Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: 45% беларусаў, якія зьехалі ў Польшчу, плянуюць застацца там жыць


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Варшаве, 2023 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Варшаве, 2023 год

45% беларусаў, якія жывуць у Польшчы, ня хочуць вяртацца ў Беларусь і плянуюць застацца ў Польшчы на пастаяннае месца жыхарства, сьведчаць вынікі апытаньня «Беларуская эміграцыя ў Польшчы», праведзенага Цэнтрам дыялёгу імя Юліуша Мерашэўскага.

22% апытаных гатовыя вярнуцца ў Беларусь, калі дазволіць сытуацыя, 28% ня вызначыліся з плянамі на будучыню, а 5% жадаюць зьехаць з Польшчы ў іншую краіну, але ня ў Беларусь. Толькі 1% апытаных заявілі аб жаданьні вярнуцца ў Беларусь у бліжэйшы час.

У апытаньні прынялі ўдзел 1 299 чалавек.

Паводле апытаньня, асноўнай прычынай, якая заахвоціла беларусаў, што цяпер знаходзяцца ў Польшчы, пакінуць Беларусь, зрабіўся страх перад рэпрэсіямі на радзіме (86%).

Для паловы рэспандэнтаў Польшча — краіна, дзе «жыцьцё ў цэлым лепшае, чым у Беларусі». Кожны пяты апытаны указаў на больш шырокія магчымасьці для кар’ернага росту за кошт пошуку больш высокааплатнай працы або працы, больш адпаведнай яго кваліфікацыі і інтарэсам.

Для большасьці апытаных (70%) галоўнай праблемай, зьвязанай са знаходжаньнем у Польшчы, зьяўляецца вырашэньне афіцыйных пытаньняў. Іншай распаўсюджанай праблемай для беларусаў, якія эмігравалі ў Польшчу, стала ўсталяваньне сацыяльных кантактаў з палякамі (64%) і пошук жыльля для арэнды (60%).

Большасьць апытаных беларусаў, якія цяпер жывуць у Польшчы, заяўляюць, што асноўную частку часу па-за домам яны праводзяць зь іншымі беларусамі (73%), і толькі 20% — што большасьць часу бавяць з палякамі. Пры гэтым 56% апытаных не падтрымліваюць кантактаў зь беларускімі арганізацыямі, якія працуюць у Польшчы.

Большасьць апытаных лічыць, што беларуская мова ўрэшце рэшт мусіць быць адзінай афіцыйнай мовай у Беларусі. 52% упэўненыя, што гэта неабходна зрабіць як мага хутчэй, у той час як 34% мяркуюць, што трэба пачакаць, пакуль людзі навучацца размаўляць па-беларуску. 11% прытрымліваецца думкі, што Беларусь павінна заставацца дзьвюхмоўнай краінай.

76% апытаных лічаць, што Польшча захоўвае сяброўскія адносіны ў дачыненьні да Беларусі. З усіх 5 суседзяў Беларусі менавіта гэтая краіна ўспрымаецца апытанымі як найбольш сяброўская. Найбольш недружалюбнай краінай у адносінах да Беларусі, на думку апытаных, зьяўляецца Расея (61%), на другім месцы — Украіна (36%). Пры гэтым найбольшая група апытаных (48%) лічыць, што ўкраінцы прыязна ставяцца да беларусаў, 20% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркаваньня.

  • Цэнтар дыялёгу імя Юліуша Мерашэўскага — былы Цэнтар польска-расёйскага дыялёгу і ўзаемаразуменьня, рэфармаваны ў 2022 годзе. Цэнтар займаецца фармаваньнем дыялёгу ў адносінах паміж палякамі і народамі Ўсходняй Эўропы: украінцамі, беларусамі, грузінамі, малдаванамі і расейцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG