Каму быў патрэбен рэфэрэндум
Рэфэрэндум 1995 году ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка — першы прэзыдэнт незалежнай Беларусі, абраны годам раней. Упершыню ён згадаў пра свой намер у лютым 1995 году.
Як апавядаў дэпутат апазыцыі БНФ у тагачасным парлямэнце (Вярхоўным Савеце), летапісец 1990-х Сяргей Навумчык, яшчэ ў пачатку верасьня 1991 году дэпутат Лукашэнка скрытыкаваў абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Летам 1993-га ён выступіў за аднаўленьне СССР. У часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ён насіў чырвона-зялёны дэпутацкі значок, хоць ужо тры гады ў Беларусі афіцыйнымі былі гістарычныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Лукашэнка таксама патрабаваў надаць расейскай мове статус дзяржаўнай — нароўні зь беларускаю. Ужо пасьля абраньня Лукашэнка і ягоныя ўрадоўцы не карысталіся беларускай мовай — адзінай дзяржаўнай на той момант.
Паводле гісторыка Алены Маркавай, якая дасьледавала працэс нацыянальнага адраджэньня пачатку 1990-х, вынясеньне моўнага пытаньня на рэфэрэндум ішло ад Лукашэнкі, а не ад народу. Паводле яе дасьледаваньняў, працэс пераходу на беларускую мову ў краіне адбываўся спакойна.
У беларускіх і расейскіх колах таксама выказвалася вэрсія, што адной з глыбінных прычынаў правядзеньня рэфэрэндуму, якім абвяшчаўся курс на інтэграцыю з Расеяй, маглі быць амбіцыі Лукашэнкі стаць прэзыдэнтам Расеі.
Якія пытаньні вынесьлі на рэфэрэндум
11 красавіка 1995 Лукашэнка ў Вярхоўным Савеце агучыў пытаньні для рэфэрэндуму:
«1. Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
3. Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
4. Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?»
Першыя тры пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньні якога былі канчатковымі, а апошняе мела рэкамэндацыйны характар.
Хто прыдумаў нэасавецкую сымболіку
Над дзяржаўнай сымболікай, якую прапанаваў Лукашэнка, не працавалі ні геральдысты, ні гісторыкі, ні мастакі. Аўтарам герба і сьцяга называў сябе тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын.
«Гэта была цалкам мая ініцыятыва. Я аўтар герба і сьцяга. Я маляваў эскіз. І нават у Цэнтравыбаркаме ёсьць мой эскіз, ад рукі намаляваны… Потым ужо мастак дадаў фарбы, крыху стылізаваў. Ёсьць, праўда, там адзін штрых пікантны. Я быў супраць зорачкі наверсе. Яна, так бы мовіць, геральдычна ня ўпісваецца туды. Аўтар зорачкі — Іван Іванавіч Ціцянкоў. Усё астатняе маё. Сьцяг таксама мой», — хваліўся Сініцын у інтэрвію Свабодзе.
Чаму рэфэрэндум быў незаконны яшчэ да галасаваньня
Экспэрты пагаджаюцца на тым, што пытаньні, вынесеныя на ўсенароднае галасаваньне, супярэчылі тагачаснай Канстытуацыі Беларусі, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце і шэрагу законаў.
Гэтак, паводле закону «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)», на плебісцыт не маглі выносіцца «пытаньні нацыянальна-гістарычнай адметнасьці» (два з чатырох прапанаваных Лукашэнкам пытаньняў), уключна з мовай. Канстытуцыя ўзору 1994 году вызначала беларускую мову як дзяржаўную, а расейскую — як мову міжнацыянальных зносін. Зьмены ў Канстытуцыю не маглі ўносіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савету, выбары ў які былі прызначаны ў адзін дзень з рэфэрэндумам.
«Гэтыя пытаньні не павінны былі выносіцца на рэфэрэндум. У выніку тое, што адбылося, супярэчыла і Канстытуцыі, і дзейнаму тады заканадаўству. І таму вынікі рэфэрэндуму ня могуць мець легітымнасьці і юрыдычнай моцы з моманту вынясеньня гэтых пытаньняў на разгляд», — падсумоўваў доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду краіны Міхаіл Пастухоў.
Галадоўка дэпутатаў і сілавы разгон
Ня толькі пытаньні рэфэрэндуму былі нелегітымныя. Самая працэдура прызначэньня рэфэрэндуму ў тагачасным парлямэнце — адзін з паваротных момантаў у фармаваньні аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
11 красавіка 1995 году большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету прагаласавалі супраць вынясеньня трох з чатырох пытаньняў на ўсенароднае галасаваньне. Падтрымку займела толькі пытаньне эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка заявіў, што правядзе рэфэрэндум бяз згоды парлямэнту, 19 дэпутатаў апазыцыі Беларускага Народнага Фронту абвясьцілі галадоўку пратэсту проста ў Авальнай залі.
У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў масках і камуфляжнай форме жорстка пабілі дэпутатаў, праігнараваўшы іх недатыкальны статус, і гвалтам выкінулі з будынку парлямэнту.
«Ужо пэўна, што на Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы. Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта, а як кіруе хунта — мы добра ведаем зь нядаўняга вопыту», — заявіў у эфіры Радыё Свабода 12 красавіка народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.
Назаўтра пасьля разгрому галадоўнікаў дэпутаты Вярхоўнага Савету прынялі пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму.
«Пасьля таго як у парлямэнт увялі войска, узброеныя сілы, ён перастаў быць парлямэнтам. Бо гэты орган у любой краіне абсалютна недатыкальны для любой іншай структуры. Вярхоўны Савет — гэта орган найвышэйшай прадстаўнічай улады», — узгадваў адзін з удзельнікаў галадоўкі пратэсту дэпутат Лявон Дзейка.
Паводле прафэсара Пастухова, «толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў людзьмі ў камуфляжнай форме ставіў пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савета наконт прызначэньня рэфэрэндуму, бо рашэньне было прынятае пад прымусам». Увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і напад на дэпутатаў былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду кваліфікаваў як «захоп улады гвалтоўным чынам».
Прапаганда на баку Лукашэнкі
Цягам тыдняў, што папярэднічалі рэфэрэндуму, дзяржаўная тэлевізія і радыё вялі агрэсіўную агітацыю ў падтрымку прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам пытаньняў і адказаў на іх. Сымбалем той прапаганды стаў фільм Юрыя Азаронка (бацька цяперашняга прапагандыста Грыгорыя Азаронка) «Ненависть. Дети лжи». У стужцы голас лідэра БНФ Зянона Пазьняка наклалі на кадры зь нямецкімі нацыстамі, а дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы-сьцяг і герб Пагоня — атаясамлівалася з калябарантамі часоў Другой усясьветнай вайны.
Апанэнты рэфэрэндуму доступу да эфіру не атрымалі.
Гэтак, Таварыства беларускай мовы напярэдадні рэфэрэндуму двойчы зьвярталася да кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з просьбай надаць яму тэле- і радыёэфір. Згадкі пра рэфэрэндум у перадвыбарчых выступах кандыдатаў у дэпутаты з эфіру выразалі.
Чаму галасаваньне не было дэмакратычным
Сам працэс галасаваньня выклікаў ня менш пытаньняў, чым зацьверджаньне рэфэрэндуму.
14 траўня 1995 году адначасова з рэфэрэндумам адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Выбары ў ВС не адбыліся ў 141 акрузе з 260 празь нізкую яўку (прыйшло менш за палову выбарнікаў). Пры гэтым, паводле афіцыйных зьвестак, ува ўсіх гэтых акругах у рэфэрэндуме прыняло ўдзел больш за палову выбарнікаў. Як такое стала магчыма, назаўжды застанецца загадкай.
Сойм БНФ адзначыў, што «галасаваньне па рэфэрэндуме, асабліва ў сельскай мясцовасьці, было сфальсыфікавана выканаўчымі ўладамі і іхнымі прадстаўнікамі ў выбарчых камісіях». Місія міжнародных назіральнікаў АБСЭ прыйшла да высновы, што яны «не адпавядалі ўсім міжнародным стандартам свабодных і роўных выбараў».
Якія былі афіцыйныя вынікі
Паводле афіцыйных зьвестак, па ўсіх чатырох пытаньнях беларусы падтрымалі ініцыятыву прэзыдэнта Лукашэнкі (працэнты ад колькасьці грамадзянаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні):
- Мова: за наданьне расейскай статусу дзяржаўнай — 53,9%, супраць — 12,7%.
- Сымболіка: за вяртаньне савецкіх сымбаляў — 75,1%, супраць — 20,5%.
- Інтэграцыя з Расеяй: за шчыльнейшую супрацу — 83,3%, супраць — 12,5%.
- Спыненьне паўнамоцтваў парлямэнту: за права разганяць дэпутатаў — 77,7%, супраць — 17,8%.
Як зьняважылі дзяржаўны сьцяг
16 траўня 1995 году, яшчэ да таго, як афіцыйныя вынікаў рэфэрэндуму набылі законную сілу, бел-чырвона-белы сьцяг на даху будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі замянілі на чырвона-зялёны. Кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў і некалькі ягоных паплечнікаў проста на даху парвалі гістарычнае палотнішча на кавалкі. Ціцянкоў асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў, што зафіксавалі на відэа.
Як рэфэрэндум зьмяніў будучыню Беларусі
«Рэфэрэндум 1995 году зламаў хрыбет нацыі — я не магу знайсьці лепшага параўнаньня. Пасьля такога можна жыць, але не паўнавартасна», — пісаў Сяргей Навумчык.
Вынікам травеньскага рэфэрэндуму стаў канстытуцыйны крызіс у Беларусі. У 1996-м Аляксандар Лукашэнка правёў новы рэфэрэндум, распусьціў Вярхоўны Савет і стварыў двухпалатны Нацыянальны сход, дзе ўжо не было апазыцыйных фракцыяў.
Рэфэрэндум таксама праклаў дарогу да поўнамаштабнай русыфікацыі ўсіх сфэраў жыцьця Беларусі. Калі ў 1993 годзе 80% першаклясьнікаў пайшлі ў беларускія клясы, то праз 30 гадоў па-беларуску вучацца толькі 8% беларускіх школьнікаў.
Герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг на дзесяцігодзьдзі трапілі пад негалосную забарону. Сьледам за здушэньнем агульнанацыянальных пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі стаў масава караць беларусаў за гістарычную сымболіку.
Палітычная і эканамічная залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Расеі прывяла да саўдзелу Беларусі ў поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 году.
Форум