Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьехаць і не вярнуцца. Хто з эмігрантаў зьбіраецца вяртацца на радзіму — аналіз сацыёляга Коршунава


Генадзь Коршунаў, каляж
Генадзь Коршунаў, каляж

Якая доля эмігрантаў, паводле сацыялягічных апытаньняў, мае намер вярнуцца ў Беларусь, а які адсотак не зьбіраецца вяртацца ніколі? Ад чаго залежаць гэтыя намеры? Чым адрозьніваюцца ўяўленьні пра беларускую ідэнтычнасьць у беларусаў у краіне і ў дыяспары?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае сацыёляг, дасьледнік Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў.

— «Палова беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, ня хоча вяртацца ў Беларусь. Чвэрць не плянуе вяртацца ніколі». Такія вынікі нядаўняга дасьледаваньня польскага Цэнтру Мерашэўскага, грунтаванага на апытаньні эмігрантаў зь Беларусі.

Гэтыя дадзеныя варта параўнаць з дадзенымі, атрыманымі беларускімі сацыёлягамі — «Народным апытаньнем» і «Цэнтрам новых ідэй» — на пачатку году. Тады апытвалі беларускіх эмігрантаў у некалькіх краінах, ня толькі ў Польшчы.

Чым падобныя і чым адрозныя вынікі гэтых дасьледаваньняў?

— Агучаныя вынікі дасьледаваньня цэнтру Мэрашэўскага — гэта пакуль толькі анонс. Само дасьледаваньне прэзэнтуюць 3 кастрычніка.

Заўсёды трэба глядзець, якое пытаньне задавалася і якія варыянты адказу былі. Калі гаворыцца, што палова эмігрантаў не зьбіраецца вяртацца, то маецца на ўвазе — зараз ці пасьля зьмены ўлады?

Што тычыцца нашага дасьледаваньня, вынікі якога мы апублікавалі на пачатку бягучага году, у нас толькі 6% рэспандэнтаў казалі, што дакладна ня вернуцца. Што хутчэй за ўсё ня вернуцца — 20%. Гэта зусім ня тыя лічбы, якія ў цэнтру Мерашэўскага.

— Ад чаго залежыць жаданьне ці нежаданьне вяртацца, якія чыньнікі вызначаюць адпаведныя памкненьні? У прыватнасьці, у якіх краінах эмігранты-беларусы найбольш схільныя да вяртаньня, у якіх — найменш?

— Я б вызначыў тры фактары. Першы — гэта працягласьць жыцьця ў эміграцыі. Чым даўжэй чалавек жыве за мяжой, тым менш ён схільны вяртацца. У нашым апытаньні былі ня толькі эмігранты апошняй хвалі, але і тыя, хто зьехаў і 10 гадоў таму, і раней.

Тут варта падкрэсьліць, што мы апытвалі грамадзка актыўных эмігрантаў. Я мяркую, што менш палітычна актыўная частка дыяспары будзе менш арыентаваная на вяртаньне.

Другі фактар — гэта Лукашэнка. Для многіх ён — галоўны чыньнік, які замінае вярнуцца. Але нават калі ён сыйдзе, а рэжым застанецца, то гэты фактар будзе працягваць дзейнічаць.

І трэці фактар — гэта стаўленьне да беларусаў у тых краінах, у якія яны эмігравалі.

Згодна з ацэнкамі, прыкладна 100–150 тысячаў беларусаў зьехалі ў Расею. Паводле нашых дадзеных, найбольш хацелі б вярнуцца менавіта эмігранты з Расеі. Пасьля — краіны Каўказу, пасьля — краіны Балтыі. Найменшая доля тых, хто плянуе вярнуцца, — эмігранты, якія зьехалі далёка, у ЗША і Вялікую Брытанію. Таксама няшмат жаданьня вяртацца ў тых, хто жыве ў краінах «старой» Эўропы — Італія, Францыя, Нямеччына. У Польшчы, паводле нашых дадзеных, менш за чвэрць эмігрантаў не плянавалі вяртацца.

— Ці многія эмігранты гатовыя вярнуцца зараз, у сучасную Беларусь? Калі глядзець па выніках працы камісіі па вяртаньні Шведа-Азаронка, такіх няшмат. А паводле апытаньняў — колькі іх?

— Хваля эміграцыі, якая пайшла пасьля 2020 году, вельмі неаднародная. Там ёсьць некалькі плыняў. Першая — гэта ўцекачы, тыя, хто зьбег празь перасьлед. Зь іх наўрад ці нехта зьбіраецца вярнуцца, пакуль рэжым трывае.

Другая плынь — гэта эканамічная міграцыя. Пасьля пачатку вайны многія фірмы зладзілі рэлякацыю сваіх супрацоўнікаў, хоць прамой пагрозы для іх не было. Гэтыя людзі на пэўны час могуць вяртацца.

У тых, хто эміграваў з эканамічных прычынаў, няма матывацыі вяртацца, бо сытуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца.

— Мэтадалягічнае пытаньне — як зладзіць карэктнае апытаньне сярод эмігрантаў, як забясьпечыць яго рэпрэзэнтатыўнасьць? Няма ж нейкага кадастру, сьпісу эмігрантаў, зь якога можна зрабіць выпадковую выбарку.

— На дадзены момант я ня бачу магчымасьці дакладна забясьпечыць рэпрэзэнтатыўнасьць такіх дасьледаваньняў. У краінах, якія прымаюць беларусаў, дадзеныя аб іх колькасьці ёсьць, але яны хутка старэюць. Цяперашняя эміграцыя вельмі рухомая, 18–19% у нашым апытаньні казалі, што плянуюць зьмяніць краіну пражываньня.

Нават калі б мы ведалі дакладна сацыяльна-дэмаграфічную структуру дыяспары, вельмі складана атрымаць доступ да ўсяе дыяспары. Яна вельмі нераўнамерна разьмеркаваная па сьвеце.

— У траўні-чэрвені сёлета «Народнае апытаньне» і «Цэнтар новых ідэй» правялі апытаньне ў Беларусі і ў дыяспары наконт беларускай ідэнтычнасьці, папросту кажучы — што такое быць беларусам (беларускай). Чым адрозьніваюцца і чым падобныя эмігранты і беларусы ў краіне ў пытаньні ідэнтычнасьці?

— Гэтае апытаньне пацьвердзіла ранейшыя дасьледаваньні, паводле якіх не назіраецца істотных адрозьненьняў у пытаньнях нацыянальнай ідэнтычнасьці паміж беларусамі ў Беларусі і ў дыяспары.

Нагадаю, размова ідзе пра людзей дэмакратычных поглядаў, менавіта яны фігуруюць пераважна ў дасьледаваньнях «Народнага апытаньня».

У людзей у дыяспары крыху больш радыкальныя погляды, але гэта не кардынальнае адрозьненьне.

Значна большыя адрозьненьні ў пытаньні ідэнтычнасьці паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады. А паміж дэмакратамі па розныя бакі мяжы розьніца невялікая.

Сярод дыяспары больш тых, хто выказваецца на карысьць палітыкі беларусізацыі, прыхільнікаў адзінай дзяржаўнай мовы — беларускай. Сярод эмігрантаў зусім няшмат прыхільнікаў думкі, што беларусы, украінцы і расейцы — гэта адзін народ. Аднак і ў гэтым адрозьненьні невялікія. Сярод апытаных у Беларусі падзяляюць думкі пра «адзіны народ» 10%, у дыяспары — 5 %.

— А як зьвязаныя ў эмігрантаў ідэнтычнасьць і жаданьне вярнуцца?

— Я мяркую, што сувязь ня надта моцная. Галоўным чыньнікам тут будзе ўзровень палітызацыі. Чым вышэйшы ўзровень палітызацыі, тым больш людзі арыентаваныя на вяртаньне ў будучую дэмакратычную Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG