Сьцісла:
- Так і не адбыўся двойчы анансаваны візыт Лукашэнкі ў Кітай. Сі Цзіньпін ня стаў зь ім сустракацца падчас наведваньня Масквы.
- Апошнім часам ідзе абмен візытамі з самымі праблемнымі, беднымі і ізаляванымі краінамі сьвету.
- Лукашэнка ганарыцца, што выратаваў Зымбабвэ ад голаду. Аднак праблемы з бульбай у Беларусі паказваюць, што беларускія ўлады ня здольныя належна забясьпечыць харчаваньнем уласную краіну.
- Стасункі Беларусі з краінамі Афрыкі даюць невялікі плён. На дзяржавы афрыканскага кантынэнту прыпадае каля 1% агульнага беларускага экспарту.
Апошнімі днямі Беларусь адзін за другім наведваюць лідэры замежных краін. Мінулым тыднем тут быў зь візытам прэзыдэнт Гвінэі-Бісаў Умару Сісоку Эмбало. 12 траўня прайшлі перамовы з генэральным сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Віетнаму То Ламам. Цяпер у беларускай сталіцы знаходзіцца прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагва. Звонку выглядае як нейкае паломніцтва. Так гэта і пада.ць дзяржаўныя мэдыя. Маўляў, глядзіце, якое актыўнае міжнароднае жыцьцё, «усе ў госьці прыплывуць сьцягі».
Аднак калі разабрацца і паглядзець на вонкавую палітыку больш уважліва, то ўсё выглядае ня так аптымістычна, хутчэй наадварот. Бо найперш узьнікае пытаньне пра міжнародную вагу партнэраў у перамовах і канкрэтныя дывідэнды і выгоды, якія можа атрымаць Беларусь ад гэтых кантактаў. І вось тут узьнікаюць вялікія пытаньні.
У адносінах з Захадам — поўны тупік. І хоць Менск спрабуе грукацца ў дзьверы Вашынгтону, але адтуль няма ніякага адказу.
Кіраўнік Кітаю правёў перамовы зь лідэрамі М’янмы, Кубы, Вэнэсуэлы, Сэрбіі. А Лукашэнку дэманстратыўна праігнараваў
У студзені Аляксандар Лукашэнка двойчы анансаваў свой візыт у Кітай. І нават упэўніваў, што гэта адбудзецца яшчэ да выбараў. Аднак нешта пайшло ня так. Ужо травень, а ні пра які візыт няма гаворкі. Лукашэнка і Сі Цзіньпін былі ў Маскве 8–9 траўня, сядзелі недалёка адзін ад другога, аднак нават кароткай сустрэчы не адбылося. Хоць кіраўнік Кітаю правёў там перамовы зь лідэрамі М’янмы, Кубы, Вэнэсуэлы, Сэрбіі. А Лукашэнку дэманстратыўна праігнараваў. Можна выказаць гіпотэзу, што Пэкін незадаволены нежаданьнем Менску вырашаць пытаньне транзыту празь беларуска-польскую мяжу.
Як вядома, кіраўніцтва Беларусі абвесьціла паварот у сваёй замежнай палітыцы ў бок краін Глябальнага Поўдня. Такая лінія выяўляецца і ў пашырэньні кантактаў у гэтым кірунку, і нават у рыторыцы. Вось у красавіку Лукашэнка ў віншаваньні прэзыдэнту Зымбабвэ з Днём Незалежнасьці назваў народ гэтай краіны «братнім». А міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў у нядаўнім інтэрвію заявіў, што ў Беларусі зь Віетнамам «блізкая культурная мэнтальнасьць».
То бок у народаў Польшчы, Літвы, зь якімі беларусы жылі шмат вякоў у адной дзяржаве, мэнтальнасьць далёкая, каштоўнасьці антаганістычныя, зь імі афіцыйны Менск рыхтуецца да вайны. А вось з народамі, геаграфічна і цывілізацыйна далёкімі, у беларусаў «блізкая культурная мэнтальнасьць», яны сталі братнімі. Нешта дзіўнае адбываецца зь беларускай замежнай палітыкай.
Нешта дзіўнае адбываецца зь беларускай замежнай палітыкай
Глядзіце, з кім адбываюцца кантакты, абмен візытамі апошнім часам. Гэта Паўночная Карэя, М’янма, Афганістан, Сырыя, Лібія. Што іх аб’ядноўвае? Гэта, скажам так, самыя складаныя, праблемныя, бедныя і ізаляваныя краіны сьвету.
Аднак вернемся да апошніх візытаў. Чамусьці ўлады Беларусі хаваюць лічбы ўзаемнага гандлю. Бо яны сьведчаць пра невялікую цікавасьць краін, лідэры якіх прыляцелі ў Менск, да Беларусі, брак значнага патэнцыялу для супрацы.
Вось у ходзе перамоваў з прэзыдэнтам Гвінэі-Бісаў дыпляматычна канстатавана, што «пахваліцца сур’ёзнымі лічбамі ўзаемнага гандлю нельга: яны даволі нестабільныя». У 2024 годзе таваразварот зводзіўся да экспарту беларускага соладу.
Больш цікавы выпадак — адносіны паміж Беларусьсю і Зымбабвэ. Апошнім часам беларускія дзяржаўныя мэдыя падаюць іх як узор дачыненьняў Менску з краінамі Афрыкі. Адбываецца актыўны абмен дэлегацыямі на розных узроўнях.
Цяперашні візыт у Беларусь прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы — трэці. Ён быў тут у 2015 (у статусе віцэ-прэзыдэнта) і ў 2019 гадах. Лукашэнка наведаў Зымбабвэ ў 2023 годзе. Аднак гэтыя кантакты не далі вялікага плёну. Гандаль Беларусі з Зымбабвэ апошнімі гадамі вагаўся ў межах $20–30 млн у год.
За адносіны Беларусі і Зымбабвэ адказваюць даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман і цяпер ужо і ягоны сын Сяргей. А таксама бізнэсовец Аляксандар Зінгман, ганаровы консул Зымбабвэ ў Беларусі. У 2022 г. у Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію Zim GoldFields, зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золата без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі. То бок двухбаковым адносінам спадарожнічае заўважны карупцыйны складнік.
Апошнім часам Лукашэнка любіць апавядаць, як у выніку паставак беларускай тэхнікі Зымбабвэ была выратаваная ад голаду. 8 траўня на цырымоніі адкрыцьця Міжнароднага выставачнага цэнтру ў Менску ён расказаў, што дзякуючы супрацы зь Беларусьсю Зымбабвэ ўдалося апошнімі гадамі вырасьціць і сабраць рэкордны ўраджай збожжавых, забясьпечыўшы ня толькі ўласныя патрэбы, але і пачаўшы экспартныя пастаўкі.
Тут варта зьвярнуць увагу на два моманты.
Доўгае дыктатарскае панаваньне вядзе краіну да вядомага фіналу
Па-першае, гістарычна ня так даўно гэтая краіна мела вялікія посьпехі ў вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак у выніку панаваньня дыктатара Робэрта Мугабэ, які кіраваў Зымбабвэ 37 гадоў, даволі заможная для Афрыкі дзяржава была дабітая да абуха. Што лішні раз пацьвярджае вядомую выснову: доўгае дыктатарскае панаваньне вядзе краіну да вядомага фіналу. У 2013 годзе Зымбабвэ ўваходзіла ў тройку найбяднейшых дзяржаваў сьвету. Гадавая інфляцыя ў 2008 годзе дасягнула неймаверных 500 мільярдаў працэнтаў! Цяпер сытуацыя трохі палепшылася, аднак цяжка гаварыць пра нейкія значныя пэрспэктывы супрацы з гэтай краінай.
Па-другое, падчас гэтага самага выступу, у якім Лукашэнка патасна апавядаў, як выратаваў брацкі народ Зымбабвэ ад голаду, ён вымушаны быў узгадаць, што ўлады Беларусі ня здольныя вырашыць праблему дэфіцыту бульбы ў Беларусі.
Дзьве цытаты Лукашэнкі. Гэта пра Зымбабвэ:
«Мы хочам ім даць тэхналёгіі й навучыць. Для іх сёньня галоўнае — накарміць народ. Мы можам гэта рабіць? Можам».
А гэта пра сытуацыю з бульбай у Беларусі:
«Давайце месяц яшчэ адмучаемся (каму там бульба не падабаецца?)… І потым я губэрнатараў паклічу і спытаю: хлопцы, я ж увосень вас папярэджваў, што трэба стварыць стабілізацыйныя фонды. Гэта значыць пакласьці ў запас, каб накарміць людзей… Трэба прывесьці сховішчы ў парадак, пакласьці колькі трэба самай лепшай у сьвеце бульбы, каб наш народ ніколі не цярпеў ад гэтага няшчасьця».
І паўстае пытаньне: як дзяржава, улады якой ня здольныя забясьпечыць харчаваньнем («каб накарміць людзей») на дастатковым узроўні сваё насельніцтва, можа дапамагчы ў вырашэньні такой праблемы іншым краінам?
Стасункі з краінамі Афрыкі даюць невялікі плён
Увогуле, усе гэтыя стасункі з краінамі Афрыкі даюць невялікі плён. На краіны афрыканскага кантынэнту прыпадае каля 1% агульнага экспарту Беларусі. І пра вялікія пэрспэктывы казаць не даводзіцца. Краіны там небагатыя, іх платаздольнасьць невялікая. Адным з асноўных тавараў, што пастаўлялі туды, быў калій. У 2020 годзе Беларусь экспартавала калійныя ўгнаеньні ў 27 дзяржаваў Афрыкі на агульную суму $123 млн. Цяпер экспарт гэтай прадукцыі ўскладняюць санкцыі, няпростая лягістыка — немагчыма выкарыстаць парты краін Балтыі, ёсьць праблемы з разьлікамі ў далярах і эўра.
Што тычыцца супрацоўніцтва з Віетнамам, тут пэрспэктывы значна лепшыя. Гэтая краіна бурліва разьвіваецца, рост віетнамскай эканомікі адзін з самых хуткіх у Азіі. Сярэднегадавы тэмп росту ВУП складае каля 6,5%. Гандлёвае абарачэньне паміж Беларусьсю і гэтай краінай за 2021 год (апошні, за які ёсьць статыстыка) склаў $200 млн. Лукашэнка наведаў Віетнам тройчы (у 1997, 2008 і 2015 гадах). Прэзыдэнты Віетнаму таксама тры разы прыяжджалі ў Беларусь. Падчас цяперашняга візыту генэральнага сакратара камуністычнай партыі Віетнаму бакі прынялі сумесную заяву аб завязаньні стратэгічнага партнэрства паміж дзьвюма краінамі. З 30 студзеня 2025 году паміж дзяржавамі дзейнічае бязьвізавы рэжым.
Аднак ці здольная Беларусь у сваім цяперашнім стане скарыстацца прывабным рынкам гэтай краіны? Пакуль няма адназначнага адказу.
Форум