Вынікі праверкі паказалі істотныя парушэньні, якія перашкаджаюць прафіляктыцы інваліднасьці і паўнацэннай рэабілітацыі непаўналетніх, заявіла Генэральная пракуратура Беларусі.
Праверкі закранулі дзейнасьць органаў аховы здароўя, адукацыі, працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, а таксама падведамных ім арганізацый. Як было ўстаноўлена пракурорамі
- у большасьці выпадкаў не праводзілася комплексная ацэнка стану здароўя дзяцей-інвалідаў;
- праграмы мэдыцынскай, прафэсійнай і сацыяльнай рэабілітацыі распрацоўваліся без уліку індывідуальных запатрабаваньняў;
- выяўлены недагляды пры міжведамасным узаемадзеяньні.
Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры, за апошнія пяць гадоў у Беларусі
- агульная колькасьць дзяцей-інвалідаў вырасла на 17,7 працэнта;
- колькасьць дзяцей з цяжкімі формамі страты здароўя — на 12,7%;
- колькасьць непаўналетніх з псыхічнымі расстройствамі, уключаючы аўтызм, павялічылася ўдвая;
- на 8 працэнтаў стала больш дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.
У 2024 годзе рэабілітацыяй у стацыянарных умовах было ахоплена толькі 19% з ліку дзяцей-інвалідаў, якія маюць у ёй патрэбу.
Па выніках праверкі Генэральная пракуратура накіравала сваю інфармацыю ва ўрад.
Форум