Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кватэру Цапкалаў паўторна выставілі на аўкцыён


Вераніка і Валер Цапкалы, фота 2020 году
Вераніка і Валер Цапкалы, фота 2020 году

Кватэру, якая належыць сямейнай пары палітыкаў, у першы раз не прадалі.

Кватэру, аформленую на былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Валера Цапкалу, паўторна выставілі на аўкцыён.

Трохпакаёвая кватэра з машына-месцам на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску прадаецца на электроннай пляцоўцы «БелЮрЗабесьпячэньня».

Пачатковую цану нерухомасьці зьнізілі больш як на 71 тысячу рублёў. Цяпер яна складае 286,7 тыс. рублёў. Аўкцыён пройдзе ў пачатку красавіка.

Зь першага разу кватэру сям'і Цапкалаў прадаць ня здолелі: на аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі і таргі скасавалі.

Жонка Валера Цапкалы Вераніка, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе ў пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.

Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы

Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі выявілася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.

6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG