Апошняя на гэты момант 10-я хваля памілаваньня (ня лічачы адзінкавыя выпадкі вызваленьня амэрыканскіх грамадзянаў, кшталту Юрася Зянковіча, Мікалая Шугаева) была даволі вялікай — 42 чалавекі. Звычайна памілаваных не называюць. Хіба што на дзяржаўных тэлеканалах пакажуць рэпартаж з парай-тройкай памілаваных, зьняты каля брамы калёніі, або Юры Васкрасенскі, які называе сябе асобай, набліжанай да ўлады, у прапагандысцкіх ток-шоў агучыць некалькі імёнаў. Што да апошняга памілаваньня — цішыня, імёны вызваленых пакуль не названыя.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка называе толькі агульную лічбу — 258 памілаваных у 2024–2025 гадах. Цяпер, паводле праваабаронцаў, 1176 чалавек несправядліва знаходзяцца ў турме. Але колькасьць палітвязьняў амаль не зьмяншаецца, бо толькі ў красавіку 2025 году праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 41 чалавека.
«Добра, што людзі выйшлі раней»
— Чаму быў доўгі перапынак у памілаваньнях пасьля 2024 году? Фактычна пасьля так званых прэзыдэнцікх выбараў нікога ня мілавалі…
— Ня ведаю. Магу выказваць толькі думку, што да канца студзеня, да выбараў (калі і спыніліся памілаваньні) у Лукашэнкі, магчыма, былі яшчэ спадзевы на інакшае разьвіцьцё сытуацыі ў замежнай палітыцы. Хоць я зь цяжкасьцю разумею, на чым гэтыя надзеі маглі грунтавацца. Бо ўжо была даволі жорсткая пазыцыя эўрапейскіх дзяржаваў і ЗША ў непрызнаньні вынікаў выбараў, якія праводзіліся ў студзені.
— Чаму такая таямніца вакол асобаў, якіх памілавалі? То прагаворыцца Васкрасенскі, то пакажуць у БТ, але ўлада стараецца маўчаць, каго канкрэтна памілавалі.
— Я магу толькі патлумачыць, чаму мы, праваабаронцы, не разгалошваем нават вядомыя нам імёны. Гэта зьвязана зь бясьпекай, бо адміністрацыя калёніяў настойліва і вельмі сур’ёзна папярэджвае ўсіх, каго вызваляе, каб яны не ўступалі ні ў якія кантакты з праваабарончымі й грамадзкімі структурамі. Чаму ўлады не агучваюць імёны? Думаю, улады падкрэсьліваюць гэтым сваю манаполію на ўсякага кшталту інфармацыю.
— Ці абавязковая ўмова памілаваньня — напісаньне прашэньня самім палітвязьнем?
— Тэарэтычна ўлада і сам Лукашэнка настойваюць на тым, што зьняволены павінен напісаць прашэньне аб памілаваньні. Але насамрэч гэта не абавязкова. У Крымінальным кодэксе запісана, што прэзыдэнт мае права памілаваць усякага асуджанага. І ранейшая практыка сьведчыць, што Лукашэнка даваў памілаваньне без усялякіх папярэдніх зваротаў асуджаных. Вядома, гэта не было шырока распаўсюджана, але такія выпадкі былі.
Я як юрыст у гэтым ня бачу парушэньняў. Так, ёсьць іншы парадак, які вызначае працэдуру зваротаў, збору рознага кшталту зьвестак пра абмежаваньні, цяжкасьць і характар злачынстваў, і ён мае права на існаваньне… Але паўтаруся: Крымінальны кодэкс, дакумэнт вышэйшай юрыдычный сілы, усяго гэтага не патрабуе. Алена Маўшук казала, што пісала прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, Юры Зянковіч сьцьвярджае, што нічога не пісаў.
— Часта мілуюць вязьняў, якім да канца тэрміну застаецца некалькі тыдняў, пара месяцаў. Гэтым улады робяць выгляд, якія яны, маўляў, добрыя?
— Я ня стаў бы абясцэньваць працэс памілаваньня. Кожны дзень, праведзены за кратамі, — пекла для людзей. Безумоўна, добра, што людзі выйшлі раней. Былі памілаваныя, вызваленыя зь вельмі цяжкім станам здароўя, якім сядзець яшчэ доўга, і гэтыя вызваленьні маюць вельмі вялікую каштоўнасьць. Улады наагул маглі ня выпусьціць іх па заканчэньні тэрміну, як гэта адбылося з больш чым паўсотняй людзей, асуджаных паводле 411 артыкулу КК (нібыта за злоснае непадпарадкаваньне).
Разам з тымі, каму заставалася даволі доўга сядзець, былі і людзі, якім заставалася адбыць некалькі тыдняў. Скажу нават больш: праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі памілаваныя не атрымалі свабоду, а ім было прызначана абмежаваньне свабоды без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).
Выезд з краіны як дэпартацыя
— Суджанасьць у памілаваных, як правіла, не здымаецца: калі быў сур’ёзны тэрмін (ад 6 да 12 гадоў) — 5 гадоў, паводле «народнага» артыкулу 342 — 2 гады. Плюс татальны кантроль і процьма абмежаваньняў (нельга займацца пэдагагічнай, выдавецкай дзейнасьцю). Памілаваныя рахунак у банку адкрыць ня могуць ці SIM-карту купіць. Гэта нармальна? Ці не азначае гэта, што ўлады проста выпіхваюць людзей за межы Беларусі?
— Так, праваабаронцы падкрэсьліваюць, што многія вызваленыя і праз памілаваньне, і па поўным адбыцьці тэрміну кажуць, што яны знаходзяцца пад татальным кантролем, ціскам. Такі ціск можна расцэньваць як перасьлед з палітычных матываў.
Для некаторых выезд з краіны быў умовай памілаваньня, а гэта дэ-факта — дэпартацыя, што таксама злачынства. Для многіх татальны кантроль і процьма абмежаваньняў сталі прычынай таго, што людзі вымушаныя зьехаць за мяжу. Часта зь вялікімі цяжкасьцямі. Некаторым, наадварот, чыняць усялякія перашкоды, каб яны не маглі выехаць з краіны.
Хоць усё гэта, магчыма, мае на мэце прымусіць чалавека выяжджаць нелегальна, каб ён у бліжэйшы час ня мог вярнуцца ў Беларусь.
— Што да знакавых асобаў — праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, палітыкаў — чаму яны не трапляюць у сьпіс памілаваных?
— Устрымаюся ад камэнтару. Не магу меркаваць. Так, мы бачым, што сярод памілаваных шмат малавядомых асобаў. Але ёсьць і мэдыйныя асобы — той жа Рыгор Кастусёў, кіраўнік партыі БНФ.
— На вашу думку, ці працягнецца чарада памілаваньняў?
— Прагнозаў не магу даваць — мы таксама чакаем вызваленьня нашых калег. На жаль, ніхто з праваабаронцаў праз памілаваньне ня быў вызвалены.
Маштаб кантролю
Алена (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) была асуджаная на два гады калёніі паводое артыкулу 130 КК — за «распальваньне сацыяльнай варожасьці», суд праходзіў у закрытым рэжыме. Яна трапіла ў «сярэднюю» хвалю памілаваньня — адбыўшы тры чвэрці тэрміну, у верасьні 2024 году выйшла на свабоду.
Алена ўзгадвае, што летась у чэрвені да некаторых жанчын у калёніі зьвярталіся прыежджыя людзі, якія не працавалі ў калёніі.
«Са мной у адным атрадзе была Даша Лосік, якая з намі не кантактавала. Неяк яе „тузанулі“ з фабрыкі ў абед, і яна нібыта падпісала нейкія дакумэнты. Сумнавядомы супрацоўнік ПК-4 Зюзін паведаміў, што, маўляў, калі ён будзе ў белай кашулі, тады будуць некаторых выпускаць. Натуральна, мы падумалі, што гэта нейкая лухта. Аднак 3 ліпеня ён быў у белай кашулі (бо было сьвята — Дзень незалежнасьці), і Дашу выпусьцілі. Што тычыцца астатніх хваляў, усё было дастаткова нечакана», — узгадвае Алена.
Пазьней зноў прыяжджалі людзі са сталіцы і выклікалі жанчын на размовы. У залежнасьці ад адказаў вязьняў вырашалі, хто падпадае пад памілаваньне, а хто не, тлумачыць Алена.
«Некаторыя дзяўчаты катэгарычна адмаўляліся, бо ім засталося сядзець пару месяцаў з чатырох гадоў, і гэта быў як плявок. Памятаю, адна дзяўчына, якую выклікалі ў першых шэрагах, адчувала нейкі сорам. Мы яе падтрымалі: маўляў, „твая задача — захаваць здароўе, захаваць сваю „кукушачку“ і выйсьці на волю», — кажа суразмоўца.
Апыталі чалавек 50, сьведчыць Алена, але зь іх адабралі прыкладна 25. Зь імі кантактавалі менавіта прыежджыя, запоўнілі нейкія паперы і зьвезьлі з сабой. Кіраўніцтва калёніі нават ня ведала, што гэта было. З гэтых пяцідзесяці вызвалілі палову ў тры хвалі, у жніўні і верасьні.
«Я ведаю ад правераных крыніц, якія выйшлі на волю, што перад Новым годам зноў прыяжджаў „дэсант“ са сталіцы, дзяўчат апытвалі, і я мяркую, што гэта былі тыя 18 чалавек з жаночай калёніі, якіх памілавалі літаральна днямі», — мяркуе Алена.
Малавядомыя і непублічныя
Што ж да вядомых асобаў — журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, палітыкаў — іх нават не выклікаюць на такія размовы, кажа былая палітзьняволеная.
«Такое адчуваньне, што выбіраюць такіх „no names“ — малавядомых, непублічных. Я была ў адным атрадзе са „знакавымі“ палітзьняволенымі і пачувалася перад імі няёмка. Бо мяне ўключылі ў сьпіс, а ім нават не прапануюць. Я ня ведаю, якім чынам за палітвязьняў змагаюцца звонку, але людзей, якія адбываюць кару нізавошта, трэба любымі шляхамі і мэтадамі вызваляць: там сапраўднае пекла!» — заклікае Алена.
Жанчына выйшла праз памілаваньне ў верасьні 2024-га — ёй заставалася паўгода да канца тэрміну. У даведцы пазначана, што яна вызваленая толькі ад асноўнага пакараньня.
«То бок мая суджанасьць не пагашана, цягам двух гадоў я павінна быць пад „жэстачайшым“ кантролем (гэта нават не нагляд, а сур’ёзная перашкода для нармальнага жыцьця). У адрозьненьне ад забойцаў і наркаманаў, я мусіла адзначацца ня раз у квартал ці раз на месяц, як яны, а кожны тыдзень. А калі я аформіла так званую „самазанятасьць“, трэба было яшчэ штотыдзень адзначацца ў апорным пункце. То бо двойчы на тыдзень хадзіць у міліцыю», — тлумачыць памілаваная.
Тэрарыстка без аўтамата і барады
Алена таксама расказвае, што пасьля вызваленьня фактычна атрымала забарону на прафэсійную дзейнасьць. Раней яна працавала выкладчыцай. У дадатак уся маёмасьць Алены, банкаўскія рахункі і карты былі арыштаваныя і заблякаваныя, разблякаваць іх жанчына не змагла.
«Бо я засталася тэрарысткай — хоць без аўтамата і без барады! Мяркую, дзяржава ўсё прадпрыняла, каб вышчаміць мяне з краіны. Мяне кантралявалі праз тэлефон — на гэта сілавікам не патрэбныя ніякія дазволы. Акрамя міліцыянтаў, дадому прыходзілі супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіКу, выклікалі да сябе, спрабавалі „шыць“ адміністрацыйную справу…
Мне дэманстравалі, як праз SIM-карты кантралююць перамяшчэньне патэнцыйна небясьпечных людзей. Пагражалі, што калі я не згаджуся на супрацу, то паеду ўжо „на Рэчыцу“ — у самую жорсткую жаночую турму № 24», — узгадвае свае два месяцы пасьля вызваленьня Алена.
Яна дадае, што ўладкавацца на працу, што абавязкова для памілаваных, вельмі цяжка. Людзям з вышэйшай адукацый, высокай кваліфікацыяй прапануюць у лепшым выпадку працаваць дворнікамі ці прыбіральніцамі. Калі Алена паведаміла, што будзе афармляцца «самазанятай», кансультаваць людзей адпаведна сваёй спэцыяльнасьці, яе выклікалі ў КДБ.
«Маўляў, я абяцала стаць на шлях выпраўленьня, але нічога не раблю. Такое ўражаньне, што адно ведамства ня ведае, што робіць іншае. У КДБ мне казалі, што ў мяне няма абмежаваньняў. Але ў сьпісе „тэрарыстаў“ я засталася. У натарыюса я не магла аформіць даверанасьць, не магла зрабіць страхоўку. Сілавікі мне раілі, каб SIM-карту я аформіла на сваякоў ці сяброў. Я адказала, што ў калёніі бачыла такіх, якія „заехалі“ за „спрыяньне экстрэмістам“.
Я падазравала, што будзе несалодка, але маштаб кантролю мяне вельмі ўразіў — я была раздушана псыхалягічна. Вельмі рада, што даволі хутка прыняла рашэньне зьехаць. Эвакуацыя была складаная, але дзякуй велічэзны фонду BySol за дапамогу», — кажа памілаваная Алена, якая пачынае ўладкоўваць новае жыцьцё ў чужой краіне.
Форум