Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і расейскі міністар абароны абмеркавалі пляны супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2025»


Аляксандр Лукашэнка 16 траўня праводзіць сустрэчу зь міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым, у цэнтры міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін
Аляксандр Лукашэнка 16 траўня праводзіць сустрэчу зь міністрам абароны Расеі Андрэем Белавусавым, у цэнтры міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін

У Беларусь 16 траўня з «працоўным візытам» прыбыў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў.

Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага абароннага ведамства. Расейскага чыноўніка сустрэў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

«У Менску кіраўнік вайсковага ведамства Расеі плянуе прыняць удзел у шэрагу перамоваў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Белавусава адразу прыняў Аляксандар Лукашэнка, паведаміла БелТА. Ішла гутарка аб заплянаваных супольных вайсковых вучэньнях Беларусі і Расеі на беларускай тэрыторыі:

«Хачу сказаць, што да вучэньняў мы гатовыя. Нічога ні ад кога не хаваем. Мы сапраўды дэманструем адкрытасьць — што гэтыя вучэньні нашыя і маюць абарончы характар. І ні на кога мы нападаць не зьбіраемся, як некаторыя там думаюць. Ну, гэта іхная справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэньне на ўзроўні прэзыдэнтаў аб правядзеньні вучэньня.

Што да нашай часткі, на палігонах Беларусі, мы гатовыя. Мы гатовыя да таго, каб куды трэба вылецець адпаведна пляну на палігоны Расеі. Наадварот — прыняць расейскія войскі і правесьці сумесныя вучэньні нашай сумеснай групоўкі войскаў, якая створана ў саюзнай дзяржаве. У гэтым пляне Расея можа не турбавацца. Мы вельмі прыстойна падрыхтуемся»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Луашэнка падзякаваў Белавусаву за тое, што Расея знайшла «магчымасьць пастаўкі ў Беларусь закупленых намі ўзораў узбраеньня»:

«Я маю на ўвазе самалёты, верталёты і гэтак далей. Мы вельмі актыўна працуем над пэрспэктыўнымі відамі ўзбраеньняў. Вы ведаеце гэта добра. Рэалізуем задуму, якую мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным, — аб разьмяшчэньні тут самых перадавых відаў зброі для абароны. У тым ліку „Арэшнік“ і гэтак далей. Мы тут значна прасунуліся».

Андрэй Белавусаў заявіў падчас сустрэчы, што «агульную абаронную прастору» Расеі і Беларусі трэба «ўмацоўваць як мага хутчэй»:

«Першае — гэта павышэньне зладжваньня войскаў і працы штабоў. Ключавой падзеяй у гэтым напрамку супрацоўніцтва зьяўляецца сумеснае вучэньне «Захад-2025». Яно заплянавана на пачатак восені гэтага года і пройдзе адначасова на палігонах у Расеі і Беларусі».

Апошнім разам Белавусаў быў у Менску ў канцы кастрычніка 2024 году, калі ў беларускай сталіцы праходзіла калегія міністэрстваў абароны дзьвюх краін.

Тады ён сярод іншага заявіў, што Расея гатовая ўжыць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Беларусі.

  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.
  • На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі. У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
  • 30 студзеня начальнік аб’яднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
  • Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG