Польскае радыё з спасылкай на літоўскія СМІ адзначае, што Расея па-ранейшаму спрабуе гасіць сыгнал GPS. Гэта ўплывае на бясьпеку палётаў у рэгіёне.
Паводле афіцыйных зьвестак літоўскай аэранавігацыйнай кампаніі, у сакавіку пілёты паведамлялі пра збоі ў працы прылад спадарожнікавай навігацыі больш за трыста разоў. У лютым такіх паведамленьняў было на паўсотні больш.
Падобныя збоі фіксуюцца таксама ў Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Нарвэгіі.
Паводле Ўпраўленьня рэгуляваньня сувязі Літвы, збоі ўзьнікаюць наўмысна і ідуць з тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці.
«Яны рэгіструюцца ўвесь час і ў асноўным тычацца ўсіх самалётаў, якія пралятаюць паблізу Калінінградзкай вобласьці або над Балтыйскім морам», — кажуць прадстаўнікі ўпраўленьня.
У канцы лютага дарадца прэзыдэнта Літвы Марыюс Чэснулявічус заявіў, што такім чынам расейцы, хутчэй за ўсё, спрабуюць засьцерагчы сябе ад атакаў з боку Украіны і згаданая дзейнасьць не накіраваная канкрэтна супраць Літвы.
Форум