Як праходзяць перамовы
У Стамбуле пачаліся перамовы дэлегацый Расеі і Ўкраіны. Трохбаковая сустрэча паміж расейскай, украінскай і турэцкай дэлегацыямі была заплянаваная на 12:30 менскага часу, паведаміла крыніца ў турэцкім МЗС, піша агенцтва AFP. Але іх пачатак адбыўся са спазьненьнем амаль на паўтары гадзіны.
З уступным словам перад пачаткам працы дэлегацый выступіў кіраўнік МЗС Турэччыны Хакан Фідан. Ён адкрыў сустрэчу паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі каля 13:35 па менскім часе у стамбульскім палацы Далмабахчэ.
Фідан, адкрываючы перамовы паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі ў Стамбуле, заявіў, што «рады бачыць волю абодвух бакоў адкрыць новае акно магчымасьцей для міру».
Па словах Фідана цяперашні этап урэгуляваньня расейска-ўкраінскага ваеннага канфлікту — крытычны. Найхутчэйшае спыненьне агню мае важнае значэньне, падкрэсьліў кіраўнік турэцкага МЗС.
Хакан Фідан сядзеў на чале стала пад турэцкімі, расейскімі і ўкраінскімі сьцягамі — расейская і ўкраінская дэлегацыі сядзелі адна насупраць адной.
Сотні журналістаў разьбілі лягер каля палаца Далмабахчэ.
Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, кіраўнік украінскай дэлегацыі міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў перад пачаткам перамоваў у Стамбуле заявіў, што мір магчымы, калі Расея пагодзіцца на 30-дзённае спыненьне агню, а Ўкраіна гатовая да поўнага і безумоўнага спыненьня агню і прамых перамоваў на самым высокім узроўні:
«Мір магчымы толькі ў тым выпадку, калі Расея прадэманструе гатоўнасьць да канкрэтных дзеяньняў, у тым ліку поўнага спыненьня агню на працягу як мінімум 30 дзён і гуманітарных крокаў, такіх як вяртаньне гвалтоўна дэпартаваных украінскіх дзяцей і абмен ваеннапалоннымі на ўмовах „усіх на ўсіх“», — сказаў Умераў.
Перад гэтым прайші асобныя перамовы паміж Украінай, Злучанымі Штатамі і Турэччынай, якія пачаліся ў 10:45. Сустрэча праайшла на ўзроўні кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў.
У перамовах бяруць удзел кіраўнікі МЗС Турэччыны і Ўкраіны Хакан Фідан і Андрэй Сыбіга, а таксама кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Марка Рубіё. Ён прыляцеў у Стамбул сёньня раніцай.
Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, міністар абароны Рустэм Умераў і міністар замежных справаў Андрэй Сыбіга сустрэліся з прадстаўнікамі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыны, паведаміў Ярмак.
«Мы ўзгаднілі пазыцыі перад сустрэчай украінскай і расейскай дэлегацыяў у Стамбуле. Украіна гатовая да міру і трывалага і безумоўнага спыненьня агню. Мы таксама гатовыя да сустрэч і перамоваў на найвышэйшым узроўні», — сказаў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Ярмак.
Ён назваў прыярытэтам украінскай дэлегацыі ў Стамбуле дасягненьне безумоўнага спыненьня агню.
Чакаецца. што дырэктар палітычнага плянаваньня Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Майкл Антон правядзе асобную сустрэчу з кіраўніком расейскай дэлегацыі Ўладзімірам Мядзінскім.
Хто з расейскага боку?
Пуцін у мінулыя выходныя прапанаваў правесьці перамовы ў чацьвер, але потым Крэмль некалькі дзён адмаўляўся паведаміць, хто на іх прыедзе.
Увечары 14 траўня Пуцін вырашыў, што расейскую дэлегацыю ўзначаліць ягоны памочнік Уладзімір Мядзінскі. Ён ужо быў кіраўніком расейскай перамоўнай групы на пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе.
У расейскую дэлегацыю таксама ўвайшлі
- намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Галузін,
- начальнік галоўнага ўпраўленьня расейскага Генэральнага штабу Ігар Касьцюкоў,
- намесьнік міністра абароны Аляксандар Фамін.
У чацьвер Зяленскі ацаніў склад расейскай дэлегацыі як сьведчаньне таго, што Масква не настроена сур’ёзна на перамовы аб спыненьні вайны.
Высокапастаўленых дыпляматаў, такія як міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў або памочнік Пуціна ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх перамовах са Злучанымі Штатамі, у Стамбуле няма.
Хто з украінскага боку?
Паколькі Пуцін не прыедзе, Зяленскі заявіў, што таксама ня будзе ўдзельнічаць у перамовах.
Украінскую дэлегацыю ўзначаліць міністар абароны Рустэм Умераў, ён этнічна крымскі татарын. Удзельнічаў у некалькіх перамовах з Масквой, уключаючы перамовы 2022 году, абмен палоннымі і Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву 2022 году.
Да яго далучацца каля дзясятка намесьнікаў міністраў і вайсковых чыноўнікаў, у тым ліку
- намесьнік міністра замежных справаў Сяргей Кісьліца,
- намесьнік кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Поклад і
- намесьнік начальніка Генэральнага штабу Аляксей Шаўчэнка.
Як удзельнічаюць ЗША
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё таксама прыбыў у Стамбул у пятніцу. У чацьвер ён заявіў, што сустрэнецца зь міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сыбігам.
Чыноўнік ЗША ніжэйшага рангу — дырэктар палітычнага плянаваньня Майкл Антон — правядзе працоўныя перамовы з расейскай дэлегацыяй, паведаміла прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Тамі Брус.
Якія пазыцыі бакоў?
Уладзімір Зяленскі заявіў, што ягоная каманда мае мандат на абмеркаваньне безумоўнага спыненьня агню, чаго дамагаюцца Кіеў, яго саюзьнікі і Злучаныя Штаты. Расея ня раз адхіляла гэтую прапанову, настойваючы на тым, што перш чым дамаўляцца аб спыненьні агню, неабходна ўрэгуляваць цэлы шэраг пытаньняў.
Акрамя таго, далёкія ад урэгуляваньня фундамэнтальныя рознагалосьсі паміж Кіевам і Масквой. Расея настойвае, каб на перамовах былі закранутыя так званыя «першапрычыны» канфлікту, уключаючы «дэнацыфікацыю» і дэмілітарызацыю Ўкраіны (два расплывістыя тэрміны, якімі Масква апраўдвала ўварваньне ў 2022 годзе).
Расея таксама паўтарыла, што Ўкраіна павінна саступіць сваю тэрыторыю, занятую расейскімі войскамі. Кіеў заявіў, што не прызнáе свае тэрыторыі расейскімі.
Якія чаканьні?
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што прагрэс у Турэччыне малаімаверны. У чацьвер ён заявіў, што пакуль сам не сустрэнецца з Пуціным, перамовы ня зрушацца. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё таксама заявіў, што ня мае «высокіх чаканьняў» ад перамоў.
Мядзінскі казаў, што гатовы абмяркоўваць на перамовах «магчымыя кампрамісы».
Чаму ў Турэччыне?
Турэччына, якая ўваходзіць у NATO, імкнулася падтрымліваць добрыя адносіны як з Украінай, так і з Расеяй з моманту ўварваньня Масквы і двойчы прымала перамовы аб вайне.
Першыя тры раўнды перамоваў вясной 2022 году прайшлі ў Беларусі. Але пазьней перамовы былі перанесеныя ў больш нэўтральную Турэччыну.
Перамовы ў Стамбуле ў сакавіку 2022 году зайшлі ў тупік пасьля вываду расейскіх войскаў з кіеўскага прадмесьця Бучы, дзе пасьля месячнай акупацыі расейскімі войскамі былі знойдзены сотні загінулых мірных жыхароў.
Масква разглядае цяперашнія перамовы як «працяг» тых перамоваў, заявіў у чацьвер Мядзінскі.
Кантакты паміж бакамі канфлікту з тых часоў абмяжоўваліся пытаньнямі абмену палонных і рэпатрыяцыі парэштак салдатаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум