26 красавіка 1986 году адбыўся выбух на чацьвёртым блёку чарнобыльскага рэактара. Аварыя на ЧАЭС лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя. Традыцыйна з 1989 году ў гэты дзень у Менску адбывалася мэмарыяльнае шэсьце — Чарнобыльскі шлях. Але ўжо некалькі год акцый у Беларусі няма — мэмарыяльныя акцыі беларусаў праходзяць за мяжой 26 і 27 красавіка. У 2025 годзе яны таксама заплянаваныя ў Італіі (Балёньня), Літва (Вільня), Польшчы (Беласток, Уроцлаў, Гданьск, Шчэцін), ЗША (Нью-Ёрк).
У Вільні Сьвятлана Ціханоўская разам з дыпляматамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Гішпаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірляндыі, Чэхіі і Нідэрляндаў усклала кветкі да помніка Маці Чарнобыля. У Варшаве адбыўся мітынг–рэквіем памяці Чарнобыльскай трагедыі з удзелам Кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, ксяндза Вячаслава Барка і іншых.
Шэраг дэмакратычных арганізацый пры падтрымцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі, Офіса Сьвятланы Ціханоўскай прынялі Рэзалюцыю да 39-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У ёй яны зьвярнуліся да ўладаў Беларусі з шэрагам патрабаваньняў, сярод якіх – спыніць і вывесьці з эксплуатацыі астравецкую АЭС як небясьпечную і непатрэбную; вызваліць экалягічных актывістаў і іншых палітычных заняволеных, у тым ліку ўдзельнікаў антыядзернага руху; аднавіць падтрымку навуковых дасьледаваньняў наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Падпісанты рэзалюцыі таксама зьвярнуліся да краін-удзельніц МАГАТЭ з прапановай перагледзець асноўныя прыярытэты дзейнасьці арганізацыі і паставіць на першае месца бясьпеку людзей, а не камэрцыйныя інтарэсы ўласьнікаў ці інтарэсы асобных дзяржаў.
Форум