Як стала вядома Белсату ад крыніцаў, зьвязаных з прадпрыемствам, Завод ліцьця і нармаляў (ЗЛіН), які ўваходзіць у склад аб’яднаньня, быў вымушаны ўзяць крэдыт у банку, каб выплаціць заробкі працаўнікам у пачатку 2025 году.
«Прадпрыемства ўжо доўга працуе з стратамі, заробкі рэгулярна скарачаюцца, што прыводзіць да масавага звальненьня кваліфікаваных кадраў. Праз дэфіцыт спэцыялістаў кіраўніцтва вымушанае накіроўваць супрацоўнікаў з адных падразьдзелаў у іншыя, нярэдка нават не паводле профілю іхнай асноўнай дзейнасьці. Гэта адмоўна ўплывае на агульную якасьць вырабленай прадукцыі», — піша выданьне.
Прадпрыемства значна залежыць ад рынку Расеі, куды пастаўляе каля 80 % сваёй прадукцыі. Аднак расейскія экспэрты прагназуюць у 2025 годзе далейшае зьніжэньне попыту на сельгастэхніку на 10–15 %. Сёлета ў студзені продажы сельгастэхнікі ў Расею скараціліся на 31,5 %, асабліва сурʼёзна зьменшыліся пастаўкі самаходных кормаўборачных камбайнаў (на 55,6 %) і зернеўборачных камбайнаў (на 51,5 %).
Да падтрыманай уладамі Беларусі расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, «Гомсельмаш» актыўна працаваў на ўкраінскім рынку, меў сваіх дылераў і сетку абслугоўваньня. Частка беларускіх камбайнаў на рынку суседняй краіны складала 20 %.
У траўні 2023 году Ўкраіна ўвяла супраць ААТ «Гомсельмаш» санкцыі на 10 гадоў.
Якія вакансіі прапануюць на «Гомсельмашы»
На афіцыйным сайце ААТ «Гомсельмаш» апублікаваны пералік спэцыялістаў, якіх запрашаюць на вольныя вакансіі.
У пераліку 49 пазыцый. Прадпрыемства запрашае кіроўцаў, трактарыстаў, грузчыкаў, рабочых, токараў, электразваршчыкаў, наладчыкаў станкоў і аўтаматычных ліній, маляроў, сьлесараў, машыністаў кранаў і іншых. Агульную колькасьць вольных вакансій не называюць.
Найбольшы заробак — ад 2 655 да 3 720 рублёў — прапануюць электразваршчыкам на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, найменшы — ад 740 рублёў — прыбіральніку памяшканьняў (санвузлоў).
Апроч таго, прадпрыемства заклікала сёлетніх выпускнікоў заключаць з «Гомсельмашам» мэтавыя дагаворы на атрыманьне адукацыі.
«Мэтавы дагавор прадугледжвае гарантаванае праходжаньне вытворчай практыкі і далейшае працаўладкаваньне на ААТ „Гомсельмаш“ пасьля завяршэньня навучаньня ва ўстанове адукацыі», — адзначылі на прадпрыемстве.
Апроч таго, на прадпрыемстве нагадалі, што прыём абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ажыцьцяўляецца па асобным конкурсе тых выпускнікоў школ, якія прадстаўляюць падпісаны мэтавы дагавор.
Форум