2 траўня стала вядома, на якія тэрміны асудзілі абвінавачаных у арганізацыі тэрарыстычнага акту ля Талачына грамадзян Беларусі Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, а таксама ўкраінца Івана Ліхалата. Усіх траіх затрымалі яшчэ ў верасьні 2023, а асудзілі — у сьнежні 2024 году.
«Абвінавачаныя на працягу 2023 году ў рамках злачыннага ўзаемадзеяньня з прадстаўнікамі ўкраінскіх спэцыяльных службаў зьбіралі і перадавалі ім зьвесткі, а таксама выконвалі іншыя заданьні, якія маглі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — паведаміў пра апошнюю на гэты момант «рэйкавую справу» Вярхоўны суд Беларусі. З гэтага ж паведамленьня стала вядома, што Пухальскага і Бародзіча асудзілі адпаведна на 25 і 11 гадоў пазбаўленьня волі, Ліхалата — на 20.
Прысуды ў справе Пухальскага, Бародзіча і Ліхалата сталі вядомыя толькі дзякуючы паведамленьню Вярхоўнага суду, хоць упершыню пра гэтую справу КДБ Беларусі паведаміў 11 верасьня 2023 году. Тады ж дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі сюжэт пра арышт шасьці «рэйкавых партызанаў», сярод якіх былі Пухальскі, Бародзіч і Ліхалат. Паводле гэтага відэа, беларусы самастойна выйшлі на сувязь з украінскімі спэцслужбамі, зьбіралі зьвесткі пра перамяшчэньні войскаў на беларускай тэрыторыі і перавезьлі выбухоўку з Кобрынскага раёну ў Талачынскі, дзе павінны былі падарваць участак чыгункі. Украінец Ліхалат, паводле тых жа паведамленьняў, адказваў за кантроль СБУ над апэрацыяй.
Судзілі затрыманых за здраду дзяржаве, замах на акт тэрарызму, агентурную дзейнасьць і неданясеньне аб злачынных дзеяньнях. Паводле актуальнага беларускага заканадаўства, абвінавачаным пагражаў расстрэл. Прысуд усім траім вынесьлі 18 сьнежня 2024 году. Зьвестак пра хаду сьледзтва і працэс амаль няма, справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Застаецца невядомым, што менавіта зрабілі абвінавачаныя, дзе яны зараз знаходзяцца і ў якіх умовах іх трымаюць. Невядома таксама, што на судзе гаварылі самі абвінавачаныя. Як вынікае з факту абскарджаньня прысуду ў Вярхоўным судзе, яны зь лініяй абвінавачваньня і з даказанасьцю сваёй віны ня згодныя.
Амаль адначасова з Пухальскім, Бародзічам і Ліхалатам спэцслужбы Беларусі затрымалі грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, гэта адбылося ў кастрычніку 2023 году. Яго абвінавацілі паводле тых самых артыкулаў Крымінальнага кодэксу і ў чэрвені 2024 году прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня.
Афіцыйна Крыгер на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў падарваў участак чыгункі на станцыі Азярышча. Сам ён пасьля вызваленьня і абмену сьцьвярджаў, што перанёс на станцыю заплечнік, пра зьмесьціва якога нічога ня ведаў. Супольнасьць былых беларускіх сілавікоў BelPol заявіла, што дзеяньнямі Крыгера ад пачатку маглі кіраваць беларускія спэцслужбы.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», арышты за дывэрсіі на беларускай чыгунцы пачаліся ўвосень 2020 году, калі ўдзельнікі пратэстаў спрабавалі спыніць рух цягнікоў, псуючы абсталяваньне і замыкаючы электрычныя ланцугі паміж рэйкамі. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны дывэрсіі пачасьціліся, яны былі скіраваныя на спыненьне руху цягнікоў, якія падвозілі ўзбраеньне для расейскай арміі. Агулам праваабаронцам вядомыя 34 асуджаныя за «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» зь сярэдзіны 2020 да пачатку 2025 году.
Дэманстратыўны палітычны перасьлед
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова ў размове з Свабодай пацьвярджае, што інфармацыі пра справу Бародзіча, Пухальскага і Ліхалата вельмі няшмат.
«Вынясеньне гэтых прысудаў дэманструе вялікую ступень жорсткасьці палітыкі Лукашэнкі стасоўна ўкраінскай тэмы, — гаворыць Вікторыя. — Тут і нерэальна вялікія тэрміны зьняволеньня, і найбольш жорсткі рэжым яго адбыцця — турэмны. Ды яшчэ і цягам некалькіх першых гадоў безь зьмякчэньняў. Гэта дэманстратыўны прыклад палітычна матываванага перасьледу, які мае мэтай пакараць грамадзянскую неабыякавасьць і салідарнасьць з украінцамі, а таксама запалохаць іншых».
Паводле Вікторыі Рудзянковай, праваабаронцы зараз маюць інфармацыю пра 214 крымінальных справаў, зьвязаных з вайной ва Ўкраіне. Сярод іх і справа Рыка Крыгера, сьмяротны прысуд якому стаў першым і на гэты момант адзіным палітычна матываваным у сучаснай гісторыі Беларусі.
«Тое, што суд у справе Бародзіча, Пухальскага і Ліхалата зрабілі закрытым, — заканамерна, — кажа Вікторыя Рудзянкова. — Гэта ў Беларусі тыповая практыка, характэрная для палітычных судоў. Але хачу нагадаць, што права на публічны разгляд справы — неад’емная частка права на справядлівы судовы разбор, замацаваная, у прыватнасьці, у Канстытуцыі Беларусі і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, выкананьне якога для Беларусі абавязковае».
Паводле праваабаронцы «Вясны», прычыны накшталт «раскрыцьця дзяржаўных таямніц» — ня больш чым фармальная падстава для засакрэчваньня нязручных для дзяржавы працэсаў.
«Дзяржаўныя таямніцы, калі б яны там сапраўды былі, можна было б лякальна схаваць, але не пазбаўляць людзей цалкам права на публічны разгляд справы, — кажа Вікторыя Рудзянкова. — Суд за зачыненымі дзьвярыма, без рэальнай магчымасьці грамадзкага кантролю, — гэта адмаўленьне справядлівасьці і прыкмета самаўпраўства, але не правасудзьдзя».
«Рэжым ненавідзіць такіх людзей»
Прадстаўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў Уладзімер Жыгар у размове з Свабодай таксама зьвяртае ўвагу на нежаданьне ўладаў Беларусі цалкам раскрываць зьмест крымінальных справаў, зьвязаных з дзеяньнямі беларусаў на карысьць Украіны. На думку былога сілавіка, тут можа быць, сярод іншага, і палітычны чыньнік.
«Калі казаць пра закрытыя суды, то гэта цалкам звычайная для Беларусі практыка, — кажа Жыгар. — Бо ў межах гэтых судовых паседжаньняў дэманструюцца рознага кшталту дакумэнты, апэратыўныя матэрыялы, якія маюць грыф „абсалютна сакрэтна“ ці „сакрэтна“. Па-другое, гэта робіцца для таго, каб інфармацыя не прайшла ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Што датычыць канкрэтна гэтай справы, то тут цяжка да канца зразумець лёгіку рэжыму. Магчыма, гэтая сытуацыя была зусім цалкам іншай. Магчыма, сваю ролю адыграла тое, што судзілі грамадзяніна Ўкраіны».
З словаў Уладзімера Жыгара, улады Беларусі маглі не захацець лішні раз публічна паказваць суд над украінцам, што магло б нэгатыўна паўплываць на ўзаемаадносіны з Украінай.
«Паводле нашай інфармацыі, такія справы, зьвязаныя з магчымымі дывэрсіямі на тэрыторыі Беларусі, якія скіраваныя супраць расейскіх вайскоўцаў альбо нейкім чынам шкодзяць вайсковым дзеяньням супраць Украіны, могуць працягвацца, — дадае Ўладзімер. — Мы можам ня ведаць пра іх на гэтым этапе. Улады зараз не зацікаўленыя ў агучваньні такой інфармацыі».
Жыгар зьвяртае ўвагу таксама на зьмену тактыкі ўладаў Беларусі ў рэпрэсіях. Паводле прадстаўніка BelPol, калі раней дзяржаўныя СМІ пастаянна паказвалі прапагандысцкія фільмы, прысьвечаныя арыштам і перасьледу, інфармацыя пра іх была публічнай, то зараз гэтага амаль няма.
«Рэжым Лукашэнкі ня хоча гэта паказваць, — гаворыць Уладзімер Жыгар. — Гэта непапулярна, рэжым стараецца знайсьці пункты судакрананьня з Эўрапейскім Зьвязам. Сярод дэмакратычных сілаў таксама ёсьць людзі, якія, скажам так, „прадаюць“ міратворца Лукашэнку. Лукашэнку, які ўсё ўсьвядоміў. У кантэксьце такіх заяваў відэа аб затрыманьні нейкіх тэрарыстаў ня граюць на руку рэжыму».
Што зараз чакае Барыса Пухальскага, Івана Бародзіча і Івана Ліхалата, а таксама іншых асуджаных у межах «украінскіх» справаў? З словаў Уладзімера Жыгара, умовы іх утрыманьня могуць быць яшчэ больш жорсткімі, чым у іншых асуджаных у палітычна матываваных справах.
«Да асуджаных у „талачынскай справе“ будуць стасавацца ўсе магчымыя меры ўзьдзеяньня ў так званых выхаваўчых установах, — гаворыць Уладзімер Жыгар. — Рэжым ненавідзіць такіх людзей. Калі б была магчымасьць, пытаньне з такімі людзьмі разьвязвалі б так, як бы ўладам хацелася. Вы разумееце, што я маю на ўвазе. Стаўленьне да іх за кратамі будзе адназначна асаблівае і вельмі жорсткае».
Форум