Затрыманьні студэнтаў БНТУ
На дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў анонс новага «расьсьледаваньня» журналістаў каналу пра спробы ўкраінскіх спэцслужбаў завэрбаваць беларускіх падлеткаў для зьдзяйсьненьня выбухаў на тэрыторыі Беларусі.
У відэапрадмове ёсьць кадры з сама меней чатырох допытаў юнакоў. Анансаванае прапагандыстамі відэа называецца «Дети на прицеле».
У сваім матэрыяле прапагандысты гавораць пра ўдзел у плянаваньні апэрацый украінскімі арганізацыямі «Червона жаба» і «Чорні солов’ї».
Аблава ў Лідзе
Як мінімум 5 затрыманьняў адбыліся ў пятніцу, 26 красавіка, у Лідзе. Пра гэта стала вядома з каналаў, зьвязаных зь сілавікамі.
Усе затрыманыя — мужчыны. Па аднаго зь іх сілавікі ў балаклавах з падразьдзелу спэцназу «Тайфун» нават прыехалі на працу, іншых затрымалі на вуліцы. Затрыманьні адбыліся за так званы «экстрэмізм», але што менавіта стала прычынай аблавы, не гаворыцца.
У Баранавічах затрымалі былога палітвязьня
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра масавыя затрыманьні ў Баранавічах — мінімум 5 чалавек абвінавачваюць ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту. Усім затрыманым пагражаюць арт. 342 КК («Удзел у дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак або заклікі да такіх дзеяньняў»).
Выданьне «Медиазона» даведалася, што сярод затрыманых былы палітвязень Пятро Зіневіч. Раней яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за допіс пра міліцыянта.
У студзені 2023 году мужчына цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
На відэа, запісаным сілавікамі, затрыманыя людзі гавораць, што нібыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту 9 жніўня. Імёны астатніх затрыманых не паведамляюцца. Такія відэазапісы сілавікі звычайна здабываюць фізычным або маральным гвалтам.
У Беларусі затрымалі мужчыну, які ў TikTok апублікаваў кадры разьбітай дарогі — яго прымусілі прасіць прабачэньня на камэру
У віну беларусу паставілі тое, што яго відэа трапіла ў незалежныя СМІ, паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што трэба не выкладаць такія відэа з разьбітымі дарогамі, а зьвяртацца ў дзяржорганы.
Асудзілі яшчэ двух фігурантаў «карагоднай справы» ў Берасьці
23, 24 і 26 красавіка суд Берасьцейскага раёну разгледзеў крымінальную справу супраць Ксеніі Турубчук і Дзьмітрыя Мірашнічэнкі. Справу разглядала судзьдзя Алена Круковіч, паведамляе «Вясна».
Іх абодвух асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняй хіміі»).
Вядома, што іх судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, якая праходзіла 13 верасьня 2020 года ў Берасьці.
Такім чынам, на сёньня вядома ўжо пра 137 чалавек, каго асудзілі па «карагоднай справе» паводле крымінальнага артыкула, калі 13 верасьня 2020 года людзі ў Берасьці прайшліся маршам па горадзе, спыніліся на праезнай частцы на скрыжаваньні бульвараў і праспекту Машэрава, стаялі там і сьпявалі песьні, частка вадзіла карагод. Сілавікі разагналі акцыю, упершыню ў гісторыі Берасьця ўжыўшы для гэтых мэтаў вадамёт.
Форум