Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрэс шыфраваньне й намёкі». Расказваем пра сакрэтны артэфакт 1773 году, які зьявіўся ў «Музэі Вольнай Беларусі»


Ліст 1773 году з Берасьця, набыты Музэем Вольнай Беларусі ў Польшчы
Ліст 1773 году з Берасьця, набыты Музэем Вольнай Беларусі ў Польшчы

Фонд «Музэю Вольнай Беларусі» ў Варшаве папоўніўся нехарактэрным для яго экспанатам — сакрэтным лістом, напісаным у 1773 годзе берасьцейскім ваяводам Янам Антоніем Гараінам, які абараняў незалежнасьць Рэчы Паспалітай ад Расейскай імпэрыі.

«Музэй Вольнай Беларусі» заснаваны ў Варшаве ў ліпені 2022 году. Ствараўся для збору, захаваньня, вывучэньня, папулярызацыі гісторыка-культурных фэномэнаў і артэфактаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларускага народу за дэмакратычныя каштоўнасьці. Усе экспанаты былі зьвязаныя з пратэстамі 2020 года. Але днямі ў музэі зьявіўся артэфакт, датаваны 1773 годам.

Дырэктарка музэю Натальля Задзяркоўская патлумачыла, што яны вырашылі не абмяжоўвацца 2020 годам — рэпрэсіямі, рэчамі з турмаў, лістамі палітвязьняў — а паступова пераўтварацца ў клясычны музэй.

Дырэктарка Музэя Вольнай Беларусі ў Варшаве Натальля Задзяркоўская
Дырэктарка Музэя Вольнай Беларусі ў Варшаве Натальля Задзяркоўская

Беларускія гісторыкі, зь якімі супрацоўнічае музэй, пастаянна адсочваюць, што выстаўляецца на інтэрнэт-аўкцыёнах у Польшчы, бо нямала артэфактаў, якія трапляюць на аўкцыённыя палічкі, могуць мець дачыненьне да гісторыі Беларусі.

Часам там зьяўляюцца арыгінальныя дакумэнты, якімі мог бы зацікавіцца і Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусі: лісты, граматы, прывілеі ХVI–XVII стагодзьдзяў. Часьцяком такія дакумэнты трапляюць на антыкварны рынак з прыватных архіваў шляхотных асобаў. У Беларусі цяжка ўявіць, што ў прыватных архівах могуць захоўвацца дакумэнты 300-гадовай даўніны, а ў Польшчы гэта зьява распаўсюджаная, тлумачыць гісторык, які супрацоўнічае з музэем і пагадзіўся паразмаўляць з Свабодай на ўмовах ананімнасьці.

Дарагая кніга Мікалая Крыштафа Радзівіла

Нядаўна на адным з польскіх аўкцыёнаў дасьледнікі знайшлі некалькі лотаў, зьвязаных зь беларускай гісторыяй і культурай. Там былі і «тыражныя» рэчы, якія выпускаліся вялікімі накладамі (напрыклад, кнігі).

«На аўкцыён была выстаўлена кніга, на якую мы ня сталі нават „замахвацца“ — настолькі яна дарагая: „Пэрэгрынацыя ў Сьвятую Зямлю“ Мікалая Крыштафа Радзівіла. Гэта ўспаміны пра падарожжа ў Палестыну. Кніга каштоўная, цікавая, але мы не пацягнулі б такую куплю. Здаецца, усё ж яна трапіла ў рукі беларусаў.

Артэфакт 1773 году, набыты супрацоўнікамі Музэю Вольнай Беларусі
Артэфакт 1773 году, набыты супрацоўнікамі Музэю Вольнай Беларусі

Яшчэ бачылі партрэты Касьцюшкі, выявы добраахвотнікаў — удзельнікаў паўстаньня Каліноўскага, надрукаваныя ў францускай прэсе таго часу (гэта таксама „тыражныя“ рэчы). Была выпіска з актавых кніг Слонімскага магістрату, але яна другасная, зробленая з арыгіналу», — гісторык пералічвае, што цікавага бачыў на польскіх аўкцыёнах.

«На тэрыторыі Беларусі яшчэ заставаліся патрыёты»

Нарэшце адмыслоўцы зьвярнулі ўвагу на ліст, напісаны 17 ліпеня 1773 году ўдзельнікам Барскай канфэдэрацыі, дзеячом Вялікага Княства Літоўскага Янам Антоніем Гараінам, які ў той час быў берасьцейскім ваяводам.

Ліст напісаны ва ўмовах жорсткага палітычнага супрацьстаяньня ў Рэчы Паспалітай пасьля першага яе падзелу, калі ішла зацятая барацьба паміж рознымі палітычнымі групоўкамі, падтрыманымі Расеяй, Прусіяй, Аўстрыяй.

«У Рэчы Паспалітай у той час было поўна расейскіх шпіёнаў, расейскіх і прускіх войскаў. Дзяржава стала „прахадным дваром“. Пра Рэч Паспалітую казалі: „Калі ты ня маеш сваёй арміі, будзеш карміць арміі іншых дзяржаваў“. У гэты час на тэрыторыі Беларусі, на тэрыторыі Рэчы Паспалітай заставаліся яшчэ патрыёты, якія горача імкнуліся захаваць гэтую дзяржаву. Адным з такіх патрыётаў быў Ян Антоні Гараін», — заўважае гісторык.

Гараін удзельнічаў у канфэдэрацыях (палітычных згуртаваньнях) супраць каралёў — Аўгуста ІІ Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён быў удзельнікам Барскай канфэдэрацыі.

«А сама Барская канфэдэрацыя — гэта ўзброенае супрацьстаяньне волі караля, які ішоў на повадзе Расеі і схіляўся да падзелу Рэчы Паспалітай. Барская канфэдэрацыя імкнулася не дазволіць гэтага. І чалавек, які са зброяй у руках абараняў цэласнасьць сваёй дзяржавы, быў яе патрыётам.

Гэта ў пэўным сэнсе перагукаецца з сучаснымі выклікамі для Беларусі, з тым, што зараз адбываецца ў сьвеце. Гэта нам вельмі пасуе, бо наша тэматыка — дэманстрацыя барацьбы беларусаў за сваю незалежнасьць, за сваю годнасьць, за правы чалавека, за свае нацыянальныя інтарэсы», — заўважае гісторык.

Артэфакт 1773 году з Берасьця, набыты супрацоўнкіамі Музэю Вольнай Беларусі
Артэфакт 1773 году з Берасьця, набыты супрацоўнкіамі Музэю Вольнай Беларусі

Спрэс шыфраваньне й намёкі

Аўтар ліста выкарыстаў захады засьцярогі, шмат чаго зашыфраваў з увагі на тое, што ўся карэспандэнцыя ў той час люстравалася, праходзіла цэнзуру, мяркуе суразмоўца.

«Дасьледнікі аўкцыённага дому, якія працавалі з дакумэнтам, прыйшлі да наступных высноваў. Па-першае, ліст пісаўся таемна. Ён насычаны намёкамі і паўнамёкамі. Незразумела, каму канкрэтна гэты ліст адрасаваўся, на канвэрце пазначана імя „Grycen“ (але такі чалавек не фігуруе ў сьпісах жыхароў гораду, у сьпісах вядомых дзеячоў).

Аўтар ліста зашыфраваў і сваё імя — унізе можна пабачыць „J Niaroh“ — калі прачытаць ззаду наперад, атрымліваецца „Гораін“. Яшчэ ёсьць „прывітаньне“ расейскаму амбасадару ў Рэчы Паспалітай Штакельбэргу. Падобна, аўтар імкнуўся такім чынам засьцерагчы ліст ад пільнага чытаньня: маўляў, ён мае адносіны да расейскай улады. А можа, гэта іронія: маўляў, „я ўсё адно ведаю, што ты мяне чытаеш!“ — мяркуе гісторык.

Дасьледнікі таксама адзначаюць, што звычайна чырвоная сургучная пячатка штампавалася асабістым пярсьцёнкам-сыгнэтам, каб было зразумела, хто аўтар. Дык вось гэты ліст быў запячатаны без адбітку сыгнэту — для ананімнасьці.

Зборы Музэю Вольнай Беларусі
Зборы Музэю Вольнай Беларусі

У лісьце ідзецца пра палітычныя падзеі тых часоў. Гараін апавядае, што нядаўна быў на сустрэчы, дзе прысутнічалі два іншыя ваяводы, а таксама прадстаўнікі княскага роду (магчыма, меліся на ўвазе Радзівілы). Ён узгадвае свайго пляменьніка Яна Непамуцэна, які пазьней стане ўдзельнікам паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Ваявода напісаў пра яго не зусім зразумелую фразу: „у яго вялікія здольнасьці і праз гэта ён мала што робіць“. Падобна, тут Гараін штосьці зашыфраваў, мяркуе гісторык.

„Ёсьць некалькі фразаў пра тое, што на самога Гараіна ідзе ціск, каб ён штосьці падпісаў. Магчыма, згоду ўзаконіць падзел Рэчы Паспалітай. Гараін піша, што ні на што такое ня пойдзе. Можна прыйсьці да высновы, што гэта пасланьне палітычнага характару. Для адмыслоўцаў, дасьледнікаў той эпохі гэты ліст — цікавы дакумэнт. Можа, дасьледнікі расшыфруюць пасланьні, якія ўклаў у паведамленьне сам Ян Антоні Гараін“, — спадзяецца гісторык.

Набыць на аўкцыёне гэты артэфакт стала магчымым дзякуючы падтрымцы „Музэю Вольнай Беларусі“ амбасадай Каралеўства Нідэрляндаў ў Варшаве.

Аўтапартрэт Алеся Пушкіна, паштоўка ад Віктара Бабарыкі

У музэі зараз больш за 200 экспанатаў. З апошніх — найбольшы ў Эўропе бел-чырвона-белы сьцяг даўжынёй каля 300 мэтраў, які на Дзень Волі 25 сакавіка 2025 году пранесьлі вуліцамі Варшавы.

Ёсьць сьцяг з імёнамі беларускіх палітычных вязьняў. Аўтарка канцэпцыі і выканаўца — журналістка Марыя Грыц. Шырыня палатна паўтара мэтра, даўжыня — каля 6 мэтраў. На сьцяг нанесеныя імёны больш за 2500 чалавек, якіх прызнавалі палітвязьнямі. Імёны дадаюцца.

Аўтапартрэт Алеся Пушкіна, намаляваны ім у зьняволеньні, зборы Музэя Вольнай Беларусі
Аўтапартрэт Алеся Пушкіна, намаляваны ім у зьняволеньні, зборы Музэя Вольнай Беларусі

У экспазыцыі выстаўленыя турэмныя робы палітычных зьняволеных з жоўтымі біркамі, ружовыя сукенкі ў кветачкі, у якія апранаюць жанчын ў гомельскай калёніі № 4, асабістыя рэчы вязьняў, лісты, паштоўкі, малюнкі.

Ёсьць паштоўка, падпісаная кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам, асуджаным на 14 гадоў турмы. А таксама ліст ад мастака Алеся Пушкіна, закатаванага ў горадзенскай турме № 1 у ліпені 2023 году. На ім мастак намаляваў алоўкамі аўтапартрэт.

Падпісаная Віктарам Бабарыкам паштоўка. Зборы Музэю Вольнай Беларусі
Падпісаная Віктарам Бабарыкам паштоўка. Зборы Музэю Вольнай Беларусі

Шмат сваіх рэчаў і малюнкаў з магілёўскай папраўчай калёніі № 15 нядаўна перадаў у „Музэй Вольнай Беларусі“ былы палітвязень, журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

Міністэрства культуры Польшчы падтрымала сёлета два праекты музэю — стварэньне віртуальнай экспазыцыі на агульнадаступнай плятформе і аблічбваваньне 200 музэйных экспанатаў, расказала дырэктарка „Музэю Вольнай Беларусі“ Натальля Задзяркоўская.

У бліжэйшых плянах — сустрэча 8 красавіка зь пісьменьнікам Альгердам Бахарэвічам і паэткай Юліяй Цімафеевай, Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, Ноч музэяў 17 траўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG