпералічаных рэгіёнаў найбольш беларусаў пераехалі ў Расею. Маштабы эміграцыі ў гэтым кірунку падлічыць амаль немагчыма, бо нават афіцыйныя інстанцыі даюць розныя лічбы: так, у 2022 годзе Дэпартамэнт працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны Эўразійскай эканамічнай камісіі называў лічбу ў 174 305 беларусаў, а Галоўнае ўпраўленьне ў пытаньнях міграцыі МУС Расеі — 430 тысяч. Але, паводле Коршунава, можна сказаць больш-менш упэўнена, што эміграцыя зь Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная ў памерах з кірункам заходнім, адзначае дасьледчык.
«Такім чынам, падаецца, што на пачатак 2024-га году будзе абгрунтаваным падлічыць агульную колькасьць беларускай міграцыі прыкладна ў 500-600 тысяч чалавек. Гэта недзе 6-7% ад усяго намінальнага/афіцыйнага памеру насельніцтва краіны, згодна зь Белстатам», — робіць выснову Генадзь Коршунаў.
Форум